Напярэдадні Дня гандлёвых работнікаў прадстаўнікоў галіны павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Хамёнак. Лісты падзякі Ушацкага раённага выканаўчага камітэта яна ўручыла загадчыкам магазінаў “Еўраопт”, “Залаты колас” і “Капеечка” Аксане Падсаднік, Наталлі Голубевай, Галіне Маковіч (на здымку) і Алене Сталыга.
Маленькі па плошчы, невялікі ў вазе агульнай выручкі ўсіх гандлёвых кропак раёна і важкі па аўтарытэце пакупнікоў, які магазін “Залаты колас” напрацоўваў гадамі, можна сказаць, збіраў па каласках. За 17 год існавання “глыбоцкай” крамы, як яе і зараз называюць многія па першых заснавальніках – мясакамбінаце, а потым камбікормавым заводзе – накапіў сваіх устойлівых пакупнікоў. Хаця атрымлівалася гэта і няпроста, і не ў адначассі, у тым ліку і з-за змены ўласнікаў. І вось ужо восем гадоў ушацкі “Залаты колас” – адзін з філіялаў гандлёвага сеткавіка, які трымае пад сваім крылом 13 магазінаў. А з першых дзён яго існавання ў ім працуюць загадчыца крамы Наталля Голубева і прадавец Наталля Кандрацкая, якія і “раскручвалі” гандлёвую кропку.
Першым часам спрыяла таму выключна якасная беларуская прадукцыя – многія спецыяльна ішлі за і вельмі смачнымі каўбасамі Глыбоцкага МКК. “Маскоўская”, “Дзядулін гасцінец”, “Замкавая”… – яны і зараз даспадобы, тым больш што заўсёды свежыя. Многія наведваюць краму і ў тым ліку з-за яек – толькі тут яны прадаюцца паштучна, а таму намнога танней – 3.20 за дзясятак. На вагу і пячэнне. Ну а самае хадавое пытанне да прадаўцоў: “Ці ёсць селядзец?”. Маласольны, тлусты, вельмі смачны – гэта яшчэ адна “залатая фішка” крамы.
Працуе магазін без выхадных і абеду, толькі ў суботу і нядзелю – па скарочаным графіку. Тавар паступае тры разы на тыдні і заўсёды свежы, ну а асартымент яго значна пашырыўся два гады назад. Спрыяла таму якраз вялікая колькасць пакупнікоў.
– Раз прыйшлі да нас, трэба, каб набылі ўсе неабходныя прадукты. Так, акрамя гатовых каўбасных вырабаў з’явілася мяса, шашлык, іншыя паўфабрыкаты. Нейкі час адчулі недахоп свініны з-за ўнутраных праблем комплексаў і падстрахаваліся, заключылі дагаворы з дадатковымі пастаўшчыкамі – прыйшлі маладзечанскі “Велес”, магілёўскі “ПіКанГандаль”, ААТ “Александрыйскае”, – дзеліцца сакрэтамі Наталля Леанідаўна. – Намнога больш стала “малочкі”, бакалеі, вялікі выбар “кандытаркі”. Зразумела, павялічылася нагрузка і адказнасць, і два гады таму ўзялі трэцяга прадаўца – нам пашчасціла з вопытным работнікам Таццянай Рамашэўскай, якая для ўліку тэрмінаў годнасці вядзе спецыяльны сшытак, па якім штодня правяраем пратэрміноўку. Валодае яна і галоўным правілам нашай каманды – не маўчаць. Рэкламуем навінкі, прапаноўваем узяць на спробу – і чалавек, які прыйшоў за нечым канкрэтным, пакідае магазін з поўнай сумкай. А ў зале былі іншыя пакупнікі і таксама зацікавіліся”.
“Густы ўшачан мы ведаем выдатна, бо да нас ходзяць гадамі. Адзін з паважаных ветэранаў працы нядаўна выказаўся, што Наталлі Леанідаўне ордэн трэба ўручыць за вернасць “Залатому коласу”. Нават адпачываючых з санаторыя пазнаём. Яны хоць і сезонныя пакупнікі, але абавязкова пакідаюць Беларусь з упакоўкамі нашай згушчонкі, сметанковага масла, каўбас – аднойчы на 300 рублёў толькі іх накупілі, а возяць нават у Сургут”, – прыгадвае Наталля Кандрацкая ў пачатку аднаго з самых напружаных – чацвярговых дзён. Летам, у час адпачынкаў, нагрузка ўзрастае, аднак і зімой, і па панядзелках паток пакупнікоў нізкім не назавеш, і “коласаўцы” з задавальненнем адзначаюць рост дабрабыту нашых людзей.
Дзённая выручка магазіна ў асобныя дні даходзіць да 7 тысяч рублёў. Паўгадавы план “Залаты колас” перавыканаў на 2 працэнты з рэнтабельнасцю 1,2.
А колькі ўдзячных водгукаў паступае аб рабоце гэтай кропкі. Папрасілі некалькі кліентаў пашырыць асартымент хлеба – і дзеля 5-6 боханаў складаюцца дагаворы, узгадняецца графік і тавар паступае на паліцы. Падобныя прыклады ўзорнай работы са зваротамі грамадзян рэдакцыя атрымлівала неаднойчы. Як бачыце, нават не па каласках, а па зярнятках напрацоўваўся аўтарытэт, а любая негатыўная сітуацыя “гасілася” ўсмешкай. Яе наяўнасць – такі ж абавязковы атрыбут, як зручны абутак на нізкай падэшве ці роўная постаць. Прадаўцы выдатна ведаюць, што калі сутулішся – пачынае балець спіна, таму трымацца “горда” і быць у настроі – тыя плюсы няпростай прафесіі, якія сталі нормай і ў паўсядзённым жыцці. Ну а што датычыцца ўзнагарод, то да прафесійнага свята Наталля Леанідаўна яе атрымала – няхай не ордэн, але ўклад “Залатога коласа” не застаўся незаўважаным кіраўніцтвам раёна – супаў з удзячнасцю пакупнікоў.
Вольга Караленка.
На здымку: Н.Кандрацкая, Н.Голубева, Т.Рамашэўская.


