В Ушачском районе первый звонок прозвенел для 1010 учащихся

Главное Образование и молодежь

Восень стартавала самым хвалюючым і ўрачыстым святам – Днём ведаў. Учора ва ўсіх школах Ушаччыны прагучаў першы званок. У доўгі, аднак цікавы шлях адправіліся 1010 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Самай масавай традыцыйна стала святочная лінейка ва Ушацкай СШ – у новым навучальным яна прыняла 779 навучэнцаў. Не часта ўбачыш у адным месцы і столькі галоўных віноўнікаў дзейства: за парты чатырох класаў селі ажно 85 хлопчыкаў і дзяўчынак.

“Сёння раніцай Ваня зусім не хваляваўся – апрануў прыгожы касцюм, узяў букет і з цікавасцю пакрочыў на ўрачыстасць, – расказала ўшачанка Кацярына Карчэўская. – На сына прыемна глянуць: усім усміхаецца, на камеру пазіруе, ды і з класным кіраўніком Вольгай Пятроўнай Несцярэнка актыўна кантактуе – на працягу папярэдняга года хадзіў да яе на заняткі ў школу ранняга развіцця “Прыступкі”. Дарэчы, акрамя прыгаданага педагога першакласнікаў па краіне ведаў сёлета павядуць Паліна Андрэеўна Курпіс, Аляксандра Андрэеўна Майсеенка і Вольга Віктараўна Ларчанка.

Поспехаў на гэтым шляху ўшацкім вучням пажадалі новы дырэктар установы Вольга Уладзіміраўна Герасімёнак, старшыня райвыканкама С.С.Шамовіч, іншыя госці. Звяртаючыся да прысутных, Сяргей Сцяпанавіч адзначыў, што раённая ўлада, педагагічныя калектывы, бацькоўскія камітэты робяць усё магчымае, каб дзеці ў камфортных умовах вучыліся, умацоўвалі здароўе.

“Круг гонару” – ад першакласнікаў з Ушач.

У прыўзнятым настроі сустракалі 1 верасня вучні 7 “Г” і іх кіраўнік Аляксандра Мікалаеўна Дакшаніна. Другі год запар яны паўдзельнічалі ў дабрачыннай акцыі “Дзеці замест кветак”, за што атрымалі Ліст падзякі, а таксама сувеніры ад Беларускага дзіцячага хоспісу. Сутнасць праекта простая: замест мноства букетаў школьнікі дораць настаўніку адзін ад усяго класа, а зэканомленыя грошы ахвяруюць на лячэнне цяжка хворых дзяцей. Сёлета на гэтыя мэты ўшачане пералічылі 200 рублёў.

Школьныя навічкі з Арэхаўна.

Кранальнасці мерапрыемству надало выступленне самых маленькіх яго ўдзельнікаў: нясмела беручы ў рукі мікрафон, хлопчыкі і дзяўчынкі дзяліліся “грандыёзнымі” планамі на бліжэйшыя 11 гадоў навучання. Па-даросламу сур’ёзным быў Цімур Гаравы з 1 “В”: яго чакала адказная місія – разам з адзінаццацікласніцай, пераможцай абласной алімпіяды Дар’яй Жахоўскай даць для школы першы званок.

Па даўняй традыцыі завяршылася лінейка ўскладаннем кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка. Але ў некаторых пачаткоўцаў пасля гэтага ўзніклі пытанні. “Як, мяне не ўзялі ў школу?” – здзіўляўся адзін з хлопчыкаў, даведаўшыся, што на ўрокі трэба зноў ісці ў дзіцячы садок (усе першыя класы Ушацкай СШ сёлета размешчаны ў дашкольных установах). Ну а ўжо там, утульна размясціўшыся за партамі, многія салодка пазяхалі ці, наадварот, не маглі дачакацца званка на ўрок.

Свята ў Ільюшынскай СШ.

Запамінальна праходзіла свята ў Глыбачанскай школе, за парты якой сёлета селі 43 вучні. Павіншаваць іх, даць наказ быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны завіталі прадстаўнікі раённай улады і сельвыканкама, іншыя госці. Дарэчы, лясгасаўцы выканалі надзвычай прыемную місію – уручылі навучальнай установе сертыфікат на суму 600 рублёў на набыццё спартыўнага інвентара. Разам з дружным калектывам усе падтрымлівалі першакласнікаў – малады спецыяліст Ганна Сяргееўна Рубіс вяла за парты ўсяго дваіх навучэнцаў, а адзінаццацікласнікам жадалі высокіх адзнак у атэстатах. Асаблівым стаў гэты дзень для маленькай Кацярыны Клотчанкі і ўжо такога дарослага Ягора Кучаронка, якім было даверана права даць першы званок.

У Ільюшынскай СШ ён прагучаў для 55 хлопчыкаў і дзяўчынак. У цэнтры ж увагі традыцыйна аказаліся першакласнікі, якіх тут 4, і самыя старэйшыя навучэнцы – дзевяцікласнікі (10 і 11 класаў сёлета няма). Поспехаў усім ім пажадала дырэктар установы Жанна Анатольеўна Крамін і шматлікія госці. Настаяцель храма святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы протаіерэй Вячаслаў Лобец благаславіў на пачатак новага навучальнага года.

Вялікадолецкія школьнікі.

З віншаваннямі і падарункамі для 5 першакласнікаў на ўрачыстасць у Вялікадолецкую СШ завітаў старшыня сельвыканкама Алег Леанідавіч Сыс. Мілыя прэзенты падрыхтавалі выхаванцам Галіны Васільеўны Пугач і старэйшыя школьнікі – гэтак жа дзевяцікласнікі, якіх тут 4.

У Арэхаўскай СШ самым усхваляваным чалавекам, напэўна, была маладая настаўніца 1 класа Дар’я Дзмітрыеўна Дзям’янава, якая прывяла на лінейку траіх школьных навічкоў. Прынамсі, адной з іх – Маі Гарошка – была адразу даручана адказная справа: з адзінаццацікласнікам Арцёмам Кучаронкам даць першы званок. Дырэктар Ларыса Аляксандраўна Булаўка павіншавала прысутных з Днём ведаў і пажадала, каб набываць іх было цікава і весела.

Аб правілах бяспечных паводзін ва ўсіх школах Ушаччыны нагадалі дзецям, іх бацькам супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях. Новы навучальны стартаваў урокам з важнай тэмай “Веды сёння – сіла і росквіт Беларусі заўтра!”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *