Ушачане на «Славянском базаре»

Общество

Хто з ушачан не пабываў ў гэтыя дні на “Славянскім базары ў Віцебску”? Такіх мала. Бо хмуры ці сонечны дзень – на настрой святочнага Віцебска гэта не ўплывае. Горад мяняецца, здаецца, толькі захапленнем жывуць госці і гаспадары паўднёвай сталіцы. Як і кожны год, ушачане былі ў гушчыні падзей базару, паколькі працавалі на розных адкрытых пляцоўках культработнікі, народныя майстры і работнікі гандлю. Чарга стаяла ў “рэстаране на свежым паветры” за прадукцыяй грамадскага харчавання, расхоплівалася наша кулінарная выпечка. Спецыяльна да базару набыта вялікая палатка на 36 пасадачных месцаў. І штодня раніцай у Віцебск накіроўвалася машына са свежым таварам, а за пяць дзён райспажыўтаварыства зарабіла 48 мільёнаў рублёў. І калі адны ўшачане працавалі, то другія адпачывалі. Дзякуючы свайму калектыву, які арганізавана набыў білеты, ці раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, што арганізавала паездку для прадстаўнікоў розных арганізацый раёна, якія фінансава падтрымліваюць добрыя справы фонду міру. Яе кіраўнік Т.М.Малак, як сапраўдны патрыёт бацькаўшчыны, наўмысна абрала для падарожжа ўшачан менавіта канцэрт майстроў мастацтва Беларусі.

Моладзь жыве ярка!

У рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” вельмі насычана прайшоў дзень моладзі, арганізаваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. На святочныя мерапрыемствы адправілася і дэлегацыя Ушацкага раёна.
Трэба сказаць, што для ўдзелу ў Дні моладзі ў фестывальны Віцебск з’ехаліся маладыя людзі не толькі з усёй вобласці, але і з усёй рэспублікі! Як даніна памяці і павагі, перш прайшла патрыятычная акцыя “Мы памятаем і ганарымся!” Дэлегацыі ўсклалі кветкі і вянкі да мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі, вянок ад ушацкай моладзі таксама лёг да Вечнага агню.
На самай вялікай плошчы Віцебска разгарнуліся асноўныя мерапрыемствы, адно з самых яркіх і захапляльных – міжнародны маладзёжны фестываль “Агонь танца-2012”. Стрыт-шоу, лаціна, брэйк, шоу-праграма – цяжка вылучыць лепшых сярод бязмежнага таленту моладзі.
Паказаць на што здольныя з розных абласцей прыехалі і прадстаўнікі маладзёжных субкультур: скейтборд, велатрэал, бодзі-арт, брэйк-данс, хіп-хоп, графіці, ролерспорт, якія далі майстар-класы і выклікалі захапленне ў публікі. Месца было адведзена і конкурсу малюнкаў на асфальце, у якім прынялі ўдзел і дарослыя, і дзеці. На выстаўку матацыклаў запрашаў віцебскі мотаклуб “Псы дорог”, адважныя змаглі нават з ветрыкам пракаціцца па фестывальным горадзе. А самыя неардынарныя, музыкальныя, экстрэмальныя каманды праяўлялі сябе падчас маладзёжнага фэсту “Капілка талентаў”.
Пералічыць і тым больш наведаць усе маладзёжныя мерапрыемствы даволі складана. Адно ясна: талентаў, здольнасцей, энергіі і запалу беларускай моладзі не займаць. Ушацкая ж дэлегацыя маладых ды актыўных была настолькі ўражана ўсім убачаным, што ніяк не хацела вяртацца дадому, іх і зараз перапаўняе жаданне акунуцца ў такую незвычайную атмасферу яшчэ раз!
На адкрытых пляцоўках

Творцы Ушаччыны выязджалі падчас работы “Славянскага базару ў Віцебску” ў абласны цэнтр штодзень. На момант адкрыцця фэсту на “Ушацкім падворку” быў прадстаўлены народны клуб нацыянальнай кухні “Прысмакі” раённага метадычнага цэнтра. Госці маглі паспрабаваць нашу традыцыйную страву, прыгатаваную ўдзельнікамі аматарскага аб’яднання, пачуць беларускія песні. А яшчэ ў гэты дзень і наступныя два наведвальнікі захапляліся вырабамі майстроў народнага клуба “Адраджэнне” РДК: сям’і Мурашовых і Тамары Аваднёвай. Культработнікі раённага Дома культуры наладзілі трохдзённы выезд у Віцебск таксама канцэртнай групы ў саставе эстраднай групы “Ода” і выканаўцы сучасных песень Алены Банеўскай. Нашы прадстаўнікі выступалі перш за ўсё ў парку Пераможцаў, дзе прадстаўлялі свае нумары не толькі беларусы, але і расіяне, украінцы, самадзейныя артысты іншых нацыянальнасцяў. “Ушацкі падворак” жа размяшчаўся па вуліцы Суворава. Гучалі вясёлыя лірычныя песні, а з вопыту культработнікі ведаюць, што якраз такія мелодыі ствараюць настрой людзям на адкрытых пляцоўках. Прыцягвала ўвагу віцябчан і гасцей абласнога цэнтра таксама наладжанае выязной групай РДК караоке. У мінулую нядзелю гэтая ўшацкая канцэртная група вярнулася дадому. А ў панядзелак у Віцебск накіраваўся зноў жа на тры дні яшчэ адзін канцэртны састаў: культработнікаў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці сельскіх устаноў культуры. Пётр Алексяёнак, Віка Бойчанка, Сяргей Мядзведзеў, Вольга Мацулевіч, іншыя гарманісты і спевакі ад усёй душы знаёмяць незнаёмых людзей са сваёй творчасцю. Побач з імі на “Ушацкім падворку” выстаўляюць свае вырабы майстры раённага Дома рамёстваў Айгуль Смык, Юлія Пятніца, Руслан Шыдлоўскі на чале з дырэктарам гэтай культустановы мастаком М.А.Багдановічам, які ўсе фестывальныя дні прадстаўляе ў абласным цэнтры ўшацкае выяўленчае мастацтва.
Што і казаць, вялікае свята “Славянскі базар у Віцебску” ахапіла ўсю Беларусь. І наш раён уносіць у гэта сваю лепту.



1 комментарий по теме “Ушачане на «Славянском базаре»

  1. Молодец Пётр Алексеёнок,прославляй Косори на Славянском базаре! Тебя приветствует д.Дубинец

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *