7 мая профессиональный праздник отмечают связисты.Михаил Сысуев — мастер своего дела!

Экономика и малый бизнес

Аповед пра сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы – адна з добрых традыцый “Патрыёта”. Як стаць майстрам, асам у сваёй дзейнасці? У чарговы раз адказ на гэтае пытанне спрабавалі знайсці падчас знаёмства з электраманцёрам Ушацкага раённага вузла электрычнай сувязі М.В.Сысуевым.

Нават не ведаю, як будзе правільней: ці то Міхаіл Вітальевіч некалі выбраў для сябе гэтую прафесію, ці то прафесія выбрала яго. У любым выпадку атрымалася ідэальнае спалучэнне чалавека і яго справы. А пачыналася ўсё для М.В.Сысуева яшчэ ў дзяцінстве. Маленькім хлопчыкам ён з захапленнем назіраў, як нешта “вядзьмараць” над электронікай яго старэйшыя браты. Пазбавіцца ад спакусы цішком выпрабаваць у дзеянні гэтыя тэхнічныя сродкі ў яго звычайна не атрымлівалася – а таму потым быў вымушаны самастойна рамантаваць іх пад асуджальнымі позіркамі “канструктараў” ужо зламаных прылад. Так змалку напрацоўваліся ўменні… Крыху пазней любімым школьным прадметам М.В.Сысуева стала фізіка, якую ён спасцігаў пад началам мудрага педагога Т.І.Калеснік, а потым здаваў па выбары на выпускных экзаменах. Далей была вучоба ў Віцебскім вучылішчы электронікі і служба ў арміі, дзе давялося асвойваць азы прафесіі сувязіста. Выдатныя веды, устойлівыя навыкі і канчатковае разуменне, што менавіта гэта – справа яго жыцця, пацвердзіліся літаральна адразу пасля дэмабілізацыі. 30 снежня 1998 года Міхаіл Вітальевіч звольніўся са службы ў арміі, а ўжо на наступны дзень выйшаў на працу ва Ушацкі раённы вузел электрасувязі.
Электраманцёр – магчыма, не самая высокая пасада, але надзвычай важная і патрэбная. Калі гэты сціплы чалавек бярэцца за справу – майстэрства не схаваеш! Чаруе над старэнькімі тэлефонамі, каб яны і надалей служылі сваім гаспадарам, падключае абанентам інтэрнэт, прымае ўдзел у пракладцы ліній сувязі, устанаўлівае і настройвае новыя “наварочаныя” апараты.
– Безумоўна, з часам многае мяняецца, а таму пастаянна прыходзіцца трымаць руку на пульсе, удасканальваць веды і ўменні, – расказвае М.В.Сысуеў. – Калі ўзнікаюць якія-небудзь пытанні, шукаю адказы на іх у інтэрнэце, спецыялізаванай літаратуры або звяртаюся да сваіх калег ці брата, які працуе праграмістам у Мінску.
Не так многа людзей, у якіх прафесійныя абавязкі супадаюць з хобі – захапленнем і справай для душы. Міхаіл Вітальевіч – якраз з такіх: час ад часу любіць дома рамантаваць складанае радыётэхнічнае абсталяванне. Аднак, як прызнаецца, для таго, каб справа добра ладзілася, неабходны асаблівы настрой.
– Гэта адказны работнік, які выдатна асвоіў усе нюансы прафесіі, – адзначае начальнік РВЭС А.У.Шакута. – Сёння ён здольны ліквідаваць любую няспраўнасць, даступна расказаць кліентам пра новаўвядзенні, навучыць карыстацца мадэмамі і многае іншае.
Няма ніякіх сумненняў: ад прафесіяналізму такога работніка ў выйгрышы не толькі арганізацыя, у якой ён працуе, але і ўсе мы – карыстальнікі паслуг электрасувязі.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *