Водитель участка г.п. Ушачи филиала АТП №6 г. Новополоцка Александр Волох: „Если бы можно было отмотать время, я снова выбрал бы эту профессию“

Общество

Адным з тых, хто пачынае свой рабочы дзень раней за іншых, – вадзіцель участка г.п.Ушачы філіяла АТП №6 г.Наваполацка Аляксандр Волах. Колькі дакладна кіламетраў праехаў ён больш чым за 40 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці, ніхто не падлічваў. Аднак з упэўненасцю можна сказаць: калі скласці ўсе яго рэйсы ў адну стужку, атрымаецца пад сотню кругоў вакол экватара.

У асобныя дні Аляксандр Уладзіміравіч ужо з чатырох гадзін раніцы на нагах: трэба перад рэйсам медагляд прайсці, да работы дабрацца і пасля праверкі транспарту адправіцца на маршрут. Да 7.00 з тэрыторыі аўтапарка выязджаюць практычна ўсе аўтобусы, дарэчы, многія паспяваюць за дзень “абслужыць” адразу некалькі накірункаў.

– Вадзіцельскае пасведчанне атрымаў яшчэ ў 1980-м і пэўны час працаваў на малакавозе ў саўгасе “Касары”, – расказвае ўраджэнец Заазер’я Вялікадолецкага сельсавета. – Такі вопыт спатрэбіўся падчас службы ў арміі – займаўся рамонтам тэхнікі, падчас вучэнняў дастаўляў на палігон снарады. Калі ж дэмабілізаваўся, збіраўся ва Уладзівасток да брата, ужо і працоўнае месца прыгледзеў, але сустрэў “другую палавіну” і застаўся на роднай Ушаччыне.

Адвучыўшыся на катэгорыю “Д”, у 1984 годзе А.У.Волах стаў вадзіцелем мясцовага аўтапарка. Калясіў па дарогах раёна на ЛАЗах, Богданах, МАЗах розных мадэляў, на Газэлі дастаўляў пасажыраў у сталіцу, на Фардзе – у абласны цэнтр.

– Гэта зараз, калі колькасць рэйсаў істотна зменшылася, праязджаем за дзень у сярэднім па 300-350 кіламетраў, – уводзіць нас у курс спраў Аляксандр Уладзіміравіч. – Раней жа гэтыя лічбы былі вышэйшыя. Як і пасажырапаток: салоны аўтобусаў ніколі не пуставалі, часам нават даводзілася дадатковыя па запатрабаваных маршрутах адпраўляць.
Зараз за ім замацаваны МАЗ-241, вельмі камфортны і цёплы. Радуе вадзіцеля і яго трываласць: за дзевяць гадоў актыўнай эксплуатацыі кузаў практычна не згніў.

Паломкі, канечне, здараюцца, аднак да іх Аляксандр Уладзіміравіч адносіцца спакойна: разам са слесарамі аўтапарка займаецца рамонтам, у рэйсы ж у такім разе выходзіць на незанятым транспарце калег. Адной з самых цяжкіх у раёне ён называе дарогу на Пуцілкавічы, хаця ўзімку – падчас галаледзіцы і снегападаў – выпрабаванні падкідваюць і іншыя. Не аднойчы забуксоўваў і выклікаў на месца памочнікаў. Дарэчы, у чаканні іншага аўтобуса заўсёды ўмеў патрэбныя словы для пасажыраў знайсці, супакойваў.

Як адзін з самых вопытных вадзіцеляў аўтапарка, А.У.Волах гатовы да любых выклікаў. Быў у яго практыцы выпадак, калі ехаў з Полацка, пачуў у салоне занепакоеныя воклічы людзей (як аказалася, у мужчыны здарыўся эпілептычны прыступ) і вельмі правільна адрэагаваў: аператыўна спыніўся, загадаў прытрымліваць пацярпелага, каб той не ўпаў і не траўміраваўся, выклікаў “хуткую дапамогу”. На шчасце, усё абышлося.

– Наша вадзіцельская доля – не такая простая, як многім можа падацца, – прызнаецца А.У.Волах. – Можа, напрыклад, не па нашай віне аварыя здарыцца. Калі едзеш у сваім аўтамабілі – гэта адно, калі ж за табой людзі, за бяспеку якіх ты ў адказе, – зусім іншае. Напэўна, многія ўшачане памятаюць студзеньскі выпадак, калі ў Полацкім раёне легкавушка “згубіла кіравальнасць” і ўрэзалася ў аўтобус нашага ўчастка – дзякуй Богу, мой калега, які знаходзіўся за рулём, і ўсе яго дзесяць пасажыраў не пацярпелі (з другога ж боку – двое загінуўшых). Нярэдка і дзікая жывёла на дарогу выбягае, а на шматтонным транспарце, з якой бы хуткасцю ён ні рухаўся, пазбегнуць сутыкнення праблематычна.

Хоць і можа Аляксандр Уладзіміравіч ужо выйсці на пенсію, ад прафесійнай дзейнасці пакуль не адмаўляецца. Ён – надзейнае звяно калектыву, спецыяліст, да якога з самымі рознымі пытаннямі звяртаюцца маладыя калегі.

Стрыманага, акуратнага вадзіцеля любяць і пасажыры. Дарэчы, многіх з іх ушачанін добра ведае – за гады работы вывучыў, хто дзе жыве і ці мае льготы на праезд, каго на прыпынку пачакаць трэба…

Напрыканцы нашай сустрэчы А.У.Волах прызнаўся, што ад сваёй работы не стамляецца: набытыя навыкі з ім зрасліся, а кіраванне аўтобусам увогуле стала яго стыхіяй. І калі б магчыма было адматаць стужку часу, на сваім жыццёвым шляху ён нічога б не мяняў і зноў выбраў такую прафесію.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *