
Вясной трэба прыбраць не толькі двары і вуліцы населеных пунктаў, а і “зялёныя кварталы”, якія займаюць больш 40 працэнтаў тэрыторыі нашай краіны. Відавочна, што з навядзеннем чысціні і высадкай новых насаджэнняў на такой вялікай плошчы адным лесаводам не справіцца – таму ў Беларусі праводзіцца акцыя “Лес! Дабро! Парадак!”, у час якой да годнай справы далучаюцца ўсе жадаючыя.
У гэтыя дні ў лясныя масівы раёна выязджалі дабрачынныя памочнікі з шэрагу ўшацкіх прадпрыемстваў і арганізацый, ну а працоўны тэмп у зводных брыгадах задавалі самі лясгасаўцы.
Дэндрапарк ля Вечалля – адна з нашых турыстычных візітовак, таму навесці тут парадак трэба ў першую чаргу – чым і займаліся прадстаўнікі дэпутацкага корпусу, актывісты раённай арганізацыі “Белая Русь” на чале з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшынёй райсавета Наталляй Марковіч. “Мы ўключыліся ў работу па добраўпарадкаванні, як толькі сышоў снег. Найперш прывялі ў парадак ваенныя абеліскі. А наконт акцыі, у якой зараз удзельнічаем, хачу сказаць наступнае: добры лес – залог адной са сфер нацыянальнай бяспекі – экалагічнай, а значыць, дапамагаючы яго даглядаць і аднаўляць, мы робім справу дзяржаўнай важнасці. Працаваць жа гэтай сонечнай раніцай у дэндрапарку было вельмі прыемна, і хочацца ў чарговы раз падзякаваць ушацкім лесаводам за такі прыгожы аб’ект”, – падзялілася з намі Наталля Мікалаеўна.

Руплівы дэсант шчыраваў у яшчэ адным маляўнічым куточку раёна – на беразе возера Тартак, якое арандуе наша лесагаспадарчае прадпрыемства. Напярэдадні турыстычнага сезона неабходна навесці ідэальны парадак у месцах адпачынку – чым і займаліся лясгасаўцы.
А вось для пасадкі дрэўцаў на дзялянках розных лясніцтваў аб’ядналіся прадстаўнікі самых розных сфер: работнікі пракуратуры, райаддзелаў следчага камітэта, міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, Дэпартамента аховы, участка “Белтэлекама”, райбальніцы, ТЦСАН і іншых арганізацый, а таксама школьнікі.
Вялікі аб’ём работ выканалі валанцёры “срэбранага ўзросту”. “Удзельнічаем у гэтай акцыі кожны год і радуемся, калі бачым, як растуць пасаджаныя намі дрэўцы. Лічу вельмі правільным, што да гэтай справы прыцягваюцца людзі розных прафесій і пакаленняў: чалавек, які сам патрымаў у руках саджанцы і меч Колесава, будзе потым больш беражліва ставіцца да лесу”, – зазначае старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Васілеўская.
З пачатку акцыі ва ўшацкіх лясах пасаджана каля 16 тысяч дрэўцаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
