Девушка, которая успевает все. История активной и талантливой Александры Сискевич

Общество

Калі б на ўзроўні раёна складаўся рэйтынг самых актыўных навучэнцаў, адзінаццацікласніца Глыбачанскай школы Аляксандра Сіскевіч дакладна б аказалася ў ім на першых пазіцыях. Нездарма называюць яе ўсе палачкай-выручалачкай – не было і выпадку, каб дзяўчыну запрасілі да ўдзелу ў мерапрыемстве (любым: спартыўным, творчым, інтэлектуальным), а яна адмовілася.

– Проста мне ўсё цікава, – прызнаецца Саша. – А выбрацца кудысьці – увогуле падарунак: і з новымі людзьмі можна пазнаёміцца, і карысныя веды атрымаць. Нядаўна, напрыклад, у складзе каманды выступала на раённых конкурсах юных інспектараў дарожнага руху і выратавальнікаў-пажарных. А сёння ў нашай школе ўрачыстасць – як заўжды буду на ёй у ролі вядучай.

Яна добра спявае – выступае ў школе, мясцовым СДК, ды і ўшацкі цэнтр культуры пакарыла. Выдатна дэкламуе – летась, напрыклад, стала лепшай у раённым конкурсе чытальнікаў вершаў, на вобласць ездзіла. Былі і перамогі за артыстызм, уменне трымацца на сцэне…

Зрэшты, вучобе такая занятасць не перашкаджае. У дзённіку дзяўчыны – пераважна дзявяткі ды дзясяткі. У ліку любімых прадметаў называе матэматыку, а таксама нямецкую і беларускую мовы, на вывучэнне якіх зараз робіць асаблівы ўпор, бо яны спатрэбяцца пры паступленні.

– У дзяцінстве марыла стаць цырульнікам, актрысай ці спявачкай, – усміхаецца без пяці хвілін выпускніца. – Усвядомлены ж выбар зрабіла, калі прыйшла ў педагагічны клас і пад кіраўніцтвам Таісы Ігараўны Церашкавец паспрабавала сябе ў ролі настаўніка. З канкрэтнай жа спецыяльнасцю вызначылася пасля знаёмства з Дзіянай Уладзіміраўнай Герцык, маладым спецыялістам-замежнікам. Так што зараз мару стаць студэнткай факультэта рамана-германскай філалогіі ў ВДУ імя П.М.Машэрава.

  • А.Сіскевіч: “У нашай школе ўсе педагогі выдатныя! Калі гэтак жа давядзецца вучыць дзяцей, буду раўняцца на класнага кіраўніка Алену Сцяпанаўну Герцык, якая выкладае беларускую мову і літаратуру, а таксама матэматыка Ларысу Валянцінаўну Каліноўскую, якая надзвычай цікава тлумачыць тэмы”.

У дасягненні дзяўчынай пастаўленай мэты настаўнікі Глыбачанскай СШ не сумняваюцца: добрую падрыхтоўку даказаў сёлетні ўдзел Аляксандры ў рэспубліканскай алімпіядзе па нямецкай мове. На раённым этапе яна заваявала дыплом ІІІ ступені, прадэманстраваўшы лепшы вынік. Ды і на вобласці выступіла дастойна. З аўдзіраваннем, якое ва ўсіх выклікала найбольшыя цяжкасці (тэкст далі праслухаць толькі адзін раз, забаранілі рабіць любыя пазнакі), нашай зямлячцы дапамагла справіцца інтуіцыя. Не разгубілася Саша і на гаварэнні, хоць і прапанавалі ёй адказваць на пытанне без усялякай падрыхтоўкі.

– Па сем-восем урокаў, факультатывы, рэпетыцыі… Дамоў звычайна вяртаюся бліжэй да 17 гадзін, – расказвае адзінаццацікласніца. – Ну а там трэба з “дамашкай” разабрацца, да ЦТ рыхтуюся. І ўсё ж вольнага часу ў мяне хапае! Люблю, напрыклад, па родным аграгарадку прайсціся, з сябрамі ў футбол згуляць.

Дасягаць добрых вынікаў дапамагае акружэнне. Разам з Сашай у 11 класе вучацца яе сяброўкі і кампаньёнкі па ўсіх годных справах Насця Сяліцкая і Даша Краснова. Першая марыць пра паступленне ў ваенную акадэмію, другая – у медыцынскі каледж.

А.Сіскевіч вырасла ў вялікай сям’і, дзе ролю бацькоў для яе замянілі родны дзядзька і яго жонка. Падтрымлівае сувязі яна і са сваімі сёстрамі, якія жывуць у Магілёве, Барысаве. Усе, хто ведае Сашу, радуюцца яе поспехам і зычуць ёй дасягнення пастаўленых мэт.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *