Cустрэча праз 30 гадоў

Общество

Макаравіч Федарэнка адразу пасля адной з апошніх перадач тэлепраграмы “Жди меня”, дзе жыхары менавіта нашай Ушаччыны мелі магчымасць абвясціць пошук сваіх родных, сяброў, знаёмых. Таму для нас гэта было асабліва цікава.
Дык вось, хто яшчэ толькі шукаў, а Васіль Макаравіч ужо знайшоў. Аб гэтым сказаў у час перадачы сам вядучы і акцёр Ігар Кваша. Наш зямляк так усхваляваўся, што калі ўбачыў на экране здымкі сваёй першай сям’і, а потым і сынавага вяселля, абхапіў рукамі твар і заплакаў. Нічога гаварыць ён ужо не мог.

– А як у студыі ўбачыў сваіх родных, не мог з’арыентавацца, дзе дачка, дзе нявестка, – усміхаецца сёння мужчына.

Ён жа і сапраўды мог не пазнаць сваіх самых родных. Пасля таго часу, калі яго жонка з васьмігадовай дачкой і маленькім сынам паехала на радзіму, пад Новасібірск, прайшло нямала часу. За 28 гадоў было ўсяго, прыгадваў на тэлеперадачы Дзмітрый. Каб дапамагчы захварэўшай маці, ён падлеткам прадаваў газеты. Жылі бедна. Нават некаторыя родныя не хацелі падтрымліваць з імі сувязі з-за гэтага. І, канечне, сын марыў убачыць бацьку. Своеасаблівым сімвалам надзеі быў касмалёт, які той падарыў яму да дня нараджэння, калі хлопчыку было пяць гадоў. Ішлі з Ушачы і пісьмы. Але тым часам сям’я пераехала ў іншае месца, у акадэмгарадок Новасібірска. У былой суседкі захавалася адно пісьмо, якое давялося прачытаць трыццацігадоваму сыну толькі цяпер. Яшчэ два дні таму ён не мог гэтага зрабіць, так хваляваўся.

З болем аб сваіх дзецях, якія гадаваліся без яго, жыў усе гады і бацька. Адчай здымаў работай, клопатам аб дачцэ Святлане. Былі і дзеці другой жонкі Галіны Васільеўны Вярхоўскай. На жаль, яе сын трагічна загінуў.

Сустрэча праз гады атрымалася хвалюючай, таму што і з аднаго боку, і з другога яна была незвычайна жаданай. Сын і дачка Васіля Макаравіча збіраліся ў мінулым годзе прыехаць на Ушаччыну, якая засталася ў памяці дзяўчынкі. А тут іх бацька год назад ажыццявіў сваю даўнюю мару – стаў шукаць сваіх родных. І вось насталі шчаслівыя хвіліны.

Пасля завяршэння перадачы на тэлебачанні бацька з дачкой Святланай, якая прыехала разам з ім, запрасіў дарагіх родных у госці.

– Мне як паведамілі, – расказвае Галіна Васільеўна, – дык я так усхвалявалася, хутчэй давай стол накрываць.

– Вам трэба аддаць належнае, – заўважыла я, – што з такой мудрасцю, з такім разуменнем аднесліся да жадання мужа.

– Мне з самага пачатку хацелася гэтай сустрэчы, каб усе наблізіліся адзін да аднаго, а хто і пазнаёміўся, – адказала яна.

Пасля таго, як на мікрааўтобусе адзін з родных прывёз гасцей з Мінска ва Ушачы, быў яшчэ рэйс у Полацк за іншымі блізкімі Васіля Макаравіча. Усю ноч працягвалася сустрэча, спачатку на кватэры і на дачы ва Ушачах, а потым на малой радзіме галоўнага героя – у Федаронках. Яго прыемна здзівіла, што новасібірская дачка адразу заўважыла: печка перароблена, усё захавалася ў яе памяці праз гады.

Раніцай наступнага дня госці, развітваючыся, паабяцалі прыехаць у родныя ім Ушачы зноў. І як толькі аказаліся ў Новасібірску, адразу сталі рабіць усё, каб не згубіць такія дарагія сувязі. Сын Дзмітрый не адну ўжо “эсэмэску” паслаў сваёй ушацкай сястры Святлане, якая працуе юрыстам у цэнтральнай раённай бальніцы, яны адразу пацягнуліся душамі адзін да аднаго. Наталля прыслала пісьмо бацьку, не раз пазваніла ўжо. Дванаццацігадовая ўнучка па тэлефоне абяцае:

– Дзядуля, я абавязкова прыеду да цябе.

– Які ж я багаты дзецьмі і ўнукамі, – гаворыць Васіль Макаравіч. І думаеш, слухаючы яго, як важна дараваць адзін аднаму. Наколькі кароткае жыццё чалавека, каб яшчэ таіць крыўду, разбірацца ў тым, хто што не так зрабіў. Прычым, вельмі каштоўна, што гэта дараванне ўласціва і маладому пакаленню.

Г.Варатынская



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *