На 18-й чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў народныя абраннікі разгледзелі ход рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Ушацкага раёна на 2021-2025 гады.
Чакаецца выкананне большасці паказчыкаў, у тым ліку трох асноўных – рост заработнай платы, інвестыцыі ў асноўны капітал, сукупнае паступленне даходаў кансалідаванага бюджэту.
Індыкатарам развіцця рэгіёнаў, як вядома, з’яўляецца рэалізацыя праграмы “Адзін раён – адзін праект”. У нашым раёне гэта мадэрнізацыя вытворчасці бялкова-вітамінных дабавак у філіяле “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” – укладзена больш 9 мільёнаў рублёў, да канца года праект будзе завершаны. З 11 паказчыкаў па развіцці лясной гаспадаркі за пяцігодку будзе выканана 7, прычым, чакаецца значнае перавыкананне па такіх як лесааднаўленне і лесаразвядзенне. Шмат укладзена ў тэхнічнае перааснашчэнне і будаўніцтва лесагаспадарчых дарог. Дарэчы, за пяцігодку будзе ўведзена амаль 26 кіламетраў лясных артэрый, што дае магчымасць больш эфектыўна нарыхтоўваць драўніну ў тым ліку ў цяжкадаступных месцах.
У галіне сельскай гаспадаркі Праграмай прадугледжана рэалізацыя двух інвестпраектаў, адзін з якіх – узвядзенне памяшкання для бяспрывязнага ўтрымання буйной рагатай жывёлы – рэалізаваны яшчэ ў пачатку пяцігодкі “Маяком-Ушацкім”, завершана і стварэнне свінагадоўчага комплексу “Сарочына-Агра”, на вырошчванні зараз знаходзіцца больш за 7 тысяч свіней.
Наталля Марковіч, член Савета Рэспублікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
“Невыкананне некаторых паказчыкаў Праграмы абумоўлена аб’ектыўнымі прычынамі. Пяцігодка, якая зараз завяршаецца, дала нам задзел для наступных гадоў, паставіла новыя задачы, якія мы сумеснымі намаганнямі ўлады, дэпутатаў, прадпрыемстваў, жыхароў павінны дасягаць, каб палепшыць наша жыццё”.
У Праграму ўключаны і мерапрыемствы па паляпшэнні жыцця ўшачан, фарміраванні камфортнага асяроддзя. Так, будзе выканана праграмнае значэнне па будаўніцтве жылля. Чакаецца, што за 5 гадоў увод складзе 19,7 тысяч кв.м пры заданні ў 15 тысяч. Забяспечанасць насельніцтва жыллём павялічыцца з 37,4 кв.м на чалавека ў 2020 годзе да 41,3 кв.м. Выконваюцца і ўсе паказчыкі ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сувязі і інфарматызацыі, развіваецца інжынерна-транспартная інфраструктура раёна. У 2023-м завершана будаўніцтва Праектуемай вуліцы №5 у гарпасёлку, што дазволіла пачаць сёлета ўзвядзенне там шматпавярхоўкі. Значным дасягненнем стала здача ў эксплуатацыю інтэрната для спартсменаў, за год не было ніякіх праблем з яго загрузкай. Ну а самым буйным інфраструктурным праектам пяцігодкі стала рэканструкцыя аўтадарогі Р-46.
Дзякуючы адкрыццю новых аб’ектаў сеткавікоў будзе выкананы паказчык па рознічным тавараабароце. Разам з тым праблемай бягучай пяцігодкі стала рэфармаванне спажыўкааперацыі, і як вынік – скарачэнне гандлёвых кропак – зараз у раёне налічваецца 84 магазіны. За пяць гадоў павялічылася пакупніцкая здольнасць насельніцтва раёна, што звязана з ростам заработнай платы.
Таксама на сесіі ўнесены змяненні ў некаторыя папярэднія рашэнні райсавета, якія прыведзены ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам. Зацверджана новае рашэнне аб узнагародах Савета дэпутатаў.
Вольга КАМАРКОВА.