Два пятиклассника и шестиклассник Ушачской школы смело и отчаянно тушили загоревшуюся сухую траву

Общество

Што зробіце вы, убачыўшы, што гарыць сухая трава? Большасць з нас, пэўна, не звярне асаблівай увагі, адны могуць задумацца пра ўрон прыродзе і пагрозу ўзгарання пабудовам, некаторыя патэлефануюць у пажарную службу і толькі рэдкія адзінкі прымуцца самастойна тушыць узгаранне. Менавіта так і зрабілі хлопчыкі – шасцікласнік і два пяцікласнікі Ушацкай школы.

Падзеі ў той дзень разгортваліся наступным чынам. Цёплым вечарам, зрабіўшы ўрокі, вучні 5 “Б” Жэня Бойчанка, Лёша Пятніца і вучань 6 “А” Дзіма Ярмош гулялі на вуліцы. За вуліцай Віцебскай яны ўбачылі, што гарыць сухая трава, а навокал нікога няма. Неаднаразова на ўроках у школе, па тэлебачанні, у газетах хлопчыкі чулі і бачылі, які ўрон наносяць палы сухой травы, як гінуць звяркі, знішчаюцца карысныя насякомыя і гнёзды птушак, а як забруджваецца паветра! Не кажучы, што такое, здавалася б, бяскрыўднае выпальванне можа прывесці да вялікага пажару. Інфармацыя гэтая ў свой час не праляцела міма вушэй хлопчыкаў, і яны адразу вырашылі, што трэба тушыць узгаранне травы. Узброіўшыся галінкамі, яны пачалі збіваць агонь, а потым вырашылі патэлефанаваць і ў пажарную службу. Супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях хутка прыбылі на дапамогу юным пажарным і ўзгаранне было ліквідавана. Вось так паступілі ў гэтай сітуацыі дзеці, праявіўшы смеласць і рашучасць. Так бы зрабілі далёка не ўсе дарослыя, дарэчы, некаторыя з іх стаялі непадалёку і назіралі, як хлопчыкі спрабуюць патушыць узгаранне. Гэта не першы выпадак, калі дарослыя, адукаваныя людзі займаюць назіральную пазіцыю і не прадпрымаюць мер да тушэння. Так, у мінулым годзе ў адной з вёсак раёна грамадзяне ў чаканні пажарных проста назіралі, як агонь паціху падбіраўся да жылых пабудоў.
Учынак гэтых хлопчыкаў (магчыма, будучых выратавальнікаў-пажарных) не застаўся непрыкмечаным. Ушацкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях вырашыў заахвоціць іх. Падчас нядаўняга злёту юных выратавальнікаў-пажарных вучням былі ўручаны пахвальныя лісты і памятныя падарункі. Такім іх учынкам ганарацца педагогі, бацькі і аднакласнікі, ды і самі хлопцы нібыта сталі больш дарослымі.
Летась у рэспубліцы адбыўся 51 пажар, які ўзнік з-за палаў травы. Гэтая тэндэнцыя працягваецца і сёлета. Магчыма, каб сярод нас было менш абыякавых, а больш такіх вось рашучых людзей, як гэтыя хлопчыкі, і тых, хто ўсведамляе, што палы травы – гэта не карысць, а пагроза прыродзе і здароўю, гэтая лічба магла быць намнога меншай.
В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *