Чуць навіну пра тое, што на Ушаччыне адкрываецца чарговая аграэкасядзіба, заўсёды вельмі прыемна, сёлетні ж сезон стаў стартавым адразу для трох такіх аб’ектаў! Мяркуем расказаць вам пра кожны з іх, ну а пачнём з самага блізкага ад райцэнтра. Усяго 15 хвілін язды – і мы апынуліся ў неверагодна прыгожым месцы на ўскрайку вёскі Салонец-1. Назва ў сядзібы свойская – “У Міхалыча”, такімі ж аказаліся і яе гаспадары Анатоль і Алена Собалевы: шчырымі, камунікабельнымі і вельмі гасціннымі. Некалькі год таму яны змянілі гарадскую прапіску на ўтульны дом у прыазёрнай ушацкай вёсачцы, а потым вырашылі: трэба, каб і іншыя людзі маглі атрымаць асалоду ад гэтага райскага куточка.
Анатоль Міхайлавіч – з тых па-добраму няўрымслівых людзей, якія не баяцца брацца за нешта новае і цікавае. У свой час яго тата пераехаў з Магілёўшчыны ў Сібір, потым – на цалінныя казахстанскія землі, дзе і прайшло дзяцінства хлопца, аднак бацькі марылі вярнуцца ў Беларусь – і праз пэўны час сям’я парасялілася ў Наваполацк. Анатоль уладкаваўся на завод, завочна скончыў політэхнічны інстытут. З гумарам расказвае, як у суровыя 90-я знаёмыя заманілі яго ў Германію: “Меркавалася, што на будаўніцтве катэджа будуць плаціць 10 марак у гадзіну (дома я атрымліваў у эквіваленце 30 у месяц), але па прыбыцці за кардон высветлілася, што працадаўцам адмовілі ў крэдыце. Вяртацца ні з чым было сорамна – і я ўладкаваўся да фермера. Гэта ў нас пераліць салярку з каністры ў бак з дапамогай рота і шланга ці выправіць пагнутую рулявую цягу ўдарам кувалды лічыцца базавым уменнем – калі ж я прадэманстраваў гэткія “фокусы” ў Германіі, немцы засталіся ў захапленні ад інжынерскіх здольнасцяў беларускіх трактарыстаў”.
Праз некалькі год Анатоль вярнуўся дамоў з неблагім капіталам. А калі выпадкова даведаўся, што ў Салонцы прадаецца катэдж ля возера, вырашыў набыць яго для сваіх пажылых бацькоў. У вёсцы ім спадабалася, а маці нават прапанавала сыну камерцыйную ідэю: адкрыць у Матырыне прадуктовы магазін. “Паспрабаваць сябе ў гандлі было цікава. Перад пачаткам работы да нас прыбыла камісія з райаддзела МНС, і яе кіраўнік пажартаваў, што паколькі і ён, і я – Міхалычы, дык і краму трэба так назваць. Кропка наша праіснавала 8 год, але з цягам часу людзей у наваколлі стала менш і рэнтабельнасць знізілася. Краму мы закрылі, але яе назва перайшла ў спадчыну новаму праекту”, – распавядае наш суразмоўца.
Ідэя стварыць аграэкасядзібу таксама была спантаннай. На будаўніцтва камфортнага гасцявога дома грошай ад продажу гарадской кватэры не хапіла, аднак паколькі Анатоль і Алена немалы час адпрацавалі на “Нафтане”, які супрацоўнічае са страхавой кампаніяй “Стравіта”, пры выхадзе на заслужаны адпачынак ім выплацілі значную суму.
Пры ўзвядзенні катэджа гаспадар многае рабіў сам – майстар ён не толькі ў механіцы. У доме праведзена электраацяпленне, маюцца ўсе выгоды, а пафарбавалі яго, як і жыллё гаспадароў, у жыццярадасны аранжавы колер.
Пакоі аформлены вельмі стыльна, усё – з натуральнага дрэва, а якая лесвіца вядзе на другі паверх: кожную прыступку Анатоль аздобіў з дапамогай паяльнай лямпы, працэс быў карпатлівы, але атрымалася вельмі арыгінальна!
Асаблівы гонар сядзібы – цудоўная лазня. У Собалевых – двое дзяцей і шасцёра ўнукаў, і ўсе – вялікія аматары парылкі. Маленькая Стэфанія, якая прыехала на канікулы са сталіцы і бавіла час на дзіцячай пляцоўцы, прызналася нам, што ў вёсцы ёй вельмі падабаецца: хоць надвор’е і халаднаватае, яна купаецца ў возеры, а яшчэ дзядуля змайстраваў спецыяльны домік для дзяцей, у якім ёсць нават балкон, а бабуля смажыць на сняданак вельмі смачныя блінчыкі.
Зрэшты, дзіўна было б сумнявацца ў кулінарных здольнасцях Алены Іванаўны, якая не адзін дзясятак год працавала загадчыкам вытворчасці ў рэстаране “Нафтан”. Анатоль Міхайлавіч паведаміў нам па сакрэце, што фірменная салянка, якую гатуе яго жонка, магла б выйграць першы прыз на любым кулінарным конкурсе. Канечне, харчаванне ў аграэкасядзібе, ды яшчэ ад такога прафесіянала, стала б адчувальным “плюсам”. Пакуль гаспадары не вызначыліся, ці будуць уключаць яго ў пастаянны сэрвіс, аднак дзве сям’і, якія забраніравалі адпачынак у ліпені, у якасці эксперымента атрымаюць і гэтую паслугу.
І ўсе госці дакладна змогуць пры жаданні пачаставацца свойскім малаком, прыгатаваць яешню.
Собалевы апрацоўваюць вялікі ўчастак, а некалькі год таму завялі на падворку жывёлу.
Яны з гонарам дэманстравалі нам дзвюх прыгожых козачак і іх рагатага кавалера, хахлатак, якія няспешна гулялі па прасторным загоне. Настолькі ідылічнай была гэтая карціна, што я таксама згадзілася на эксперымент: упершыню ў жыцці паспытала казінае малако – і цяпер шкадую… што не зрабіла гэтага раней!
“У Міхалыча” сапраўды надзвычай хораша і ўтульна. А дасягаецца гэта штодзённай нялёгкай працай – і пастаянным імкненнем развівацца. “Вось тут у нас будзе грыльня: абсталюем залу, дзе можна сабрацца пасля лазні за сяброўскім сталом з музыкай і смажаным мясам, нават не арандуючы дом, – дзяліліся з намі гаспадары. – А на пляжы мяркуем зрабіць асобную купальню для маленькіх дзетак. Планаў шмат – галоўнае, каб сіл хапіла”. Менавіта гэтага і хочацца ім пажадаць. Ну а ўсім, хто чытае артыкул, – зычым убачыць райскі куточак на свае вочы.
Наталля БАГДАНОВІЧ

