Для сохранности имущества… и жизни

Закон - один для всех Калейдоскоп

Аператыўная абстаноўка ў раёне застаецца стабільнай. За першае паўгоддзе адбылося зніжэнне колькасці злачынстваў з 78 да 46, у тым ліку па лініі крымінальнага вышуку з 57 да 33. Не дапушчана здзяйснення рабаванняў, разбояў, вымагальніцтваў, згвалтаванняў.

Летні перыяд традыцыйна характарызуецца ростам колькасці крадзяжоў. Пад увагу зламыснікаў часцей за ўсё трапляюць веласіпеды, матацыклы, мабільныя тэлефоны, а таксама маёмасць з аўтатранспарту. Як паказвае практыка, асноўнай прычынай здзяйснення такіх злачынстваў з’яўляецца ўласная бестурботнасць грамадзян.
Сёлета ў вобласці ўжо больш за 100 чалавек пазбавіліся сваіх двухколавых сяброў. Так, ва Ушачах падлетак пакінуў на ноч новы дарожны веласіпед у пад’ездзе шматкватэрнага дома, а раніцай заўважыў прапажу. У адной з вёсак раёна грамадзянін на некаторы час пакінуў веласіпед у кустах каля возера – дадому яму прыйшлося ісці пешшу. На жаль, такія здарэнні не адзінкавыя. У той жа час спосабаў засцерагчы веласіпед ад злачынных замахаў даволі многа. Нават самы просты металічны ланцужок, зачынены за звенні звычайным навясным замком і прымацаваны да любога нерухомага прадмета: дрэва, слупа, поручня на лесвічнай пляцоўцы, можа стаць надзейнай аховай. Рэкамендуецца таксама правесці маркіроўку асноўных вузлоў двухколавага транспартнага сродку. Ні ў якім разе не пакідайце веласіпед у пад’ездзе! Гэта не толькі небяспечна з пункту гледжання яго захаванасці, але і незаконна згодна правілаў пажарнай бяспекі: на шляху эвакуацыі забаронена захоўванне і размяшчэнне мэблі, маёмасці, асабістых рэчаў. Веласіпедам месца ў гаражы, адрыне, кватэры.
Варта памятаць пра захаванасць аўтатранспарту і маёмасці ў ім. Абсталюйце машыну ці гараж ахоўнай сігналізацыяй, пажадана з вывадам на пульт цэнтралізаванай аховы аддзялення дэпартамента аховы. Не пакідайце каштоўныя рэчы, у тым ліку відэарэгістратары і навігацыйныя сістэмы, навідавоку. У выпадку выяўлення крадзяжу неадкладна звяртайцеся ў міліцыю па тэлефоне 102.
Чатыры выкрадзеныя сёлета мабільныя тэлефоны сталі “знаходкай” зламыснікаў выключна па прычыне асабістай бестурботнасці грамадзян, у большасці выпадкаў пры распіванні спіртных напіткаў, калі людзі не маглі кантраляваць сітуацыю.

Сёлета ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў загінула два чалавекі, пяцёра атрымалі цяжкія раненні і калецтвы. Усяго гэтага можна было пазбегнуць, калі б грамадзяне выконвалі правілы дарожнага руху.
На вадаёмах раёна патанула два чалавекі, прычым абодва на момант трагедыі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Аматарам збору ягад і грыбоў настойліва рэкамендуем, ідучы ў лес, браць з сабой мабільны тэлефон. Калі вы сябе дрэнна адчуваеце, адкладзіце паход. Паведаміце блізкім ці суседзям аб тым, куды накіроўваецеся, каб у выпадку няшчасця аблегчыць пошук. Будзьце ўважлівыя і асцярожныя. Калі вы ўсё ж заблудзіліся, не панікуйце. Паспрабуйце выйсці на любую дарогу, патэлефануйце з мабільнага ў міліцыю, клічце на дапамогу. На жаль, што да цяперашняга часу ў раёне не знойдзенымі ў лесе застаецца чатыры чалавекі.
С.АЛАБІН, начальнік Ушацкага РАУС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *