«Год с повышенными объёмами». Как дорожники Ушачского участка ДЭУ-37 завершают сезон

Главное

Настрой у работнікаў Ушацкага ўчастка ДЭУ-37 у перадсвяточныя дні быў выдатны. Год яны завяршаюць з “павышанымі аб’ёмамі”, якія, безумоўна, адчулі ўсе аўтамабілісты.

Працяглыя ўчасткі роўнага асфальту сёлета ўкладзены на двух дарогах рэспубліканскага значэння, якія яны абслугоўваюць. Больш няма выбоін ад Наваселля да Старынкі, ліквідаваны яны і за Лясінамі да злучэння з Докшыцкім раёнам, не трэба аб’язджаць ямкі ад Арэхаўна ў напрамку Сарочына, ну а дзякуючы сёлетняму капітальнаму рамонту ўчастка ля Дубраўкі, ён завершаны па Р-113 ад ракі Дзівы да мяжы з Бешанковіцкім раёнам. У вёсцы Ліпавец зроблены новы аўтобусны прыпынак – без павільёна, але лаўка для адпачынку хутка будзе пастаўлена. Менавіта на трасе Р-116 мы і сустрэлі ўвесь калектыў участка, які завяршаў падсыпку абочын паміж паваротам на Ільюшына да Вашкова. На крутым спуску яны хутка размываюцца патокамі вады, а зараз свежы слой гравію зноў закрыў няроўнасці і перапады. А на цвёрдым пакрыцці пяску не засталося – апошнім рухаўся трактар Рыгора Шарамета са шчоткай.

“У параўнанні з мінулымі гадамі, сёлета на капітальны рамонт было выдзелена больш сродкаў – на трасах Р-29 і Р-113 мы паклалі 11 кіламетраў асфальту і 6 – паверхневай апрацоўкі, зразумела, з адсыпкай абочын, працягваем займацца абслугоўваннем 93 км трас. Ну і да зімы падрыхтаваліся, на тэрыторыі гатовыя сумесі солі і прасеянага гравію, а трэці атрыманы сёлета МАЗ значна дапаможа пры расчыстцы, – пракаменціраваў начальнік участка П.П.Кляшчонак.

На прапанову вылучыць кандыдатуру для артыкула Пётр Пятровіч адзначыў бацьку і сына Малахавых, тым больш што Аляксандр Аляксандравіч да прафесійнага свята атрымаў Падзяку “Віцебскаўтадора”, назваў прозвішчы двух Аляксандраў – Шарага і Кавалевіча, свайго намесніка Андрэя Ізмайловіча… і прыгадаўшы літаральна кожнага з калектыву, як заўсёды падкрэсліў: “У нас усе добрыя работнікі. Нікога не хацелася б вылучаць”.

На здымку: Сяргей Балаболаў, Аляксандр Шараг, Аляксандр Малахаў, Андрэй Ізмайловіч, Станіслаў Малахаў, Рыгор Шарамет, Аляксей Кажамякін, Дзмітрый Апёнак.
Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *