Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў савецкія часы заставаўся асноўным дзяржаўным святам, а вынікамі дасягненняў маладой краіны былі новыя заводы, школы, бальніцы, адкрыццё якіх звычайна і прымяркоўвалі да знакавай даты. Так, свой дзень нараджэння ў нашым раёне 7 лістапада адзначаюць газета “Патрыёт”, музей народнай славы, тэлерэтранслятар. Традыцыя захавалася і ў суверэннай Беларусі. І сёлета падчас урачыстага мітынгу, які праходзіў, канечне, ля помніка арганізатару рэвалюцыі Уладзіміру Леніну, ушачане атрымалі вельмі чаканыя падарункі – два новыя аўтобусы, якія будуць курсіраваць як па раённых маршрутах, так і звязваць гарпасёлак з гарадамі вобласці. Ключы ад выпушчаных у Беларусі МАЗ-257 старшыня райвыканкама Сяргей Шамовіч і начальнік участка “Ушачы” філіяла “АТП №6 г.Наваполацка” Раман Рудзёнак уручылі вопытным вадзіцелям прадпрыемства Канстанціну Каваленку і Аляксандру Правадзе.
Хаця не толькі яны ведаюць, наколькі запатрабаваныя ў нашым парку новыя машыны, але і многія вяскоўцы: калі здаралася паломка, замены транспарту проста не было. За апошнія ж два гады ўчастак атрымаў 4 новыя адзінкі, такім чынам абнавілася чацвёртая частка парка. Прычым, 31-мясцовы МАЗ-257 адрозніваецца асаблівай цягавітасцю, прыстасаваны для вясковых дарог, паколькі першапачаткова выпускаўся выключна як школьны аўтобус.
На плошчы развіваліся сцягі, гучалі тэматычныя песні, у тым ліку ў выкананні Народнага харавога калектыву “Ветэран”. Ну а ўдзельнікі мітынгу пасля ўрачыстай часткі і ўскладання кветак да падножжа помніка правадыру сусветнага пралетарыяту змаглі пракаціцца на аўтобусах да наступнай лакацыі мерапрыемства – музея народнай славы.
У фае можна было азнаёміцца з газетамі, лістоўкамі, плакатамі рэвалюцыйнага 1917-га, а больш часу правялі прадстаўнікі працоўных калектываў і ветэраны працы на выставе рэчаў савецкіх часоў, тым больш што галоўны захавальнік фондаў Святлана Турло цікава расказала пра эвалюцыю рарытэтаў да сучасных мадэляў. Калі старэйшае пакаленне разглядала прымусы ды лямпавыя тэлевізары з доляй настальгіі, то юнакі і дзяўчаты – з яўнай цікаўнасцю, паколькі і не здагадваліся пра назначэнне многіх экспанатаў.
У большай ступені для моладзі ладзіўся і тэматычны вечар “Пакаленні разам: захоўваючы мінулае, будуем будучыню”. Паколькі падзеі рэвалюцыі аддалены ад іх стагоддзем, то пад архіўную кінахроніку старшыня ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская расказала пра перадумовы галоўнай падзеі ХХ стагоддзя. Пётр Мечыслававіч Мажэйка ў свой час кіраваў сельгаспрадпрыемствам, якое насіла імя правадыра: да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі калгас імя Леніна, як і многія іншыя, браў павышаныя абавязацельствы па надоях і прывагах, а дэлегацыя з транспарантамі абавязкова накіроўвалася ў райцэнтр на агульны мітынг з шэсцем калектываў. Такія фотаздымкі, у прыватнасці, 1967-га і наступных гадоў ёсць у фондах музея, як і момант перадачы бюста Леніна сынам Юліі Лаўрыновіч з Гушчынскай Слабодкі, якая ўсю Вялікую Айчынную хавала яго. Хоць гіпсавыя скульптуры выпускаліся да вайны масавымі партыямі, жанчына тым не менш рызыкавала жыццём – такая сіла веры ў ідэі камунізму існавала ў савецкіх людзей, так моцна даражылі яны яе сімваламі. З гонарам насілі піянерскія гальштукі, камсамольскія значкі, захоўвалі партыйныя білеты. Пра ланцужок пераемнасці паміж маладзёжнымі і партыйнай арганізацыяй расказала былая вучаніца і дырэктар Плінскай школы Кацярына Фёдараўна Касцюковіч.
Пазнавальным вечар аказаўся для ўсіх.
Вольга Караленка.



