Традиционную встречу с молодыми специалистами, прибывшими на работу в Ушачский район, провело руководство райисполкома

Наш современник Образование и молодежь

У бягучым годзе працоўная армія раёна папоўнілася 58 выпускнікамі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Маладыя людзі ўліліся ў калектывы практычна ўсіх сфер дзейнасці: сельскай гаспадаркі – 15 чалавек, сістэмы аховы здароўя – 13, адукацыі – 8, райспажыўтаварыства – 5, лясгаса – 6, ПМК-66 – 5, ветстанцыі – 2, а таксама ПМС, ДРБУ-105, ЖКГ і культуры – па 1. Кожны, хто застаўся на сваім першым рабочым месцы, атрымаў запрашэнне на традыцыйную сустрэчу кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якая адбылася на мінулым тыдні.

Як адзначыла падчас сустрэчы галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.І.Гардзіёнак, якая курыруе пытанні маладзёжнай палітыкі, рыхтуючы сустрэчу, арганізатары разлічвалі на тое, што ў ходзе яе юнакі і дзяўчаты змогуць не толькі пазнаёміцца паміж сабой, але і атрымаць карысную інфармацыю, адказы на хвалюючыя пытанні. З гэтай мэтай на мерапрыемства былі запрошаны спецыялісты пэўных сфер дзейнасці, а таксама кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, у якія сёлета на працу прыйшлі маладыя спецыялісты.

На сустрэчы старшыня райвыканкама В.В.Родзіч і намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская далі некалькі парад маладому папаўненню.У прыватнасці, яны параілі не баяцца праяўляць ініцыятыву, працаваць, заваёўваючы аўтарытэт вопытных калег. Ну а для таго, каб юнакі і дзяўчаты паспяхова асвоілася на месцах, кіраўнікам трэба з самага пачатку быць уважлівымі да маладых спецыялістаў, дапамагаць выкарыстоўваць на практыцы атрыманыя веды і, самае галоўнае, паказаць перспектывы кар’ернага і прафесійнага росту.

– Мы разлічваем на вашы здольнасці і актыўную жыццёвую пазіцыю, – сказаў кіраўнік раёна. – Са свайго боку мы будзем усяляк вас падтрымліваць, дапамагаць у вырашэнні праблем.

Дарэчы, хвалюючыя пытанні да Віктара Віктаравіча ў гэты дзень у маладых людзей былі. Датычыліся яны даволі “сціплай” па іх меркаванні заработнай платы, яе несвоечасовай выдачай і вырашэння пэўных бытавых пытанняў: чысткі калодзежу, нарыхтоўкі дроў, замены цеплавых лічыльнікаў і інш. Старшыня райвыканкама ўважліва выслухаў кожнага, адказаў на пытанні, даў даручэнне адпаведным службам пасадзейнічаць маладым спецыялістам, правесці пэўныя работы.

Між іншым, у арганізацыях і на прадпрыемствах, дзе планамерна праводзіцца работа па адаптацыі маладых спецыялістаў і іх замацаванні, у юнакоў і дзяўчат праблемы вырашаюцца па ходзе іх узнікнення. Так, напрыклад, падчас сустрэчы настаўніца Арэхаўскай школы Юлія Ягадка і майстар ПМС Сяргей Дунік прызналіся, што цалкам задаволены родам сваёй дзейнасці, адносінамі да сябе з боку калег, заработнай платай.

З рэалізацыяй у раёне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі прысутных пазнаёміла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.І.Гардзіёнак. Надзея Іванаўна расказала, як фарміруецца перспектыўны кадравы рэзерв, трапіць у які ёсць шанц у кожнага, хто пачынае сваю працоўную дзейнасць, пры ўмове старанных адносін да работы.

Як вядома, самае вострае і актуальнае пытанне практычна для кожнага маладога чалавека – жыллёвае. Яно таксама не засталося па-за ўвагай арганізатараў. Галоўны архітэктар раёна Г.В.Дымман растлумачыла, як стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, хто мае на гэта права. Галіна Віктараўна расказала таксама аб перспектывах будаўніцтва жылля ў раёне, наяўнасці зямельных ўчасткаў, якія можна выкарыстаць для ўзвядзення на іх прыватных жылых дамоў. Дарэчы, з апошнімі ёсць магчымасць пазнаёміцца на сайтах Ушацкага райвыканкама і нашай газеты: www.belpatriot.by.

Цікавая, насычаная праграма для маладых спецыялістаў была падрыхтавана ў гэты дзень і ў раённым Доме культуры. Юнакі і дзяўчаты атрымалі асалоду ад музычных нумароў, прагледзелі відэафільм пра Ушаччыну, даведаліся ад работнікаў культуры аб рабоце разнастайных клубных фарміраванняў для моладзі, атрымалі памятныя буклеты з карыснай інфармацыяй аб раёне. Працягнулася мерапрыемства ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, дзе для маладых людзей была арганізавана экскурсія.

Арганізатары сустрэчы літаральна аднагалосна жадалі маладым спецыялістам “асесці” на ўшацкай зямлі, стварыць тут моцныя, вялікія сем’і і атрымліваць задавальненне ад сваёй работы. Пры гэтым выказвалі спадзяванне, што ў юнакоў і дзяўчат усё атрымаецца, бо побач з імі вопытныя калегі і кіраўнікі.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *