Бригады МЧС завершили обработку химическим способом запланированных в этом году загрязнённых борщевиком участков

Общество

Пытанні распаўсюджвання баршчэўніку на тэрыторыі раёна на працягу апошніх гадоў застаюцца ў ліку найбольш вострых і хвалюючых. Як мы ўжо расказвалі, самы эфектыўны час для яго хімапрацоўкі (а менавіта на такі спосаб робіцца галоўная стаўка) прыпадае на канец красавіка і май, а таму ў гэты перыяд брыгады абласнога ўпраўлення МНС стараліся абысці з апырсквальнікамі ўсе забруджаныя ўчасткі, якія ўнесены ў сёлетні план.

У тэрмін яны ўклаліся, а паколькі прэпарат спрацоўвае толькі праз пэўны час, раённая камісія пачала праверку якасці выкананых работ у другой палове чэрвеня. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі райсельгасхарча, РАНС, аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, раённай экалагічнай інспекцыі, сельвыканкамаў, а ўзначальвае камісію начальнік аддзела землеўпарадкавання Алеся Кісель.

На момант напісання артыкула былі праінспектаваны тэрыторыі, якія апрацоўвалі 11 брыгад (усяго іх было 15), прынята работа 4-х, астатнім дадзены тэрмін на ўхіленне недахопаў. Месцы, дзе расліна не знішчана (прэпарат не падзейнічаў належным чынам або работнікі іх абмінулі), будуць апрацаваны, пасля чаго камісія правядзе паўторнае абследаванне. Нагадаем, што работы падрадчыку аплацяць толькі пасля падпісання актаў прыёмкі.

Некаторыя вяскоўцы звярталіся ў райвыканкам і сельсаветы, да эколагаў і журналістаў з нараканнямі на тое, што на асобных участках баршчэўнік працягвае буяць. Гэтыя сігналы не заставаліся без увагі – інфармацыю перадавалі ў сельвыканкамы, якія каардынуюць работу брыгад.

Вось як, напрыклад, пракаменціраваў зварот жыхара Корсакава, які сцвярджаў, што ў наваколлі гэтай вёскі з раслінай практычна не змагаліся, старшыня Сарочынскага сельвыканкама Віталь Клімашэўскі: “Не пагаджуся з гэтым, бо асабіста суправаджаў брыгады, паказваў зарослыя ўчасткі на мясцовасці. Аднак давайце будзем рэалістамі: знішчыць абсалютна ўсе ачагі практычна немагчыма. Бачыў месцы, дзе прайшліся з апырсквальнікамі ў пачатку мая, а праз месяц сярод пажаўцелых раслін з глебы вылезлі новыя парасткі… Работу мы праводзім каласальную, асобныя ўчасткі апрацоўваем і механічным способам. Прыемна, што ў Мосары, Чарсцвядах, некаторых іншых вёсках ёсць актывісты, якія далучаюцца да барацьбы з баршчэўнікам, знішчаюць яго не толькі на сваіх сядзібах, а і на прылеглых тэрыторыях. А бывае і так, што чалавек тэлефануе і патрабуе ўбраць адзінкавы куст, які расце ў лічаных метрах ля яго агарода – хоць мог бы ўзяць лапату і рашыць праблему за некалькі хвілін. Нам процістаіць вельмі каварны праціўнік – варта гэта ўсведамляць і не разлічваць на лёгкую перамогу”.

“Мы што, не можам арганізаваць элементарнае – скасіць расцвітаючы баршчэўнік?” – пытаецца ў дасланым у рэдакцыю лісце жыхар Селішча. “Метад вядомы, аднак, як паказвае практыка, прымальны на ўчастках з нязначнай колькасцю раслін, а на “плантацыях”, дзе ў глебе – мільёны насення, мала што дасць – пра гэта сведчыць вопыт ушачан, якія яго практыкуюць. Да таго ж, немагчыма арганізаваць такую ручную работу на сотнях забруджаных гектараў”, – зазначае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Шук.

Начальніку інспекцыі мы пераадрасавалі і пытанне вяскоўца, што непакоіцца за насельнікаў вадаёмаў, паблізу якіх праводзіцца хімапрацоўка. “Перад стартам работ у брыгадах абавязкова праводзіцца інструктаж: іх выканаўцам нагадваюць, што нельга ўносіць гербіцыд бліжэй чым за 10 метраў да вадаёмаў. Гэтыя нормы вызначаны навукоўцамі”, – патлумачыў Міхаіл Аляксандравіч.

Відавочна, што змагацца з баршчэўнікам трэба комплексна, бо калі асобныя землекарыстальнікі ігнаруюць гэтую справу, то расліна з іх забруджаных участкаў лёгка “пераселіцца” на суседнія. Супрацоўнікі інспекцыі праводзяць кантрольныя мерапрыемствы і “стымулююць” тых, хто не надае пытанню належнай увагі. Як звычайна, досыць рупліва на сваіх землях работу вялі энергетыкі, а вось да дарожнікаў, аграрыяў, лесаводаў прэтэнзіі ёсць. За невыкананне выдадзеных прадпісанняў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу сёлета былі прыцягнуты 4 пасадныя асобы, да дзвюх прыменена мера ўздзеяння ў выглядзе папярэджання.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *