В этом году газета «Патрыёт» празднует 85-летний юбилей

Общество

Сёлета “раёнка” святкуе 85­-ю гадавіну з выпуску першага нумара. Свет ён убачыў да дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1930 годзе. І вось хутка 85 гадоў газета прыходзіць да ўшачан, каб падзяліцца з імі навінамі жыцця раёна, расказаць пра нашы агульныя поспехі, пра суайчыннікаў, што жывуць і працуюць побач. Сёння мы распачнём серыю матэрыялаў з гісторыі “Прымежнага калгасніка”, які 31 студзеня 1945-­га стаў “Сацыялістычным шляхам”, а з 1967 года – “Патрыётам”. А таксама чакаем вашых лістоў, званкоў, у якіх хочам даведацца, з якога часу сябруе з “раёнкай” ваша сям’я, пра вашы адносіны да раённай газеты, а мабыць і невядомыя раней звесткі з гісторыі нашага з вамі выдання. З нагоды свята хацелася б вылучыць і самага сталага падпісчыка, якога чакае памятны сувенір.

З гісторыі

Ішоў 1930 год. Рашэннем акруговага камітэта КП(б) Беларусі я быў накіраваны ва Ушацкі раён (які добра ведаў) у якасці члена аргбюро і загадчыка аддзела агітацыі і прапаганды райкама партыі.

У сярэдзіне кастрычніка адбылося пасяджэнне бюро, на якім абмяркоўвалася пытанне аб выпуску раённай газеты. Вырашылі нягледзячы ні на што выпусціць першы нумар да ХІІІ гадавіны Вялікага Кастрычніка. А назву ёй далі «Прымежны калгаснік». Калі паўстала пытанне аб назначэнні рэдактара, члены бюро схіліліся да маёй кандыдатуры, бо ведалі мяне як актыўнага карэспандэнта «Чырвонай Полаччыны» (мае фельетоны пад псеўданімам Г.Гуталінін мелі поспех). Так па сумяшчальніцтве (без аплаты) я стаў рэдактарам газеты.

Я ведаў некаторых рабселькораў: Яшу Гінзбурга з Кубліч, яшчэ аднаго селькора, яго аднавяскоўца, прозвішча якога, на жаль, забыўся. Яны актыўна супрацоўнічалі з газетамі «Чырвоная Полаччына» і «Беднота». Тэрмінова запрасіў іх у райкам (рэдакцыя не мела свайго памяшкання). Я напісаў «перадавіцу», рабселькоры прывезлі баявыя заметкі, некалькі напісаў я і ў апошнія кастрычніцкія дні паехаў у Полацк. Дарога – усе 45 вёрст – была разбіта і размыта. Ліў дождж, і ехалі мы на адзінай у раёне грузавой машыне, якую даводзілася літаральна на плячах выцягваць з каляін. Паездка працягвалася сем гадзін.

Рэдактар акруговай газеты «Чырвоная Полаччына» Лебедзеў і супрацоўнік Хадкевіч дапамаглі мне адрэдакціраваць і літаратурна дапрацаваць усе матэрыялы. У іх жа друкарні і на іх паперы выпусцілі на дзвюх палосах першы нумар «Прымежнага калгасніка». Раніцай 6 лістапада я прывёз ва Ушачы 1500 экзэмпляраў. Яны былі бясплатна распаўсюджаны па ўсім раёне.

Хутка рашэннем райвыканкама нам перадалі дом раскулачанага нэпмана, а праз некалькі дзён, дзесьці 15 лістапада, я атрымаў у Полацку ручную плоскадрукарскую машыну, 6 касрэалаў, нож для рэзкі і 10 пудоў газетнай паперы. Разам з гэтым абсталяваннем да нас з «Чырвонай Полаччыны» камандзіравалі вопытнага наборшчыка (ён жа друкар і метранпаж), які з маёй фізічнай дапамогай за тыдзень устанавіў машыну, касы, разабраў шрыфты.

Да 1 студзеня 1931 года газета выходзіла на дзвюх палосах раз на тыдні, а потым – на чатырох і тры разы на тыдні. Значна вырас тыраж як па калектыўнай (калгасы, установы, прадпрыемствы, саматужнікі арцеляў), так і індывідуальнай падпісцы.

У «Прымежным калгасніку» і райкаме партыі я прабыў да красавіка 1932 года, потым быў адкліканы на работу ў апарат ЦК КП(б) Беларусі.

Р.ВАКСМАН, першы рэдактар газеты «Прымежны калгаснік».

Ад рэдакцыі. Рыгор Аўсеевіч Ваксман, равеснік ХХ стагоддзя, памёр у 1972 годзе ў горадзе Кіраве.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *