Занятия с восточным колоритом, или как в Ушачах учат китайский язык

Образование и молодежь

Заняткі ва Ушацкай школе мы наведвалі не раз. Нагоды былі самыя розныя, але такой экзатычнай, як зараз – яшчэ ніколі. З 1 верасня ва ўстанове пачалі вывучаць кітайскую мову – і прапусціць унікальны факультатыў мы проста не маглі. Адразу прызнаемся: з пачутага ў той дзень запомнілі толькі “ні хао” – такім прывітаннем вучні сустрэлі нас ва аўдыторыі, аформленай у стылі Паднябеснай.

Прыходзім у школу загадзя. У кабінеце кітайскай мовы ідзе падрыхтоўка да заняткаў – вопытны педагог В.А.Панамарова, якая сёлета скончыла Інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, штосьці старанна выводзіць на дошцы. Прыкмеціўшы нашу зацікаўленасць, тлумачыць: “Калі ў алфавіце беларускай мовы трыццаць дзве літары і, чаргуючы зычныя і галосныя, мы атрымліваем словы, а з іх ужо складаем сказы, то кітайская пісьменнасць прадстаўлена іерогліфамі, падобнымі на маленькія выявы – у кожным утоена пэўнае слова. Колькі іх – дагэтуль загадка. Вялікі зборнік кітайскіх іерогліфаў, напрыклад, змяшчае больш за пяцьдзесят тысяч”.

На пытанне, ці па сілах звычайнаму чалавеку ад “а” да “я” вывучыць мову Паднябеснай, педагог усміхаецца і заўважае: “Немагчымага не існуе! Я праходзіла стажыроўку ў Кітаі і магу сказаць, што самі карэнныя жыхары не заўсёды разумеюць адзін аднаго. А ўсё таму, што ў краіне шмат розных дыялектаў са сваім вымаўленнем. Але ж практыка дапамагае авалодаць мовай”.
Затое з вучнямі ў Вольгі Аляксандраўны поўнае паразуменне! Зараз на факультатыў да яе ходзяць прадстаўнікі трэціх, пятых, а таксама шостых класаў. У групах – па сем-дзевяць чалавек, што дазваляе педагогу максімальна плённа весці заняткі, удзяляючы ўвагу кожнаму школьніку.

Сваю вучобу ў Інстытуце кітаязнаўства В.Панамарова называе самым няпростым, аднак цікавым этапам свайго жыцця. Заняткі, экзамены, стажыроўка… Толькі трэць студэнтаў здолелі справіцца з нагрузкай, завяршыць навучанне і атрымаць спецыяльнасць выкладчыка кітайскай мовы. Атрыманы ж нашай зямлячкай чацвёрты міжнародны ўзровень авалодання мовай дазваляе ёй працаваць нават у Кітаі. Зрэшты, на гэтым яна не спыняецца: самастойна працягвае навучанне, дадаткова асвойвае іспанскую мову, не забываецца, вядома, і пра англійскую, якую выкладае ў школе.

“Кітайскую мову многія называюць адной з самых “мудрагелістых”, – кажа В.А.Панамарова. – Трэцякласнікам складаней удвая: для іх сёлета пачалося яшчэ абавязковае вывучэнне англійскай ці нямецкай. Ці спраўляюцца? Канечне, “выпадковых” вучняў на нашым факльтатыве проста быць не можа – усе стараюцца, актыўна працуюць у школе і дома. У гэтай сувязі хачу падзякаваць іх бацькам – не толькі за набытыя дапаможнікі па кітайскай мове, але і маральную падтрымку, якую яны аказваюць дзецям”.

І вось за партамі з’яўляюцца юныя “знаўцы мовы Канфуцыя”. Адны расказваюць пра сябе – вядома ж, па-кітайску. Другія без праблем чытаюць напісанае на дошцы – як высветлілася, гэта сённяшняя дата, а лічэбнікі яны ўжо асвоілі. Ну а трэція тым часам штосьці акуратна выводзяць. Назіраем за працэсам і ўпэўніваемся: напісанне іерогліфаў – гэта адначасова творчасць, стараннасць, дакладнасць. Адна рыса, размешчаная вышэй ці ніжэй, можа кардынальна змяніць сэнс выраза.

“Не кожны дарослы так спрытна справіцца з такой задачай, як наша шасцікласніца Насця Сабін – почырк у яе сапраўды каліграфічны, – з гонарам расказвае Вольга Аляксандраўна. – На “ўра” спраўляецца з дыктантамі (не здзіўляйцеся, мы іх ужо таксама пішам) пяцікласніца Яна Пацэйка. Ну а трэцякласнік Раман Форсман – майстар інтанацыйных тонаў (такіх няма ў рускай і беларускай мовах, а для іх вымаўлення трэба часта мяняць вышыню голасу)”.

“Нам няпроста, але мы стараемся, – прызнаюцца школьнікі. – Праз вывучэнне мовы знаёмімся з гісторыяй, культурай Усходу – гэта вельмі цікава! Марым калі-небудзь пабываць у Кітаі – і веданне мовы ў гэтым дакладна спатрэбіцца”.

Для таго ж, каб яе асвоіць, у школе ёсць практычна ўсё неабходнае. Кнігі, розная сувенірная прадукцыя перададзена з кітайскага горада Тайань, з якім у нашага раёна наладжаны сяброўскія сувязі. У кабінет набыты магнітна-маркерная дошка, а таксама камп’ютар, на якім “транслююцца” навіны, розныя перадачы. У перспектыве плануецца таксама прадугледзець устаноўку мульціборда, канчаткова завяршыць тэматычнае афармленне.

На факультатыў па кітайскай мове вучні трэціх, пятых класаў ходзяць двойчы на тыдзень. Шасцікласнікі ж, якія часткова аплачваюць такія заняткі, робяць гэта па суботах.
“Нярэдка да нас “для знаёмства” заходзяць іншыя навучэнцы, – кажа В.А.Панамарова. – Кітайская мова зацікавіла многіх, таму не выключаю, што ў наступным навучальным годзе жадаючых яе асвоіць пабольшае. Буду рада ўсім – але ж лічу, што для найлепшага эфекту пачынаць трэба як мага раней.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *