Слова благодарности — лучшая награда для журналиста. Наши читатели о «Патрыёце»

Общество

Журналісты “Патрыёта” у час рэдакцыйнай планёркі.

Для журналістаў лепшая удзячнасць – гэта добрыя словы нашых падпісчыкаў. Мы чуем іх часта, а прыводзім у такіх вось рэдкіх выпадках. Скромнічаем? Не. Проста радаваць вас цікавымі матэрыяламі, дапамагаць у вырашэнні пытанняў, асвятляць тое, што хвалюе – наш прафесійны абавязак. А выконваць яго мы заўсёды імкнёмся сумленна.

Аксана Любельская:
“Апошнім часам усе навіны чытаю ў тэлеграм-канале “Патрыёта”, там жа, на сайце ці на іншых старонках газеты ў інтэрнэце бачу відэа і шмат здымкаў. Здаецца, усё ўжо ведаю, а газету чакаю з нецярпеннем. Для мяне ні з чым не параўнальны момант раскрыцця свежага выдання з пахам фарбы, а чытаць друкаваны варыянт намнога прыемней, тым больш што ў газеце заўсёды ёсць тое, чаго не было ў інтэрнэце. А яшчэ я захоўваю нумары, каб адвезці маме ў Шаркаўшчынскі раён. Ёй вельмі падабаецца менавіта наша “раёнка”.

Людміла Нікіціна:
“Некалі я, у былым паштальён, прыносіла “Патрыёт” да ўшачан і дакладна ведаю, што менавіта “раёнка” – самае чытаемае выданне землякоў: у сераду і суботу яна займала амаль усю маю сумку. Так было раней, так застаецца і цяпер. Зараз з такім жа нецярпеннем чакаю калег, а дні выхаду “Патрыёта” – заўсёды асаблівыя, бо прыносяць разнастайнасць, навізну. Дзякуй вам, журналісты, за цікавыя матэрыялы”.

Наталля Конух:
“У нашай сям’і ідзе “барацьба” за тое, хто першы прачытае “Патрыёт”. Можна сказаць, падкаравульваем паштальёна, каб хутчэй узяць “раёнку” ў рукі, аднак паколькі дома разам, аднаасобна старонкі не пагартаеш, даводзіцца вымаць укладыш і дзяліць газету. Я атрымліваю задавальненне літаральна ад усяго, не магу вылучыць асобна нейкія рубрыкі ці тэмы. “Раёнка”, як мы ўсе яе ласкава называем – любімая газета нашай сям’і”.

Вера Балаболкіна:
“Шчыра кажу, што проста не магу жыць без нашай газеты, у якой мне цікава ўсё. Я ўжо на пенсіі, мала дзе бываю, таму літаральна пра ўсе навіны даведваюся з “Патрыёта”. І проста не разумею людзей, якія не выпісваюць “раёнку”. А яшчэ я выконваю даручэнні былой суседкі Ліліі Васільеўны Грышкевіч, якая жыве ў Маскве, фатаграфую матэрыялы пра знаёмых людзей, гісторыю краю і адсылаю ў электронным выглядзе. Калі ёсць нагода – перадаю ёй і нумары газет – гэта лепшы для яе падарунак з малой радзімы”.

Станіслаў Міхалевіч:
“Хоць я вырас у Віцебску, а ва Ушачах бываў толькі ў бабулі з дзядулям, мяне цікавіць усё, што адбываецца на малой радзіме бацькі. Таму з’яўляюся падпісчыкам усіх каналаў “Патрыёта”, адкуль і чэрпаю навіны. Здараецца, перасылаю рэдакцыі спасылкі, калі знаходжу нешта пра Ушаччыну. І зразумела, усім дзялюся з бацькам, які застаецца ў курсе усіх падзей свайго раёна.

Вольга КАРАЛЕНКА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *