Пад 20 тысяч крокаў штодзень і веласіпедныя заезды з унушальным грузам у карзіне… Без усяго гэтага Ірына Бездзель ужо не ўяўляе свайго жыцця. Не столькі таму, што здаўна любіць актыўнасць, – яшчэ і прафесія абавязвае! Два гады назад жыхарка райцэнтра стала сацыяльным работнікам – і зараз яе візітаў ва Ушачах чакаюць многія.
– У доме прыбраць, прадуктаў прынесці, смачны абед згатаваць – усё гэта прывычныя для мяне справы, – усміхаецца ўраджэнка Глыбоччыны. – У мяне ж сям’я, ды і з кулінарыяй заўсёды была на “ты” – працавала поварам у адной з полацкіх гімназій, у цэху Ушацкага райспажыўтаварыства. Напэўна, таму і спадабалася мне ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на доме ТЦСАН, куды прыйшла пасля двух дэкрэтных адпачынкаў.
Хоць і працуе Ірына на 1,5 стаўкі (на сённяшні дзень абслугоўвае 10 пажылых грамадзян), на насычаны графік не скардзіцца. Прызнаецца: са сваімі падапечнымі хутка знайшла агульную мову – пры патрэбе і на ранішнік да дзяцей адпусцяць, скарэкціраваўшы час візіту сацработніка, і надта затрымліваць не стануць.
З самага ранку, правёўшы мужа на працу, а сына – у школу, Ірына пачынае ўжо прывычны для сябе маршрут. Адвозіць дачушку ў садок, а там і абавязковыя для наведвання кропкі адкрываюцца – аптэка, пошта, рынак, ну і канечне, прадуктовыя магазіны. Праехаць даводзіцца звычайна па ўсіх, каб заказы падапечных выканаць. Аднаму трэба рыбкі менавіта з “Санты”, другому – пэўнага хлеба з “Капеечкі”, трэцяму – чаго-небудзь з новага завозу у “Мясной лаўцы”… З пустымі торбамі па адрасах, раскіданых па ўсім райцэнтры – ад вуліцы Віцебскай да Данукалава, Полацкай, сацыяльны работнік не прыходзіць ніколі. Вельмі выручае ў іх дастаўцы веласіпед – раней на ўласным ездзіла, а нядаўна новенькі ад ТЦСАН далі.
– Пераважная большасць маіх падапечных – людзі ва ўзросце 80+, з шэрагам хвароб і перажытых выпрабаванняў, – расказвае І.Бездзель. – Але ж у многім яны і маладым фору дадуць. Так, перанесены інсульт не пазбавіў актыўнасці Аляксандра Іванавіча Сідарчука – кожны дзень, якімі б ні былі надвор’е і настрой, абавязкова на прагулку выходзіць, па 8-10 кругоў ля “Юнацтва-Ушачы” робіць. Не дазваляе сабе “баяцца” чацвёртага паверха, на якім жыве, Анатоль Арцем’евіч Парохін – рэгулярна наведвае бібліятэку, магазін. Пётр Дзмітрыевіч Качан, хоць і ходзіць з кіёчкам, але ж каля дома з усім спраўляецца – сёлета, напрыклад, сам бульбу пасадзіў. У маю адсутнасць шчыруе на агародзе і ў доме Раіса Якаўлеўна Шавярноўская. Не звяртае ўвагі на ўзрост і адна з самых сталых маіх бабулечак Аліна Адамаўна Турчыновіч – яна і агарод пасадзіць, і скошаную сынам траву зграбе.
Для сваіх падапечных І.Бездзель не проста памочніца ў бытавых клопатах. Яна добры субяседнік, а часам і самы блізкі чалавек. Пакуль выконвае службовыя абавязкі, у яе цікавяцца навінамі, дзеляцца кулінарнымі рэцэптамі, успамінаюць мінулае, даюць слушныя парады. І гэта сацработніку дакладна па душы.
– Любіць ездзіць са мной і сын Арсеній, якому зараз дзевяць гадоў, – усміхаецца Ірына. – Нядаўна ў адной бабулі таматы з ім пасынкавалі – ды так ён захапіўся працэсам, што на наступны дзень папрасіўся яшчэ. Такому майму “хвосціку” падапечныя толькі рады – весялосцю і задорам ад яго зараджаюцца.
У штодзённым графіку нашай субяседніцы – па пяць-сем адрасоў. Каб паспець усюды, загадзя ўсё распланоўвае, але ж і час на цёплыя зносіны ці непрадказальныя сітуацыі пакідае. Неяк прыехала да бабулі, а ў той астматычны прыступ здарыўся. Ушачанка не разгубілася – ведаючы, што спецыяльны “гарачы ўкол” патрабуецца, выклікала хуткую дапамогу, а пасля яшчэ доўга была з пацыенткай, каб падтрымаць, супакоіць ды ў стабільным яе стане ўпэўніцца.
Вольнага часу ў сацыяльнага работніка няшмат. Прысвячае ж яго блізкім – разам любяць на возера з’ездзіць ці проста на прыродзе пагуляць. Ад іх чэрпае пазітыў, запас якога дапамагае ў прафесіі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

