Прадавец магазіна “ПраЗапас” Юлія Рамашэўская заняла трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод работнікаў “Белкаапсаюза”. Разам з калегамі з Віцебска і Верхнядзвінскага філіяла яна прадстаўляла каманду вобласці, у якой – максімальная колькасць балаў за прэзентацыю, а таксама абсалютны пераможца конкурсу. Усяго за званне “Лепшы па прафесіі” спаборнічалі 24 удзельніцы.

Некалькі тыдняў перад 20 жніўня Юлію Васільеўну можна было бачыць за прылаўкам з падручнікам. Кожную вольную хвіліну прадавец 5-й (вышэйшай) катэгорыі штудзіравала правілы гандлю, правы спажыўцоў, нягледзячы на тое, што і абласны конкурс паспяхова пераадолела, і на рэспубліцы ў фінал раней выходзіла. Здаецца, ведала, на чым “ловяць” члены журы, аднак усё роўна вельмі хвалявалася.
– Мінулы конкурс праходзіў два гады таму, за гэты час многае змянілася, асабліва ў правах пакупнікоў. Па-другое, я раней працавала выключна на нехарчовых таварах, у “ПраЗапасе” толькі пачынаю. Ды і вучылася даўно, таму паўтараць тэорыю трэба, не гаворачы пра тое, што немагчыма прадбачыць усіх пытанняў, – дзеліцца ўражаннямі Юлія.
”Ты прадстаўляеш вобласць – гэта адказнасць, тым больш што і старшыня аблспажыўтаварыства пастаянна цікавіўся падрыхтоўкай, і калегі перажывалі. Я ведала, што конкурс вельмі складаны, аднак сёлета ўзровень аказаўся яшчэ больш высокім, а ўсе канкурсанткі – моцна падрыхтаванымі”.
Такім было адно падчас дзелавой гульні – практычнай частцы, калі канкурсант аказваецца за прылаўкам, а члены журы становяцца пакупнікамі. Юлія “гуляла на сваім полі” – у школьным кутку аднаго з магазінаў Светлагорска. Падобны білет выцягнула і ў мінулы раз, таму і зручны ранец з фіксуючай спінкай “прадала”, і канцтаварамі яго лёгка напоўніла. А вось што з усім асартыментам школьнага адзення можна азнаёміцца на сайце Міністэрства адукацыі, не ведала. Іспыт, тым не менш, яна прайшла на максімальныя балы, як і ўсе разам прэзентацыю каманды – экскурс у 110-гадовую гісторыю спажыўкааперацыі з палётам у будучыню. Удзельніц з Віцебшчыны пасля візітоўкі ўсе клікалі сцюардэсамі – такі вобраз і падтрымлівалі ў спецыяльна пашытай форме, а на рэпетыцыі неаднойчы збіраліся ў абласным цэнтры. Дарэчы, матэрыял на сайце “Беларусь. Сегодня” пачынаецца з фота менавіта віцебскай “касмічнай” каманды.
Сёлетні конкурс прафмайстэрства прадаўцоў быў юбілейным – 35-м, да таго ж, супаў з Годам беларускай жанчыны, а гандаль спажывецкай кааперацыі, як і ўвогуле ў Беларусі – мае жаночы твар. Больш таго, гэты твар пяшчотных мам. Сярод фіналістак (у групе харчовых і нехарчовых тавараў вызначаліся тры першыя месцы) аказалася пяць шматдзетных мам. Наша Юлія Рамашэўская таксама выхоўвае траіх дзяцей, пры гэтым заўсёды выглядае як фотамадэль.
Для Юліі ўдзел у конкурсе – гэта заўсёды пераадоленне сябе: і не толькі таму, што траціш шмат часу, нерваў. Яна цяжка пераносіць даўгія падарожжы, а праводзіліся іспыты ў Гомельскай і Гродзенскай абласцях. Затое наступным месцам абраны Мінск, а Юлію Васільеўну ўжо запрасілі да ўдзелу.
Вольга КАРАЛЕНКА.
