Сярод разнастайных святаў і традыцый, на якія так багаты беларускі каляндар, асабліва вылучаецца Купалле, што адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Свята летняга сонцастаяння, якое дайшло да нас з даўніх часоў, заўсёды шанавалася нашымі продкамі. У гэты час плятуць вянкі, паляць кастры, спяваюць песні, водзяць карагоды вакол агню і шукаюць папараць‑кветку.
Мерапрыемства адбылося ў цэнтры культуры. Супрацоўнікі падрыхтавалі насычаную канцэртную праграму: песні і беларускія народныя танцы перанеслі гледачоў у мінулыя стагоддзі, паказалі, як нашы продкі адзначалі Купалле. Асаблівай увагі заслугоўвала традыцыя пляцення вянкоў з палявых кветак. Арганізатары паклапаціліся, каб кожны жадаючы змог пакрасавацца ў каларытным уборы. Умелыя супрацоўніцы раённай бібліятэкі за вечар вырабілі дзясяткі вянкоў, а майстры Дома рамёстваў і работнікі ТЦСАН прапанавалі гасцям прыгожыя сувеніры.
Запомнілася і з’яўленне дзяўчынкі‑Купалінкі. Яна падрыхтавала для гасцей выпрабаванне на кемлівасць: загадвала старадаўнія загадкі пра сонца, ваду, кветкі і лясных насельнікаў. Дзеці і дарослыя ахвотна ўключаліся ў гульню, што надало святу асаблівы каларыт.
Самым яркім і чаканым момантам стала запальванне купальскага вогнішча, вакол якога сабраліся ўсе жадаючыя. А дрэннае надвор’е не перашкодзіла ўшачанам разам ушанаваць Купалле.
Анастасія ПОЛАЗАВА.



