Отчётное собрание в «Агро-Селище»


Хоць у СВК “Селішча” ў штаце 101 чалавек, зала мясцовага клуба была перапоўнена. Ніводнага свабоднага месца. І гэта традыцыйна для калектыву, жыццём якога цікавяцца і члены кааператыва, і проста вяскоўцы. А ў пачатку хвіліна маўчання… даніна памяці былым работнікам, якіх не стала за справаздачны перыяд. P1140800

Вытворчыя паказчыкі кааператыва ў лічбах выглядаюць нядрэнна, асабліва калі гэта жывёлагадоўчыя паказчыкі першых двух месяцаў. Дояць пад 10 літраў на карову, больш 60 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Толькі за 10 дзён сакавіка здадзена малака больш на 10 тон. Гэта сапраўды вельмі добрыя лічбы, і абсалютныя, і ў параўнанні, толькі вось адлік вядзецца лічы што ад нуля. Менавіта “Селішча” за мінулы год засталося гаспадаркай з самымі нізкімі надоямі малака – не атрымаўшы нават 3 тысяч ад каровы. І калі многія на сёлета ставяць планы 4 і болей тысячы літраў на карову, то “Селішча” – тры. Не захацелі браць завышаныя абавязкі, тым больш, што жывёлагадоўля – галіна, на якую працуюць не адзін дзень. Галоўнае, што планы гэтыя – рэальныя. Сведчаннем таму і надоі асобных даярак, якія і летась перавышалі тры тысячы, і добрая кармавая база, якая дазваляе лёгка мець і большы надой. Асноўнай прычынай адставання на сходзе называлі “чалавечы фактар”. Тыдзень пасля палучкі перакрэслівае ўсё зробленае да гэтага, ды і якая жывёла вытрымае перапады настрою даглядчыкаў.

Да каго не было на сходзе заўваг, дык гэта да механізатараў і вадзіцеляў. Толькі словы падзякі гучалі і з вуснаў старшыні гаспадаркі Андрэя Анатольевіча Нікіфарава, і спецыялістаў. Каштоўнай была для перадавога селішчанскага корпусу пахвала намесніка старшыні кааператыва Мікалая Мартынавіча Таргонскага. “Многа работнікаў пабачыў я, і магу сказаць, што гэта залатыя людзі: ні тлумачыць, ні ўгаворваць, ні падказваць не трэба. Калі б так працавалі ўсе члены кааператыва – жылі б з песнямі”.

Толькі адзін у полі не воін, пэўна таму і не жыве зараз “Селішча” багата, што не ўвесь калектыў працуе аднолькава. Адчуваецца ў гаспадары адсутнасць будаўнічай брыгады, так і не прыведзены ў адпаведны выгляд малочнае памяшканне і куток адпачынку фермы Баяршчына, за зіму зламаліся ад цяжару снегу навесы, па-ранейшаму няма адпаведнага парадку на мехдвары. Неспрыяльнымі летась былі ўмовы для вырошчвання бульбы, аднак ураджайнасць не вытрымлівае крытыкі. Намнога лепей спрацавалі з зернем і нарыхтоўкай кармоў.

Падзякаваў за работу калектыву і старшыня райсельгасхарча Аляксандр Ягоравіч Вайцянкоў. Ён адзначыў, што кааператыў няблага выглядае па ўсіх паказчыках адносна іншых сельгаспрадпрыемстаў. Аднак не мог не адзначыць, што гэта рух ад нуля і “Селішчу” трэба ставіць больш высокія задачы, бо і 4 тысячы на карову пры іх кармавой базе – гэта рэальна. Ужо зараз для гэтага ёсць добры задзел. А.Я.Вайцянкоў зазначыў, што ў зімовы сезон не ў поўную сілу працавалі па ачыстцы насення і яго сушцы, што ёсць пытанні з захаваннем мінеральных угнаенняў. Аляксандр Ягоравіч пазнаёміў калектыў з патрабаваннямі губернатара наконт развіцця прыярытэтных культур земляробства – гэта зерне, лён, бульба, канюшына, і паставіў канкрэтныя задачы на веснавы перыяд. Ведае кіраўнік райсельгасхарча аб недахопе ў гаспадарцы тэхнікі, назваў тыя адзінкі, якія паступяць сёлета.

Адказаў Аляксандр Ягоравіч і на хвалюючае да гэта часу пытанне наконт аб’яднання з “Кублічамі”: “Спакойна працуйце, гэта справы мінулага”. Таксама задавалі на сходзе людзі пытанне пра атрыманне разліковых лісткоў па аплаце, паколькі не бачаць, колькі і за што налічана і ўтрымана. Таксама паступіла да эканаміста пытанне наконт паніжэння тарыфу для даярак. К.У.Карабкова адказала, што з 1 красавіка наадварот будзе павышэнне на 5 працэнтаў, паколькі павышаецца стаўка першага разраду. Для выдачы разліковых лістоў трэба набыць адпаведную праграму, што старшыня кааператыва паабяцаў зрабіць за красавік, а вось пра налічэнне зарплаты даяркам трэба растлумачыць як мага хутчэй.

В.КАРАЛЕНКА.

На здымку:

калектыў СВК “Агра-Селішча”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *