У непрыемную сітуацыю трапіў нядаўна наш 43-гадовы зямляк. Хоць і быў асцярожным (ведаў пра магчымыя ўлоўкі інтэрнэт-махляроў, ніколі не адказваў на падазроныя званкі і паведамленні), нечакана для самога сябе пазбавіўся больш чым 10 тысяч рублёў.
У той дзень ушачанін закупіўся ў магазіне прадуктамі і, нічога не падазраваючы, спакойна ехаў дамоў. Па дарозе яму на смартфон паступіла паведамленне – у ім указваўся нейкі код, а таксама папярэджанне, маўляў, нікому яго нельга паведамляць. Вядома, рабіць гэта мужчына і не збіраўся. Але ж пра свой рахунак, адкрыты для пералічэння заработнай платы ў “Альфабанку”, занепакоіўся. Зайсці ў інтэрнэт-банкінг для праверкі балансу адразу не змог: усё завісла, экран тэлефона згаснуў. Ужо дома з другой прылады мужчына звязаўся з банкам – і аперацыі па рахунку заблакіравалі. Вось толькі “ратаваць” ужо не было чаго…
Як пазней высветлілася, махляры ўзламалі профіль нашага земляка ў адным з маркетплэйсаў. Такім чынам атрымалі доступ да яго плацежных даных – а разлічваўся ўшачанін якраз сваёй зарплатнай карткай.
Будзьце пільнымі, карыстаючыся паслугамі інтэрнэт-магазінаў. Не пераходзьце па падазроных спасылках, не кантактуйце з прадаўцамі ў іншых мэсанджарах. Настройце дадатак такім чынам, каб яго было складаней узламаць: напрыклад, уключыце ўваход па біяметрыі (адбітку пальцаў ці Face ID, калі яны ёсць на тэлефоне). Не “прывязвайце” да акаўнта зарплатную/пенсійную карту – лепш завядзіце нерэальную, на якую пераводзьце грошы толькі пры патрэбе.
Наталля ПОДРАЗ, часова выконваючы абавязкі начальніка Ушацкага раённага аддзела Следчага камітэта.

