Ушачский лесхоз наращивает производство домокомплектов из оцилиндрованного бревна

Главное

І.Міхаль.

У вёсцы Ліпавец на фундаменце пад дахам стаіць вялікі драўляны зруб. Яшчэ адзін такі ж вырас на вуліцы М.Бабаедава: практычна ўся яна – з тыпавых дамоў, што ўзводзіліся ў канцы мінулага стагоддзя для сваіх работнікаў. І сёння гэтая традыцыя працягваецца. Толькі выпускаюць іх ужо самі лясгасаўцы, ды і знешні выгляд, пагадзіцеся, стаў яшчэ больш прывабным. Не дамы, а церамы. Менавіта такія асацыяцыі паўстаюць, калі бачыш зрубы з гладкага ацыліндраванага кругляку. А сустрэць іх усё часцей можна ў любым населеным пункце Беларусі. У 2023 годзе Міністэрства лясной гаспадаркі распрацавала некалькі тыпавых праектаў, а ў ліку першых, хто тады ж асвоіў іх вытворчасць быў Ушацкі лясгас.

“Спачатку “зрубілі” лазню, якую Віцебскае лесагаспадарчае аб’яднанне ўстанавіла на сваёй выставачнай пляцоўцы. Яе накрылі – атрымалася “карцінка”, што дэманструе прадукцыю і нашы магчымасці, – расказвае дырэктар лясгаса Аляксей Апёнак. – Пабудавалі домік для работнікаў, якія працуюць на загрузцы вагонаў у Полацку. А ў 2024 годзе выпусцілі ўжо 7 дамоў і 2 лазні. Лічбы не надта ўражваюць, а тым не менш мы ўваходзілі ў першую тройку лясгасаў краіны – усяго тады выпусцілі 80 дамоў і 60 лазняў. Да нас ездзілі, каб пераймаць вопыт, бо і сёння такая вытворчасць асвоена толькі 30 лясгасамі краіны”.

Станочнік Аляксей Новакрышчонаў.

Каб скараціць чаргу на домакамплекты, летась запусцілі другі ацыліндровачны станок. А яна існуе, тым у больш у летні, сезонны час. Заказы наш лясгас атрымлівае пераважна з Копыльскага – пры ім існуе рэспубліканская пляцоўка “Лясны домік”, дзе і канцэнтруюцца ўсе заяўкі. Устанавіць на фундамент пад дах дом можна за пару дзён, бо кроквы і абрашотка таксама пастаўляюцца ў камплекце. А вось сам выпуск зусім няхуткі. За дзень адна змена апрацоўвае прыкладна 1,4 куба, а на дом ідзе пад 50. Такім чынам на двух станках пры двухзменцы за месяц лясгас можна выпусціць два домакамплекты.

За станком заняты ўсяго два чалавекі, у якіх дастаткова і ручной працы. “Спачатку трэба змерыць дыяметр бервяна, каб ведаць, на якую лінію накіроўваць. Да 23 сантыметраў – значыць на першую, ацыліндраванае выйдзе з дыяметрам 20, каля 25 – на другую, яна магутней і зруб атрымаецца з 22-кі”, – паказвае і расказвае самы вопытны работнік па выпуску домакамплектаў Іван Міхаль. Потым хлопцы падаюць “паўфабрыкат” на станок, выстаўляюць разметку, па якой адначасова будзе не толькі здымацца кара і акругляцца бакі, але і выразацца пазы “замкоў”. Патрэбна дакладнае захаванне параметраў, інакш “лега” не складзецца. А што атрымліваецца, калі ажывае праект, мы пабачылі на свае вочы – дом з трыма пакоямі, прасторнай кухняй, санвузлом і тэрасай пад дахам.

  • Каштуе домакамплект на 100 квадратных метраў 32 тысячы рублёў. На яго набыццё можна ўзяць ільготны крэдыт “На родныя тавары”.

“Існуе два тыпавыя праекты дамоў з ацыліндраванага бервяна, плошчай на 100 і 45 квадратаў, самым хадавым з’яўляецца першы, – тлумачыць начальнік вытворчасці Ушацкага лясгаса Яўген Мягель. – Хаця робім і пад індывідуальныя заказы. Зразумела, што зацікаўлены ў павелічэнні выпуску, паколькі прадукцыя гэта не затрымліваецца. Летась прадалі 13 дамоў і 2 лазні, а за чатыры месяцы гэтага года адпаведна 6 і 5 зрубаў, і заказаў хапае”.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *