В Ушачском районе проведён очередной День сельсовета — Жарского

Благоустройство Зваротная сувязь Саветы і жыццё

Як і заўсёды, на пасяджэнне былі запрошаны кіраўнікі літаральна ўсіх службаў раёна, каб высветліць сітуацыю, узяць на аловак праблемныя пытанні і перш за ўсё на ўласныя вочы пабачыць, як абстаяць справы. Традыцыйна па выніках пасяджэння складаецца пратакол даручэнняў з дакладнымі тэрмінамі і адказнымі за іх выкананне.

Папярэдне рабочыя групы наведалі літаральна кожную вёсачку сельсавета і высветлілі, што хвалюе сельскіх жыхароў, абмеркавалі з імі ўсе напрамкі жыццядзейнасці. Менавіта ў гэтым асноўны сэнс такой формы работы з насельніцтвам — у апераджэнні пытанняў і скаргаў. І, канечне, гэта выдатная магчымасць кіраўнікам службаў высветліць свае слабыя месцы, а новаму старшыні райвыканкама — азнаёміцца з рэальным станам спраў ва ўсіх населеных пунктах раёна. Дарэчы, перад пасяджэннем В.В.Родзіч правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях у аграгарадку Ільюшына, якія таксама ўзяты на кантроль.

У мясцовай бібліятэцы праходзіла пасяджэнне жаночага клуба «Лада». Жанчыны за кубкамі гарбаты няспешна вялі размову аб лазні і здаровым ладзе жыцця (такой была тэма сустрэчы), але праз некалькі хвілін ужо адставілі кружкі і бойка гаварылі, што каб запоўніць іх — за вадой трэба ісці да некага ў кватэру, распавядалі старшыні райвыканкама і аб асабістых праблемах — такіх, напрыклад, як стан падвалаў у шматкватэрных дамах, і аб агульнавясковых — у прыватнасці, аб якасці пітной вады.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі практычна ўсе сацыяльныя аб’екты аграгарадка. У магазіне парадаваў шырокі асартымент тавараў. Школа — ачаг культуры наогул у кожным населеным пункце раёна. Утульна адчуваюць сябе і выхаванцы дзіцячага сада, толькі незакрытая цеплатраса побач выклікала занепакоенасць мясцовых жыхароў. Прыемна зайсці ў адрамантаваную сталовую ААТ «Ільюшынскі», работнікі якога аплачваюць толькі 10 працэнтаў кошту абедаў. А вось комплексны прыёмны пункт губляе кліентаў з-за неадладжанай схемы перадачы заказаў на Полацк. Былі заўвагі і па добраўпарадкаванні як гэтага аб’екта, так і ўчастка камунальнай гаспадаркі.

Кіраўнікі рабочых груп агучылі пытанні, аналагічныя тым, што падымаліся і падчас правядзення іншых Дзён сельсавета. Гэта падсыпка дарог, незаўсёды задавальняючы асартымент аўтакрамы, перабоі з вадой і яе якасць, наяўнасць пустуючых дамоў і ачагоў баршчэўніку. Наогул імкненне людзей жыць лепей — зразумелае, аднак гэта не азначае, што заўсёды можна гэта ажыццявіць. Хочацца, напрыклад, жыхарам Дворыцы ў любы дзень трапіць у Мінск. Аднак ніхто не пойдзе на павелічэнне выдаткаў, каб ганяць пустыя аўтобусы. За аснову бярэцца перш за ўсё выкананне сацыяльных стандартаў, а па прыгаданай вёсцы па аўтобусным забеспячэнні ён выконваецца. Дзіўна, калі людзі пачынаюць скардзіцца, нават не спрабаваўшы вырашыць сваё пытанне. Напрыклад, жаліліся вяскоўцы той жа Дворыцы, што так нязручна выпісваць дровы, трэба ехаць ва Ушачы, а пасля вельмі доўга чакаць, хоць ні адзін з іх сёлета заяўку ў райпаліўзабеспячэнне не падаваў, а ў арганізацыі патлумачылі, што грошы заяўнік плаціць непасрэдна на месцы па факце дастаўкі паліва. Жыхароў Рагуцкіх наогул не задавольвае ніякі адказ акрамя таго, які жадаюць: атрымліваць ваду праз водаправод, хоць пітная вада ім павозіцца, а каб былі выкананы сацыяльныя стандарты, будуць пабудаваны яшчэ калодзежы.

Па-добраму здзівілі жыхары вёскі Вашкова, даказаўшы, што пражываюць тут сапраўды дружныя аднавяскоўцы. Нягледзячы на «прыгарад», так называюць вёску з-за блізкасці да санаторыя, тут няма кропак продажу спіртнога, яны самі дапамагаюць пажылым у вырашэнні многіх праблем. Сяльчане не толькі ні на што не скардзіліся, але і выказалі шэраг падзяк і вельмі прасілі іх агучыць. Кіраўніку гаспадаркі С.А.Халімоненку за своечасовы абмалот участкаў, забеспячэнне зернем, начальніку водаканала камунгаса Л.Л.Шлюбскай і дырэктару Ушачырайгаза А.Я.Кавалёву за аператыўнае вырашэнне пытанняў па падключэнні вады і газа. Старшыні Жарскага сельсавета С.Ц.Міхейкі за тое, што былі зрэзаны старыя і вельмі вялікія дрэвы. Сацыяльнаму работніку С.Анкудовіч і паштальёну Г.Міхейкі за добрае абслугоўванне пенсіянераў і дастаўку на дом тавараў. Прыклад гэтай вёскі паказальны для астатніх. Там, дзе старэйшыны працуюць у цеснай счэпцы перш за ўсё з мясцовай уладай — Жарскім сельвыканкамам, там і пытанні вырашаюцца без адкладу ў доўгую скрыню.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *