Да спорту ва ўшачан асаблівыя адносіны: яго аматары ёсць бадай у кожнай сям’і, а таму і ў праграме Дня горада абавязкова прысутнічаюць адпаведныя мерапрыемствы. Сёлета турніры атрымаліся масавымі і захапляльнымі, а спартыўны спрыт у іх змаглі паказаць і дарослыя, і дзеці.
У першынстве па кулявой стральбе сярод ушацкіх прадпрыемстваў і арганізацый вырашылі паўдзельнічаць 9 каманд. Трэба сказаць, што ў гэты раз спаборніцтвы праводзіліся ў новым ціры, размешчаным у памяшканні інтэрната для спартсменаў. Большасць удзельнікаў упершыню спрабавалі страляць па электронных мішэнях – і засталіся ў захапленні!
– Вельмі зручна! Кожны стрэл адразу адлюстроўваецца на маніторы, ты бачыш, куды патрапіў, і можаш падкарэкціраваць дзеянні, – падзялілася ўражаннямі прадстаўніца санаторыя “Лясныя азёры” Алена Рыбчынская. – Выдатна, што ва Ушачах з’яўляюцца такія сучасныя аб’екты для заняткаў спортам.
Дарэчы, якраз гэта ўдзельніца і аказалася самай трапнай сярод жанчын, прыкметна апярэдзіўшы ўсіх саперніц. А на пытанне, як дасягнула такога ўзроўню, сціпла патлумачыла, што спецыяльна да спаборніцтваў не рыхтавалася, а страляць навучылася падчас вучобы ў Жарскай школе – настаўнік Эдуард Фадзеевіч Багдановіч закладваў у вучняў навыкі па розных відах спорту, якія захаваліся і праз гады. Работа Алены, дарэчы, таксама звязана з фізічнай культурай: яна інструктар у басейне здраўніцы.
Цікава, што другое месца ў асабістым заліку заваявала дэбютантка – малады спецыяліст аддзела па адукацыі Дар’я Пачкаева. Трэці вынік – у прадстаўніцы РАНС Крысціны Дайлідзёнак.
Фаварытам жа ў мужчын быў яе напарнік па камандзе выратавальнікаў Міхаіл Ярмош, які і на лыжні нікому шансаў не пакідае, і ў футбольнай зборнай – адзін з лідараў, а ў свой час займаўся біятлонам. Пацвердзіў ён свой статус і ў гэты раз – стаў першым. Дастойна выступіў і прадстаўнік райбальніцы Сяргей Філімонаў, у якога другое месца. Ён, дарэчы, таксама падкрэсліў, што ўменнем страляць абавязаны школьнаму настаўніку – Сяргею Трафімавічу Белавусаву, які выкладаў ва Ушацкай СШ пачатковую ваенную падрыхтоўку. Ну а “бронзу” заваяваў Аляксей Грыневіч, які прадстаўляў савет працуючай моладзі.
У камандным заліку не было роўных райаддзелу па надзвычайных сітуацыях, “срэбра” – у зборнай санаторыя, за якую выступаў таксама Сяргей Сляцкі. На трэцюю прыступку ўзняліся прадстаўнікі Ушацкай школы Уладзімір Пальчэх і Дар’я Падгол.
Пераможцы атрымалі дыпломы і кубкі ад сектара спорту райвыканкама.
Тым часам на футбольным полі спаборнічалі юныя спартсмены (на здымку). Да дзвюх ушацкіх каманд далучыліся сапернікі з Лепеля і Бешанковіч. Турнір быў вельмі карысным у плане набыцця вопыту спаборніцтваў, якога ў нашых хлопчыкаў 2015-2017 гадоў нараджэння пакуль яшчэ нямнога.
Азарт і бескампрамісная барацьба панавалі і на татамі спарткомплекса, хоць і спаборнічалі тут выключна дзюдаісты нашай СДЮШАР. Актыўна падтрымлівалі юных спартсменаў трэнеры і балельшчыкі, а старэйшыя выхаванцы спрабавалі сябе ў якасці суддзяў. На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзняліся ў гэты дзень Мікіта Лабецкі, Мацвей Маслюк, Святаслаў Люцько, Платон Трахімёнак, Паліна Шарлай і Варвара Лецкая.
Наталля БАГДАНОВІЧ.



