Мастера высоких надоев

К профессиональному празднику Сельское хозяйство

Як адрозніць добрую даярку ад іншых? Здаецца, што ўсе на віду, быццам і ад работы ніхто не бегае, а пачынаюць падлічваць надоі – і такія яны розныя пры аднолькавых умовах працы. А справа ў тым, што вельмі многае ў гэтай рабоце залежыць ад акалічнасцей, і добры вынік мае той, хто ўлічвае нават дробязі, усё робіць крышачку старанней і акуратней, хутчэй і граматней, так як Ларыса Васільеўна Пчолка і Тамара Васільеўна Жук.

На першы погляд яны нават знешне падобныя. Гэта я адзначыў для сябе, калі на комплексе “Ільюшына” аднайменнай гаспадаркі ўбачыў сёлетніх перадавікоў сярод аператараў машыннага даення. Аднолькавыя ў іх, як і ў падменнай даяркі на гэтай групе кароў Веры Міхайлаўны Карабань, вытворчыя паказчыкі – за дзесяць месяцаў бягучага года яны надаілі ад кожнай каровы амаль 5 тон малака, а дакладней – 4988 кілаграмаў, тэмп росту склаў 105,9 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Але ўсё ж асноўнае падабенства гэтых жанчын, па словах кіраўніцтва гаспадаркі, заключаецца ў адказнасці і дысцыпліне, якія для іх не проста дзяжурныя словы на выніковых сходах або вытворчых нарадах, а рысы характару, разам з прафесіяналізмам і сумленнымі адносінамі да працы.

Абедзве даяркі мясцовыя – Т.Жук з Гарадца, а Л.Пчолка нарадзілася ў самім Ільюшыне. Жывёлагадоўчы стаж Тамары Васільеўны значна большы: чвэрць стагоддзя супраць 7 гадоў працы аператарам машыннага даення ў яе старэйшай калегі, але гэта не перашкаджае жанчынам ладзіць паміж сабой і дабівацца добрых вынікаў. Т.Жук ужо мае неабходны стаж для выхаду на заслужаны адпачынак датэрмінова ў 50 гадоў, але Л.Пчолка жартуе, што на пенсію Тамару Васільеўну не адпусціць, кажа “яшчэ папрацуе, калі здароўе не будзе падводзіць, мяне пачакае”.

Чалавеку, далёкаму ад сельскай гаспадаркі, цяжка прывыкнуць да іх распарадку дня, які ніяк не ўпісваецца ў фармат звычайнага васьмігадзіннага. Тры разы на дзень дояць яны свой маленькі статак у 106 галоў, які стаіць у асобным памяшканні комплексу. Ранішняя дойка пачынаецца ў 6 гадзін, у абед каровы чакаюць сваіх даярак да 12, а вечарам – да 18 гадзін. Прыходзяць жа даяркім намнога раней, бо дойка — фактычна адзін працэс з шэрагу работ, што ім даводзіцца выконваць. Акрамя гэтага ўбіраюць арганіку, замяняюць подсціл у жывёлы, мыюць малакаправод, бо калі кармленне, паенне, дойка кароў адбываюцца па раскладзе, то гэтыя віды работ – па меры неабходнасці. Тым больш што на іх хляве слесараў няма, жанчыны самі сочаць за спраўнасцю абсталявання.

Акрамя рэкордных надояў малако ад групы кароў Л.Пчолкі і Т.Жук адрозніваецца і высокай якасцю. Большая частка яго рэалізуецца “экстрай”, а астатняя – вышэйшым гатункам. Добры паказчык маюць даяркі і па выхадзе цялят, які складае за 10 месяцаў бягучага года 83 галавы на 100 кароў.

“Майстры высокіх надояў”. Гэты тэрмін быў вельмі папулярны ў савецкія часы: без яго не абыходзіліся справаздачы, газетныя матэрыялы — так называлі даярак, якія дабіваліся найвышэйшых вытворчых паказчыкаў. Гады прайшлі, а тэрмін застаўся і зараз яго можна смела прымяняць для характарыстыкі Л.Пчолкі і Т.Жук. Асабіста ў мяне пасля наведвання ільюшынскага комплексу выказванне “працаваць як пчолка” напэўна будзе асацыіравацца з работай гэтых сімпатычных жанчын.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *