Просто мастер Владимир Безруков

Общество

Гэты чалавек, сапраўды, пастаянна жыве творчасцю, нешта прыдумвае, вырабляе. На днях зайшоў у рэдакцыю, бачым, футляр з лазы для мабільнага тэлефона сплёў. А два гады таму колькі адвазіўся, пакуль зрабіў лук: ездзіў да жыхара райцэнтра, у якога ёсць куплёны, абглядаў, прыкідваў, шукаў матэрыялы, але вымайстраваў. І так бясконца.

Ды самыя любімыя захапленні члена Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі Уладзіміра Іванавіча Бязрукава – фатаграфаванне, якім займаецца з семнаццацігадовага ўзросту, і ганчарства. Даўно захапіўся адлюстраваннем навакольнага свету. Чаго толькі няма на яго здымках, гэта і краявіды Ушаччыны, якая стала роднай, і жывёльны свет, і прыгожыя куткі райцэнтра, якія час ад часу з’яўляюцца нават у рэспубліканскім друку.

Пра ганчарства трэба гаварыць асобна. Сам Уладзімір Іванавіч расказвае:

– Збіраючы “на потым” кнігі па разьбе і роспісе па дрэве, па ганчарстве, ткацтве, кавальскай справе, архітэктуры драўлянага дойлідства, пячных і іншых відах работ, знаходзячы ў зямлі на месцах хутароў рэшткі вырабаў, я стаў тут, у Арэхаўне, сам з гліны ляпіць спачатку копіі рускай цацкі, а потым вырабляць посуд і іншае. Самастойна зрабіў ганчарнае кола – электрычнае і нажное.

На самых розных выставах, святах пабываў наш ганчар, несучы людзям плён карпатлівай творчай працы. Запомніўся, напрыклад, удзел у кірмашы “Восень-87” у Віцебску, дзе разам з дачкой Наталляй Уладзімір Бязрукаў выстаўляў цацкі і керамічныя пано. Дарэчы, рукамі майстра зроблена больш 500 асобных работ традыцыйнай керамікі.

І да ўсяго ён даходзіў самастойна. Так, займаўся па кнігах ад “Лепкі ў дзіцячым садзе” да “Беларускага народнага адзення”, “Археалогіі і нумізматыкі ў Беларусі”. Збіраў узоры бытавой керамікі па раёне. Двойчы праходзіў абласныя курсы.

Работа з глінай патрабуе старання, калі ставіцца задача зрабіць дастойную рэч. Перш за ўсё, матэрыял павінен быць вымаражаны, перацёрты на металічнай тарцы для выдалення прымесяў. А якая патрэбна дакладнасць рухаў непасрэдна ў час выхаду вырабу. Абпальванне – таксама немалаважны працэс, пры якім мае значэнне канструкцыя канкрэтнага горна.

Над сваімі прыгожымі вырабамі майстар чаруе ў міні-майстэрні, якая размешчана ў падвале ўласнага дома, што Уладзімір Іванавіч пабудаваў па сваім праекце з дапамогай жонкі і дачок. Адна з іх, аматарка дызайнерскіх знаходак, зрабіла прыгажосць навокал.

Так атрымалася, што ў вёску Арэхаўна ён трапіў, адгукнуўшыся на прапанову былога дырэктара аднайменнага саўгаса А.С.Рубіса. Стаў працаваць прарабам. Ішоў час, усё мянялася. Быў машыністам, аператарам кацельні, інжынерам камунгаса, вартаўніком ПУП “Сарочына”. Цікава, што хацеў весці гурток ганчарства пры раённым Доме рамёстваў, але жадаючых займацца не знайшлося. Што датычыцца іншых пасад, то Уладзімір Іванавіч уладкоўваўся на работу з аглядкай на тое, каб зручна размяркоўваць час, не ўпускаючы сваіх захапленняў.

І сутак хапала на ўсё. Каля тысячы фотаздымкаў сведчаць аб актыўным удзеле Уладзіміра Бязрукава ў мастацкай самадзейнасці, ён быў гітарыстам у саставе вакальна-інструментальнага ансамбля. Арэхаўна тады “грымела”. Маладыя людзі выступалі ў вёсцы, выязджалі з канцэртамі ў іншыя месцы. Удзельнічае ён і цяпер у двух аматарскіх аб’яднаннях раённага Дома культуры…

Здаецца, так нядаўна ўсё гэта было, а ўчарашняму маладому музыканту сёлета споўнілася 60 гадоў. Міжволі аднаўляе ў памяці тое, што прайшло, і застаецца задаволены сваім жыццём.

Так склаўся лёс, што, нарадзіўшыся ў горадзе Пушкіна Маскоўскай вобласці, Уладзімір Іванавіч знайшоў сваю Алену Канстанцінаўну ў Беларусі, дзе праходзіў службу, а яна была навучэнкай тэхнікума. Палюбіў край незвычайнай прыгажосці і шчырых людзей. Не думаў, не гадаў, а аказаўся на нашай Ушаччыне і нясе сваёй творчасцю радасць кожнаму, хто з ёю знаёміцца.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



1 комментарий по теме “Просто мастер Владимир Безруков

  1. Почему бы не разместить хотя бы несколько его фотографий в статье?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *