Жніво набрала абароты: на ўчарашнюю раніцу ў раёне было ўбрана 13 працэнтаў зерневых і зернебабовых палеткаў, што прыкладна адпавядае сярэднеабласным тэмпам, сабрана амаль паўтары тысячы тон збожжа.
Самую ж хуткаспелую культуру – азімы ячмень – ушацкія аграрыі змалацілі яшчэ на мінулым тыдні і ўвайшлі ў пералік раёнаў Прыдзвіння, якія першымі адправілі яе ў засекі.
Усяго азімы ячмень на ўшацкіх палетках займаў сёлета 594 гектары, самыя вялікія плошчы пад яго былі адведзены ў “Сафійскіх дарах” (263 га), у “Ільюшынскім” гэтая культура расла на 143-х, і тут атрымалі найлепшую ўраджайнасць – 29,1 цэнтнера на круг.
Як паведамілі нам у гаспадарцы, мінулай восенню пад стратэгічны злак падабралі тры добрыя ўчасткі, у спрыяльныя тэрміны правялі сяўбу, спрацавалі і гліфасаты – у выніку ячменныя палеткі радавалі вока, а на асобных ураджайнасць дасягнула 38-39 цэнтнераў з гектара.
Годна падрыхтавалі ільюшынцы і тэхніку: у поле выходзяць пяць камбайнаў. Закрыць кадравае пытанне традыцыйна дапамаглі шэфы: апроч вопытнага работніка сельгаспрадпрыемства Васіля Калітухі за штурвалы зернеўборачных машын селі прадстаўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Харак (яго, зрэшты, у гаспадарцы ўжо лічаць сваім, бо не першы сезон шчыруе на мясцовых хлебных нівах), а таксама Станіслаў Малахаў з ДЭУ-37, Руслан Літвін з райбальніцы і Васіль Ключонак з раёна электрасетак. Хлебаробы гэтай гаспадаркі першымі распачалі ўборку азімай пшаніцы, клін якой тут складае 560 гектар. Так, у панядзелак камбайнерскае звяно шчыравала на палетках ля Вацлавова і за дзень намалаціла 105 тон збожжа.
Практычна завяршылі аграрыі раёна ўборку азімага рапсу, тады як у вобласці, па інфармацыі на пачатак тыдня, нязжатымі заставаліся каля 40 працэнтаў плошчаў гэтай крыжакветнай культуры. Неблагая сёлета і ўраджайнасць: у сярэднім ушацкія гаспадаркі сабралі каля 15 цэнтнераў з гектара (прыкладна столькі, як і па вобласці), пры гэтым у “Сафійскіх дарах” рапсавыя палеткі парадавалі яшчэ больш – 17,5 ц/га.
Усяго ж на ўчарашнюю раніцу ў раёне намалацілі 1211 тон масланасення. Цалкам выкананы і дзяржзаказ, даведзены па гэтай культуры.
Наперадзе ў хлебаробаў – вялікі і напружаны жніўны марафон, і мы шчыра зычым працаўнікам залатых ніў спрыяльнага надвор’я і важкага коласу.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

