Воспитанники детского социального приюта г.п.Ушачи накануне нового учебного года встречали гостей

В общественных организациях

ДАБРА НЕ БЫВАЕ МНОГА…

Гэтыя словы неаднаразова гучалі падчас нядаўняй сустрэчы прадстаўнікоў мясцовай улады, работнікаў сферы адукацыі раёна з выхаванцамі дзіцячага сацыяльнага прытулка г.п.Ушачы. І, як у пацвярджэнне гэтаму, госці ўстановы шчодра дарылі хлопчыкам і дзяўчынкам напярэдадні новага навучальнага года цёплыя словы, шчырыя ўсмешкі і, канечне, падарункі.

Выконваючы абавязкі старшыні Ушацкага райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч выказаў пажаданне, каб усе дзеці ў хуткім часе вярнуліся дадому, дзе яны будуць сагрэты бацькоўскім цяплом і сапраўдным сямейным шчасцем. Як бы ні клапаціліся пра хлопчыкаў і дзяўчынак у прытулку, але яны ўсё роўна хочуць вярнуцца да бацькоў, у родны дом, а дзяржава ў сваю чаргу робіць усё магчымае, каб зрабіць такое жаданне рэальным. Пра гэта казала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка.
Сямёра дзетак з дзевяці, што знаходзіліся ў прытулку ў дзень сустрэчы, – школьнага ўзросту. Менавіта таму для іх, напэўна, будуць вельмі дарэчы наборы канцылярскіх прыналежнасцей, якія ўручыла ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» старшыня раённага Савета дэпутатаў і названага грамадскага аб’яднання Алена Васільеўна Пашковіч. Пакуль жа старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі будуць спасцігаць азы навукі ў школе, малышам сумаваць не давядзецца: гульнявы пакой прытулка папоўніўся новым спартыўным інвентаром і разнастайнымі цацкамі.
Не паспелі госці ўручыць дзецям падарункі, як яны тут жа разышліся па руках. Трэба было бачыць, з якім азартам маленькія Сярожа і Максім устанаўлівалі пасярод пакоя імправізаваную школьную дошку, паказвалі клас ва ўменні пісаць на ёй! Нельга было без замілавання назіраць і за тым, як 5-гадовая Ліза па-мацярынску клапатліва апранала новай ляльцы прыгожы ружовы капялюшык. Шкада, што бацькам дзяўчынкі і іншых выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулка такія цёплыя адносіны пакуль не знаёмы…
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *