Чым адметныя гэтыя выхадныя? Канечне, усе скажуць, што Міжнародным жаночым днём. А палова мужчын раёна, ды і добрая кагорта слабага полу з сумам адзначаць – гэта апошняя нядзеля лоўлі шчупака. Так, у раёне шмат людзей, якія кожны вольны дзянёк імкнуцца правесці на азёрах, сярод іх і майстар лесу Ушацкага лясніцтва Алена Окунева.
З такім прозвішчам грэх было б не рыбачыць! І сапраўды – заўзятай прыхільніцай падлёднага палявання жанчына стала толькі пасля замужжа, а зараз сцвярджае, што любіць зімовую лоўлю нават больш за летнюю. “Холадна? Няўжо? Я і пальчаткі скінула, калі з паўгадзіны цягнула з палонкі вялізнага шчупака, – усміхаецца жанчына. – Азарт такі, што на мароз не зважаеш. На колькі заважыць, канечне, не ведала, але па нацяжэнні лескі і па супраціўленні рыбіны разумела, што трафей важкі. Шчупак мінулых выхадных пацягнуў на 3 кілаграмы 850 грамаў і аказаўся асабістым рэкордам”.
З пустымі рукамі Алена Алегаўна і Раман Уладзіміравіч не вяртаюцца ніколі, якое б возера ні выбралі. І на Янова ездзяць, і на Оталава, але іх любімае, канечне, Любжына. У аднайменнай вёсцы жыве свякроў, а дом – усяго метрах у 70 ад вады. Так што ў палатцы патрэбы няма – гарбату выпіць можна ў цёплай хаце, ды і на ноч спакойна жарліцы пакінуць, каб раніцай імчаць да спрацаваных, палеглых сцяжкоў. Прылады займаюць цэлую шафу, бо толькі адных вуд, спінінгаў, фідэраў у Окуневых каля двух дзясяткаў. І тым не менш, калі на спаборніцтвах лясгаса па зімовай рыбалцы ёй уручылі кручкі і прынады – абрадавалася, лішнімі дакладна не будуць, бо на азёры з бацькамі ездзяць і сыны Жэня і Саша. З дзяцінства разам з бацькам хадзіла вудзіць і Алена.
Ці трэба казаць, што на стале Окуневых, і не толькі святочным, заўсёды ёсць фаршыраваная рыба. Як жа інакш, калі толькі за гэтую зіму злавілі пад 50 шчупакоў. У маразільнік усю б не ўмясцілі, таму меншы па памеры ўлоў ідзе на сушку. Хаця трафей для рыбакоў – не мэта, куды важнейшы – сам працэс.
Вольга Караленка.

