Нужна ли прививка уже переболевшим коронавирусом?

Здравоохранение

У Беларусі выяўлена некалькі выпадкаў інфіцыравання брытанскім штамам COVID-19. Ён здольны хутчэй распаўсюджвацца і, па папярэдніх даных, павялічвае цяжар працякання захворвання. Таму людзям па-ранейшаму трэба строга прытрымлівацца правілаў сацыяльнага дыстанцыравання, мыць рукі, насіць маскі і сур’ёзна падумаць пра вакцынацыю.

Першачарговая яе мэта – не столькі прадухіліць, колькі не дапусціць развіццё цяжкай формы захворвання. І ў гэтым плане вакцына будзе працаваць нават пры з’яўленні новых мутантных варыянтаў каранавіруса. Стваральнікі “Спутніка V” (менавіта гэты прэпарат выкарыстоўваецца зараз для імунізацыі насельніцтва ва Ушацкім раёне) зрабілі справаздачу аб трэцяй фазе выпрабаванняў: сур’ёзных пабочных наступстваў няма, эфектыўнасць – 91,6 працэнта.

Супрацьпаказаннямі да выкарыстання “Спутніка V” з’яўляюцца гіперадчувальнасць да яе кампанентаў, цяжкія алергічныя рэакцыі ў анамнезе, вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні. Нельга вакцынаваць цяжарных жанчын, непаўналетніх, з асцярожнасцю – тых, хто мае анкалагічныя і аўтаімунныя захворванні.

Прышчэпку робяць двойчы – з прамежкам у 21 дзень. Імунітэт фарміруецца не адразу, на найбольш поўную абарону можна разлічваць праз 1-2 тыдні пасля ўвядзення другога кампанента вакцыны.

Адмаўляцца ад прышчэпкі не варта і тым, хто перахварэў на COVID-19. З часам колькасць антыцелаў змяншаецца – узнікае небяспека паўторнага заражэння. Ужо праз 3-6 месяцаў пасля выздараўлення (незалежна ад цяжару працякання інфекцыі) можна правакцынавацца.

Пасля такой працэдуры ў ­першыя-другія суткі могуць узнікаць розныя рэакцыі: хваравітасць у месцы ін’екцыі, недамаганне, нязначнае павышэнне тэмпературы цела. Аднак яны знікаюць на працягу наступных 3 дзён. Сур’ёзных ускладненняў ні ў каго з прышчэпленых ушачан не зафіксавана.

Нагадаю, што ў паліклініцы ЦРБ арганізаваны папярэдні запіс насельніцтва на вакцынацыю супраць COVID-19 – пры звароце ў рэгістратуру, да ўчастковых тэрапеўтаў, вузкіх спецыялістаў, правядзенні прафілактычных аглядаў, а таксама шляхам апытання па тэлефоне. Ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі да правядзення прафілактычнай прышчэпкі не патрабуецца.

Па ўсіх пытаннях, звязаных з вакцынацыяй, можна звярнуцца ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па тэлефоне 5-75-97, а таксама ў цэнтральную райбальніцу – 5-77-34, 5-21-57.

П.САЎЧАНКА, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ушацкага раёна.

  • 9 красавіка ва Ушацкую ЦРБ паступіла чарговая партыя прэпарата “Спутнік V” (135 доз). Зараз ён выкарыстоўваецца для вакцынацыі работнікаў устаноў аховы здароўя, сацыяльнай сферы, адукацыі. Масавая імунізацыя супраць COVID-19 пачнецца ў нас у канцы красавіка – маі.
  • Згодна з Планам мерапрыемстваў па правядзенні вакцынацыі супраць інфекцыі COVID-19 на 2021-2022 гады, неабходна ахапіць вакцынацыяй не менш 60 працэнтаў насельніцтва. Гэта, на думку спецыялістаў, дапаможа прыпыніць, а магчыма, і абарваць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *