Калі назіраю, як дзве сотні хлопчыкаў і дзяўчынак у кімано радасна высыпаюць на раскладзеныя ў вялікай зале барцоўскія татамі і размінаюцца перад пачаткам чарговага турніру памяці Станіслава Шэдзько, да майго захаплення дадаюцца ноткі зайздрасці. Вось няхай бы славуты трэнер прыехаў ва Ушачы на некалькі год раней, тады б і маё пакаленне школьнікаў 80-х паспела далучыцца да гэтай дзіўнай спартыўнай суполкі, дзе ёсць свой этыкет і філасофія, дзе прынята падтрымліваць сяброў і паважаць сапернікаў. І дзе няма месца тым, хто не здольны адрозніць “матэ” ад “хаджымэ”, а “шыда” ад
“іпона”!
А вось гераіні нашага артыкула – выкладчыцы Ушацкай СДЮШАР Кацярыне Маркевіч – пашанцавала: трэцякласніцай яна прыйшла на першую трэніроўку да Станіслава Анатольевіча. “Канкурэнцыя тады ў аддзяленні была высокая, і на спаборніцтвы я паехала толькі праз тры гады. Падавала надзеі: “золата” на рэспубліцы, “бронза” на міжнародным турніры, званне кандыдата ў майстры спорту… Але ўсе планы парушыла трагічная навіна: не стала нашага трэнера. Заняткі працягнуліся, але ранейшага запалу ўжо не было. Затое былі захапляльныя ўрокі рускай мовы і літаратуры, якія выкладала Тэрэза Пятроўна Крыванос – і я паступіла на філфак ВДУ імя Машэрава”, – распавядае Кацярына Аляксандраўна.
Распачынала яна кар’еру ў Ільюшынскай школе, потым працавала ў санаторыі, аддзеле па адукацыі… А аднойчы Святлана Фядосенка, з якой у юнацтве разам ездзілі на спаборніцтвы, падказала ідэю: маўляў, у спартшколе ёсць вакансія трэнера – пройдзеш перападрыхтоўку ва ўніверсітэце і станем калегамі. Тады і зразумела Кацярына, як сумавала ўвесь гэты час па татамі!
Кантакт з дзецьмі яна заўсёды ўмела наладзіць, ну а тэхніка адзінаборстваў з памяці, канечне, не знікла. Набрала групу малышоў – і павяла іх крок за крокам да будучых перамог. Не ўсё атрымлівалася: засмучалася, калі некаторыя юныя таленты падрасталі і пераставалі хадзіць не трэніроўкі. Перажывала, што адна з самых перспектыўных дзяўчынак, выбіраючы паміж спортам і музыкай, аддала перавагу апошняй. Але былі і тыя, хто з цягам часу толькі мацней прывязваўся да дзюдо. У іх ліку – Жэня Крывёнак: дзяўчына з моцным унутраным стрыжнем, якая зараз літаральна з кожнага турніру прывозіць медалі. Не адстае ад яе і малодшы брат Павел. Прагрэсіруюць Савелій Раманоўскі, Герман Быкаў, Ваня Ціханаў – трэба сказаць, што хлопцам узнагароды дастаюцца больш складана, бо канкурэнцыя ў іх асаблівая. Жэня і Савелій ужо на прыкмеце ў трэнераў спартыўных вучылішч. Ездзіла на праглядавы збор у сталіцу і Лера Акулёнак – і ўмацавалася ў сваім жаданні прысвяціць жыццё спорту. “Мне так спадабалася! Там, дарэчы, наша Аліса Зуева вучыцца, яна мне ўсё паказала, з усімі пазнаёміла. Цяпер буду яшчэ больш старацца на трэніроўках, каб мяне таксама туды залічылі. Шкада толькі, што давядзецца развітацца з Кацярынай Аляксандраўнай”, – уздыхае дзяўчына і прыціскаецца да любімага трэнера.
Так, моманты, калі лепшыя выхаванцы пераходзяць у наступнае звяно навучання, адначасова і шчымлівыя, і радасныя: гэта гераіня аповеду ведае пакуль што з расказаў больш вопытных трэнераў Святланы Фядосенкі і Веры Кілінай. Але па тым, як дадаюць у майстэрстве яе вучні, як упарта працуюць на трэніроўках і самааддана борацца на турнірах, можна меркаваць, што такія моманты ў яе абавязкова будуць. А ў пачатку верасня Кацярына Аляксандраўна зноў набярэ ў сваю групу малышоў – каб зачараваць іх магіяй дзюдо і далучыць у асаблівую суполку тых, хто носіць кімано.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

