Яшчэ адзін элемент турыстычнай інфраструктуры з’явіўся ў нашым раёне: УП ЖКГ абсталявала на Вечаллі кемперную стаянку. Прызначана яна для тых, хто падарожнічае па краіне ў аўтадамах ці з палаткамі.
Аўтамабільны турызм (караванінг) даволі распаўсюджаны ў свеце від адпачынку – можна самому скласці маршрут, а прыпыняцца ў кемпінгах зручна, рамантычна і нядорага. Дынамічна развіваецца гэты напрамак і ў нашай краіне – створана нават грамадскае аб’яднанне “Караванеры Беларусі”. Канечне, уладальнікаў дамоў на колах у сінявокай пакуль не так шмат, але гэты транспарт можна арандаваць. Каб кіраваць аўтадомам, дастаткова пасведчання катэгорыі “В”.
“Турысты, якія захочуць правесці час на беразе нашага маляўнічага Вечалля, змогуць адначасова прыпаркаваць на кемпернай пляцоўцы 4 аўтадамы, устанавіць палаткі, падключыцца да электрычнасці. Да аб’екта падведзена вада, маецца туалет і кантэйнеры для смецця, ёсць магчымасць раскласці вогнішча, – расказвае дырэктар камунальнага прадпрыемства Сяргей Герасімёнак. – Гэтае месца мы выбралі невыпадкова, бо лічым яго максімальна прывабным для падарожнікаў: добрая лагістыка, цудоўнае возера, дзе можна і парыбачыць, і паплаваць, побач – дзіцячая і спартыўная пляцоўкі, а таксама дэндрапарк і экасцяжына лясгаса. Гасцям раёна дакладна будзе чым разнастаіць свой адпачынак”.
Кошт за суткі за адно месца складае 30 рублёў. Каб разлічыцца, турыстам пакуль што трэба патэлефанаваць па ўказаным на пляцоўцы нумары, але ў бліжэйшы час гаспадары аб’екта плануюць зрабіць сістэму аплаты праз АРІП.
- Як вядома, турыстычны напрамак з’яўляецца адным з ключавых у стратэгіі развіцця нашага раёна, і новы аб’ект павінен паспрыяць раскрыццю адпаведнага патэнцыялу Ушаччыны.
Цікава, што на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме значыцца 66 кемпінгаў і кемперных пляцовак. Самая вялікая іх колькасць (22) – у сталічным рэгіёне. На Віцебшчыне цяпер 12 такіх аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі 5 раёнаў: 4 абсталяваны ў гарадах і на трасах ля АЗС, 8 – паблізу вадаёмаў. Ушаччына ў гэтым спісе прадстаўлена найбольш шырока: кемперная пляцоўка ля вечальскага пляжа стала трэцім падобным аб’ектам – яшчэ два размешчаны на тэрыторыях водна-аднаўленчага цэнтра на гэтым жа возеры і аграсядзібы “Мікалаеўскі пасад” у Сержанах.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


