Радиопрограмме «Информационный вестник Ушачского района» — 15 лет!

Общество

У мінімум часу – максімум інфармацыі. Менавіта такім прынцыпам работы вось ужо на працягу 15 гадоў карыстаюцца супрацоўнікі ўшацкага раённага радыё “Інфармацыйны веснік” (гэты адлік вядзецца з часу заснавання. Хоць пазыўныя мясцовага радыё заклікалі да прыёмнікаў ушачан і на працягу папярэдніх дзесяцігоддзяў. За невялікім перапынкам радыё існавала ў складзе раённай газеты). Вядома, за час свайго існавання “Інфармацыйны веснік” паступова змяняўся, удасканальвалася сістэма падрыхтоўкі радыёпраграм, але галоўным заўсёды заставалася адно – накіраванасць на слухача.
Ля вытокаў зараджэння “Інфармацыйнага весніка” стаяў Фёдар Раманавіч Пацэйка, які аддаў гэтай справе больш за 10 гадоў. На змену яму ў снежні 2010 прыйшла новы рэдактар і вядучая Кацярына Суравец, а на працягу апошняга года гэтую пасаду займае Крысціна Гайко. З дня ўтварэння службы працуе тут бухгалтарам Таццяна Валер’еўна Рабіза. Гэтыя людзі рабілі і робяць усё, каб двойчы ў тыдзень – у сераду і суботу – ушачане змаглі пачуць са сваіх радыёпрыёмнікаў актуальныя навіны рэгіёна, выступленні спецыялістаў, інтэрв’ю з прадстаўнікамі ўлады, розных службаў і ведамстваў, перадаць віншаванні блізкім людзям.
Неяк давялося патрымаць у руках абсталяванне, якім карысталіся на радыё раней, – шчыра кажучы, такая ноша руку не грэла. Груз, канечне, не “завоблачны”, аднак, калі ўявіць, што з даволі грувасткім чамаданчыкам трэба прайсці немалую адлегласць да патрэбнай арганізацыі і назад, думаецца, любое журналісцкае натхненне разліецца як вадой скрозь пальцы. Зараз жа мініяцюрны дыктафон і такі ж кампактны мікрафон значна аблегчылі задачу работнікаў службы.
– Вядома, пакуль не ўсё працуе ідэальна, – расказвае сённяшні рэдактар К.Гайко. – Скажам, не хапае магутнасці мікрафона пры запісе інтэрв’ю – прыходзіцца “склейваць” рэплікі ўдзельнікаў размовы. У астатнім жа сучасныя тэхналогіі дапамагаюць літаральна ва ўсім: накласці на словы музыку, выразаць маўленчыя хібы ці цэлыя фразы, даволі хутка запісаць праграму на электронны носьбіт і многае іншае.
Плануецца, што ў наступным годзе ў Беларусі правадное радыё перастане функцыянаваць. Аднак для аматараў “Інфармацыйнага весніка” гэты факт не павінен стаць падставай для засмучэння: радыёпраграмы будуць выходзіць у FM-фармаце. Дарэчы, ужо зараз па серадах слухаем навіны рэгіёна менавіта ў такой якасці.
15-гадовы юбілей – цудоўная дата, прыгожы, поўны грандыёзнымі планамі і энергіяй для іх здзяйснення ўзрост. Упэўнены: ва ўшацкага радыё ўсё самае лепшае наперадзе.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *