Где и когда не обойтись без фликера напомнили в ГАИ Ушачского РОВД

Профилактика и безопасность

Светлавы дзень прыкметна павялічыўся – і разам з цёплымі рэчамі многія неапраўдана паздымалі святлоадбівальныя элементы. Чым гэта пагражае пешаходам, дзе і калі без флікера не абысціся, нагадвае старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Дзяніс БАБЯНОК:

– У цёмны час сутак і ва ўмовах дрэннай бачнасці флікер на 85 працэнтаў зніжае рызыку наезду на чалавека. Фары аўтамабіля “выхопліваюць” святлоадбівальнік нават у дождж і туман – здалёк бачыцца яркая кропка святла. Пешаход становіцца заўважным за 400 метраў. Пры хуткасці 90 км/г ён “свеціцца” восем секунд, пры 60 км/г – 24. Гэтага часу вадзіцелю дастаткова, каб зарыентавацца.

– Асартымент флікераў – вялікі. Як выбраць лепшы?
– Эфектыўнасць вывучалі падчас шматлікіх даследаванняў. Аказалася, што аптымальная святлоадбівальнасць – у флікераў белага і лімоннага колераў (пры адсутнасці надпісаў і малюнкаў на іх). Астатнія ў бліжнім святле фар бачны толькі за 70-80 метраў. Пры хуткасці 90 км/г аўтамабіль праедзе такую адлегласць за тры секунды, і вадзіцелю не хопіць часу ацаніць сітуацыю.

– Такія вырабы патрэбны толькі жыхарам сельскай мясцовасці?
– Не. Правілы дарожнага руху аднолькавыя і для гарадскіх, і для вясковых пешаходаў. У пункце 17.1 указана, што абазначацца флікерам абавязкова ў цёмны час сутак (яго працягласць на пэўную дату можна знайсці ў календары) пры руху па краі праезнай часткі ці абочыне – незалежна ад таго, асветлены яны ці не. Вуліцы без тратуараў ёсць і ва Ушачах.

– Ці можна замяніць флікер ліхтарыкам ці падсветкай тэлефона?
– Не, яны не адбіваюць святло фар. Да таго ж пешахода бачна толькі ў адным напрамку руху.

– Нагадайце, якое пакаранне панясе пешаход без флікера.
– Згодна з артыкулам 18.20 КаАП, папярэджанне або штраф ад адной да трох базавых велічынь. Калі ж пешаход знаходзіцца ў стане ап’янення, штраф складзе ад трох да пяці базавых. А калі правапарушэнне пацягнула стварэнне аварыйнай абстаноўкі – да васьмі.

– А калі флікер ёсць, аднак амаль нябачны?
– З гэтым сустракаемся часта. Напрыклад, калі флікер-падвеску прымацоўваюць на сумачку. Прыцягваць да адказнасці не маем права: фармальна пешаход абазначаны святлоадбівальным элементам. Але трэба разумець, што флікер патрэбны не для таго, каб пазбегнуць штрафу, а каб не стаць ахвярай ДТЗ.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *