Семья Михайловых из Красной Горки любит работать на земле и благоустраивать свою усадьбу

Благоустройство Наш современник

Знайсці сядзібу сям’і Міхайлавых у Краснай Горцы Глыбачанскага сельсавета было нескладана. Арыенцір работнікаў сельвыканкама: “Там вы ўбачыце шмат незвычайнага”, спраўдзіўся. Дагледжаны ўчастак, шматлікія малыя архітэктурныя формы, акуратны дом, прыгожыя крокусы на клумбах і смачны пах бліноў на парозе гаварылі аб тым, што жывуць тут старанныя і працавітыя людзі.

Мікалай Віктаравіч і Святлана Пятроўна хоць і маюць наваполацкую прапіску, але практычна ўвесь час праводзяць у Краснай Горцы. У гэтай вёсцы іх родныя карані, тут яны абсталявалі для сябе жылы дом спачатку пад дачу, а цяпер пасля выхаду на пенсію жывуць круглы год, час ад часу толькі наведваючыся ў горад. Працоўны шлях Міхайлавых быў звязаны з буйнымі прадпрыемствамі горада нафтавікоў. Мікалай Віктаравіч увесь час адпрацаваў апаратчыкам на “Паліміры”, Святлана Пятроўна спачатку была майстрам на “Вымяральніку”, а пазней таксама перайшла на “Палімір”, дзе займалася не зусім жаночай работай – была вадзіцелем пагрузчыка ў адным з цэхаў.

– Тут такая цішыня, што пасля шумнага горада ў першыя моманты здаецца, што яна аж на вушы давіць. Потым жа адчуваеш такую асалоду, што нікуды адсюль не хочацца з’язджаць. А што і казаць пра чыстае паветра! Мы жывём у райскім кутку! – адзначае Мікалай Віктаравіч.

Але не толькі адпачываць на ўлонні прыроды прыехала сюды сям’я. Яны ўвесь час праводзяць у розных клопатах. Завялі падсобную гаспадарку – па двары прагульваецца “армія” курэй, у клетках сядзяць трусы. Аб тым, што гаспадар заўзяты пчалавод, падказваюць на падыходзе да падворка вуллі, якія стаяць цэлымі радамі. Хоць мінулую зімоўку пчолы перанеслі дрэнна і клопатаў з імі нямала, адмаўляцца ад гэтага занятку мужчына не збіраецца. Асобнай увагі заслугоўвае ўчастак, дзе акрамя звыклай агародніны вырошчваюць памідоры, перцы, баклажаны самых розных сартоў. Для гэтых мэт Міхайлавы паставілі вялікія цяпліцы. У канцы верасня тут ва ўсю яшчэ буялі перцы, цвілі і завязваліся памідоры. Сёлетняму ўраджаю пазайздросцілі б многія агароднікі. Канечне, для гэтага гаспадарам прыйшлося прыкласці нямала намаганняў. Кожная расліна па­свойму патрабавальная і за ўсім патрэбны пастаянны догляд: вазілі зямлю, уносілі ўгнаенні. Акрамя цяплічных вялікім ураджаем парадавалі бульба і агуркі.

Нягледзячы на тое, што праца на агародзе адбірае шмат часу, Мікалай Віктаравіч і Святлана Пятроўна паспяваюць займацца і добраўпарадкаваннем. Калі прыязджаюць дзеці і ўнукі, усім знаходзіцца месца ва ўтульнай альтанцы, зробленай сваімі рукамі. Не адразу здагадаліся, што гэта мангал, убачыўшы побач выкладзеную з каменю печ. Паглядае з дрэва бусел, “растуць” драўляныя грыбочкі. Сярод розных малых архітэктурных форм найбольш прыцягвае ўвагу хатка, побач з якой сядзіць казачная бабуля. У адрозненне ад усяго, што знайшло месца ў двары, гэты экзэмпляр сям’і падарыла знаёмая, а выраблены ён быў у мастацкай майстэрні ў Віцебску. І настолькі бабуля падобная на жывую, што калі паставілі фігуру на ўчастку, суседка, праходзячы па вуліцы, адрасавала ёй звыклае “Здароў, Света!”. Не пачуўшы адказу, яшчэ раз павіталася, а падышоўшы бліжэй, доўга смяялася.

Трэба сказаць, што наводзяць парадак гэтыя людзі не толькі ў межах сваёй агароджы. Праехаўшы па вёсцы, у многіх месцах убачылі зараснікі баршчэўніку, а вось каля сядзібы Міхайлавых яго не было. Гаспадар змагаецца з гэтай раслінай сам, не чакаючы, калі гэта зробіць хтосьці іншы. “А як жа інакш?! – шчыра здзіўляецца ён. – Гэта ж наша родная зямля, мы і павінны за яе адказваць!”

І трэба сказаць, што яго словы не разыходзяцца са справай. Каб усе мелі такую пазіцыю, за парадак у населеных пунктах не варта было б хвалявацца.

Вольга КАМАРКОВА.

Фота Наталлі БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *