Не гриппуйте!

Здравоохранение

Адной з самых актуальных медыцынскіх праблем у свеце, у тым ліку і ў нашай вобласці, застаецца грып. У нас штогод захворвае на грып і вострыя рэспіратарныя інфекцыі каля 350-400 тысяч чалавек. І хаця захворванне пакуль знаходзіцца на неэпідэмічным узроўні, не трэба расслабляцца!

Сёлета прагназуецца цыркуляцыя новых вірусаў грыпу, яшчэ не вядомых нашай імуннай сістэме. Менавіта таму яны былі ўключаны ў сезонную антыгрыпозную вакцыну. У нашай краіне прышчапілася 35,7 працэнта насельніцтва, ва Ушацкім раёне гэты паказчык складае 35,3 працэнта, ці 5244 чалавека. Ёсць надзея, што эпідэміі не здарыцца. Прышчэпка ў чвэрці выпадкаў дае дадатковую абарону ад іншых рэспіраторных інфекцый.
Грып пачынаецца звычайна востра: ад заражэння да першых прыкмет захворвання праходзіць у сярэднім 1-2 дня. Праяўляецца ліхаманкай: пры лёгкім працяканні тэмпература павышаецца да 38°С, а пры цяжкім – вышэй за 40°С. Адзначаюцца моцны галаўны боль, боль у горле, нагах, паясніцы і суставах, слабасць, пагаршэнне апетыту, сухі кашаль, асіплы голас, рэзь у вачах. Пры ўсіх гэтых сімптомах трэба неадкладна звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Прычым, у эпідэмічны сезон трэба выклікаць урача на дом і пазбягаць кантакту з іншымі людзьмі: не хадзіць на працу, у магазін і г.д. Не займайцеся самалячэннем, прыём лекавых прэпаратаў ажыццяўляйце толькі пасля кансультацыі з урачом.
У ліку прафілактычных мер рэкамендуецца наступнае. Выходзячы на вуліцу, карыстайцеся аксалінавай маззю. Рэгулярна мыйце з мылам не толькі рукі, але і твар. Прымайце вітамінна-мінеральны комплекс, а таксама рэчывы, якія павышаюць агульную супраціўляльнасць арганізму: мёд, шыпшыну, настойкі жэньшэню і эхінацыі. Цыбулю, часнок ужывайце ў ежу або ўдыхайце пары гэтага здробненага прадукту. І памятайце: нішто не аднаўляе здароўе лепш, чым добры адпачынак пасля працы. Не сумуйце і не адчайвайцеся – даказана, што песімісты хварэюць часцей і цяжэй, чым аптымісты.
А.НІКІЦЕНКА, інструктар-валеолаг цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *