«Занимаюсь тем, что умею и люблю». В музее народной славы работает выставка ушачского художника Михаила Богдановича

Общество

Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч адкрыццё выставы прымеркаваў да свайго 75-годдзя. Яна заняла не толькі два ярусы сцен ўсёй выставачнай залы музея народнай славы, але і некалькі стэндаў, хаця іх магло быць намнога больш, паколькі дома засталася вялікая частка этыкетак ад запалкавых карабкоў, як і рэчаў бацькі-франтавіка. Ды і толькі з дзясятак плакатаў перамясцілася з запаснікаў музея… Усё сваё жыццё, на рабоце і ў вольны час былы дырэктар Дома рамёстваў і афарміцель РДК трымаў у руках пэндзаль, пяро, аловак. Займаўся тым, што любіць і што ўмее лепш за ўсё.

Напярэдадні выставы ў кватэры Багдановічаў не было вольнага месца – са спецыяльнай шафы дасталі і рыхтавалі ўсе 40 палотнаў. А менавіта гэтай “двушцы” па Дзяржынскага мы абавязаны тым, што Міхаіл Аляксандравіч завецца ўшачанінам. Ён ажаніўся яшчэ студэнтам на супрацоўніцы Ушацкага музея, і жыллё для маладой сям’і адыгрывала важную ролю. М.Багдановіч трэцім размяркоўваўся па заканчэнні мастацка-графічнага факультэта, але ў Мінску не маглі прапанаваць “квадратаў”. Пазней прыйшоў запыт з роднай альма-матар на пасаду выкладчыка, і калі звярнуўся за характарыстыкай, старшыня Ушацкага райвыканкама І.Цараў не захацеў губляць цэнныя кадры і прапанаваў маладому спецыялісту кватэру ў новым доме.

На той час Міхаіл Аляксандравіч быў адзіным у раёне настаўнікам чарчэння і малявання з вышэйшай адукацыяй. Выкладаў спачатку ў Ленінскай (Сарочына), а потым Ушацкай школах. А калі адкрылася мастацкая майстэрня, узначаліў яе. І не шкадуе, што не жыве ў вялікіх гарадах. У наш азёрны раён, як і ў Галіну Васільеўну, ён закахаўся яшчэ падчас студэнцкай практыкі – афармлялі галерэю другога па ліку памяшкання музея.

Заўзяты рыбак атрымлівае ад вадаёмаў двайное задавальненне. Сядзіць ля іх не толькі з вудай, але і з мальбертам – абавязкова спачатку робіць алоўкавыя замалёўкі. Вось і адно з любімых азёраў Вялікі Гарадзец сярод карцін – у зімовым убранні. У апошні час мастак зноў вяртаецца да графікі, хоць назваць работы двухкаляровымі нельга – каб перадаць ўсе адценні, выкарыстоўвае вялікі дыяпазон алоўкаў па мяккасці.

Партрэты нашых знакамітых землякоў напісаны вуглём, і хоць неаднойчы пабывалі на “Славянцы”, не пасыпаліся – замацаваны лакам для валасоў. Пра розныя тэхнічныя прыёмы мастак дзяліўся перад выхаванцамі школы мастацтваў і на сустрэчы, якая крыху раней адбылася ў раённай бібліятэцы. Расказваў і як вывесці “плямы” з акварэльных работ. Дарэчы, гэта яго любімая тэхніка і ў ёй выкананы практычна ўсе вясенне-зімовыя пейзажы. На іх нашы, ушацкія краявіды, і ўсё настолькі рэальнае, што ўздымае ў душы перажытыя пачуцці.
“Вялікі вам дзякуй за “Святло ў акенцы”. Не магла адарвацца. Убачыла свой бацькоўскі дом, плот, прыгадала, як вось так жа зімой ішла з чыгункі і мяне чакала мама”, – са слязамі на вачах да аўтара падышла Ніна Казачонак. Наогул, гледачы падоўгу стаялі ля кожнай карціны, а многія і здымалі на відэа ўсю экспазіцыю. Цікава, што тут не было ніводнага палатна з прыватных калекцый. Міхаіл Аляксандравіч, канечне, пісаў іх на продаж, але пераважна тэматычныя, для паляўнічых. А вось з лірычнымі работамі расстацца не можа, бо больш ніколі не паўторыць таго адцення і настрою. За “Подых вясны” яму прапаноўвалі валюту. Хоць і нямнога зарабляў – не прадаў. Тым больш што атрымаў за яе “дзесяцібальную” адзнаку ад доктара мастацтвазнаўства прафесара Уладзіміра Рынкевіча. Акварэлі яны вучыліся ў аднаго майстра старой віцебскай школы Фелікса Гуміна.

Сваім жа лепшым узорам сам мастак называе ўнучку Мілану – павіншаваць Міхаіла Аляксандравіча са знакавай падзеяй прыйшлі амаль усе яго родныя. Не прысутнічаў толькі ўнук Арцём – сын рана памерлай дачкі Святланы, з-за якога сям’я і жыла пэўны час у Лепелі. Зараз выпускнік БДУІРа – вайсковец ІТ-роты і вялікі гонар дзеда. Родныя вельмі многа значаць для М.Багдановіча, вельмі даражыць памяццю бацькі – удзельніка фінскай і Вялікай Айчыннай вайны, якому ён і абавязаны сваім талентам.

Аляксандр Аляксеевіч хоць скончыў толькі мастацкі тэхнікум, аднак падрыхтоўка была настолькі моцнай, што за парадамі звярталіся і калегі “з вышкай”. З шостага класа ён прыцягваў на дапамогу сына – разам малявалі да ўрокаў у Бешанковіцкай школе, дзе і працавалі бацькі, розны наглядны матэрыял. Бывала, што і за сынавы работы атрымліваў аплату, ну а з 8 па 10 клас Міхаіл зарабляў свае ўласныя 27 рублёў у месяц і меў свабодны ўваход на ўсе кінафільмы – уладкаваўся на палову стаўкі афарміцелем у кінатэатр. Менавіта выдатнае валоданне шрыфтамі вылучыла яго ўжо на першым курсе – даручылі разам з чацвёртакурснікамі афармляць стэндавую работу, прысвечаную 100-годдзю Леніна. Як лепшы студэнт і актыўны будатрадавец на Першым беларускім злёце студэнтаў ён атрымаў Грамату Вярхоўнага Савета БССР.

Прадстаўляючы на выставе майстра, С.К.Турло прыгадала і пра ўдзел у агітбрыгадзе “Трубачы”, для якой Міхаіл Аляксандравіч таксама пісаў плакаты, і “агіткі” аб здачы прадукцыі, і ігру на гітары на сцэне РДК разам з сябрам-мастаком Міхаілам Казіцкім. А яшчэ адзін культработнік Іна Клімава памятае М.Багдановіча як строгага класнага кіраўніка. Насамрэч ён вельмі пазітыўны чалавек з тонкім пачуццём гумару, які, дарэчы, і наконт выставы “прайшоўся”, маўляў, за макі (а піша заўсёды з натуры), можа і адміністратыўку атрымаць.

Адораны ад прыроды, выдатна падкаваны тэарэтычна, з глыбокім стаўленнем да жыцця. Яму па-ранейшаму цікава, бо ўсё жыццё вучыцца і ідзе ад карціны да карціны. Шчаслівы чалавек, які зрабіў правільны выбар.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *