Софья Васильевна Карпёнок

70-годдзе Перамогі

Цяжкі лёс выпаў на долю гэтай жанчыны. Калі слухаеш аповед яе жыцця, дзіву даешся, адкуль браліся фізічныя сілы рабіць непасільную мужчынскую работу, і яшчэ больш уражвае вялікая ўнутраная сіла, якая не дазваляла падаць духам у самыя адчайныя моманты, калі праводзіла ў апошні шлях сваіх дзяцей.SDC12110 

Соф’я Васільеўна Карпёнак у 89 гадоў добра памятае ўсе падзеі свайго вялікага жыцця. Толькі пра ўласны лёс не можа расказваць без слёз, усё балючае для душы нібы наноў перажывае.

 

Ёй было пяць годзікаў, калі вялікая сям’я, дзе падрастала шасцёра дзетак, засталася без бацькі. Цяпер ужо і на карце раёна няма Чарапоўшчынскага сельсавета і той роднай вёскі Петухоўшчына, дзе некалі маленькая Соф’я бегала басанож са сваімі равеснікамі. Усё зарасло кустоўем – ні хат, ні людзей, і толькі вечны агонь памяці захоўвае гэтыя цяжкія, але шчаслівыя, без выбухаў снарадаў, мірныя дні даваеннага дзяцінства.

Соф’я Васільеўна з вышыні сваёй жыццёвай мудрасці філасофскі разважае пра гэты перыяд. Рана сталелі, да дзесяці гадоў ужо былі абучаны ўсялякім сялянскім справам. Праца была мэтай і ладам жыцця. І гэтая дзіцячая працоўная загартоўка стала фундаментам на ўсё жыццё.

Памятае жанчына і падзел зямель, частка якіх па выніках Брэсцкага міру адышла да Польшчы, а частка да СССР. Яны з маці былі на савецкім баку, а іх блізкія родныя – на польскім. Застава стаяла у Кублічах.

– Якое гора было, – не можа да цяперашняга змірыцца жанчына, – што не пускалі да родных, якія ў кіламетры ад нас жылі. Мы ніяк не маглі згадзіцца з гэтай мяжой, што адрэзала нас ад сваіх.

Вайну 20-гадовая Соф’я сустрэла падчас будаўніцтва аэрадрома ва Ушачах. Сюды яе і многіх маладых людзей накіравалі, каб дапамагчы завяршыць гэты аб’ект. Соф’я на конскім возе падвозіла пясок на будоўлю. Калі абвясцілі аб пачатку вайны, моладзь падалася па дамах.

Яна і яе таварышы не сядзелі ў хатах, а ішлі ў райкам камсамола з прапановай сваёй пасільнай дапамогі. З вялікім энтузіязмам выконвалі кожнае камсамольскае даручэнне. Добра запомнілася жанчыне, як капалі акопы пад Гомелем Полацкага раёна, дзе праходзіла “Лінія Сталіна”. Полацк тады ўжо бамбілі, і важна было не прапусціць у горад танкі.

Памятае Соф’я Васільеўна, як працавала ў Завячэллі. Ні рук, ні ног ад цяжкіх земляных работ не чула. Толькі ніхто не скардзіўся на стомленасць, а дзяўчаты імкнуліся ад хлопцаў не адстаць – усе ведалі: гэта патрэбна Радзіме. І нават калі побач рваліся снарады, ніхто не ўцякаў з месца працы, толькі да зямлі прыціснуцца юнакі і дзяўчаты, каб не параніла, і зноў за работу.

– А колькі салдат і партызан мы тулілі ў сваёй хаце, – працягвае ўспаміны жанчына. – Абагрэем, накормім, апранём. Вельмі многіх даводзілася лячыць ці то ад тыфу, ці параненых. Памятаю, як у двор прыцягнулі люльку з фермы, у якой некалі свінням корм рабілі, і прыстасавалі на вогнішча. Якую кашу, які супец мы партызанам у ёй варылі! Аднойчы стаялі ў нас ваенныя, дык адзін лейтэнанцік, убачыўшы, што я вязаць умею, папрасіў звязаць для яго панчохі. Праз некалькі гадзін яны былі гатовы, дык той на радасці мяне амаль што падкінуў, а каб хоць нечым аддзячыць, зняў шалік з шыі, і на мяне накінуў.

Потым была хвароба на тыф. Не дзіўна: у хаце даглядалі такіх хворых і самі заразіліся. На галаве ў Соф’і не засталося ніводнага воласу, аднак неверагоднай фізічнай сілы дзяўчына змагалася за жыццё, а галоўнае – не падала духам. Нават калі родныя безнадзейна глядзелі на яе амаль нежывое цела, яна з апошніх сіл чаплялася за жыццё і ўсім гаварыла, маўляў, не можа яна вось так проста памерці, яшчэ так многа хочацца зрабіць. І сіла жыцця ўзяла сваё. Мабыць, хутчэй за іншых, хто хварэў адначасова з ёй, Соф’я зноў была ў радах тых, хто набліжаў доўгачаканую перамогу…

Не сцерліся з памяці і цяжкія пасляваенныя будні. Яна, брыгадзір паляводчай брыгады, на запрэжанай карове ўзворвала глебу, сеяла, разам з мужчынамі ішла ў касе. Хоць многія жанчыны таго часу былі дужымі і вынослівымі, аднак мая гераіня стаяла ў першых радах такіх, адораных нежаночай сілай. Ды і дух у яе адпавядаў фізічным магчымасцям. Гэта заўважалі ўсе. Мабыць таму і згадзілася выйсці замуж за мужчыну, у якога ўжо было двое дзяцей. Не баялася працы, ведала, што ўсё вытрымае. Хутка і свае шасцёра адзін за адным з’явіліся на свет. Плюс вялікая ўласная гаспадарка, без якой жанчына не ўяўляла свайго жыцця, ды і сям’я б не выжыла.

Моц яе духу вельмі выратаваў жанчыну, калі прыйшла вестка аб смерці спачатку першага пасынка, потым другога, якія былі для яе роднымі крывіначкамі. Пахавала жанчына і двух сваіх сыноў, у 80 годзе не стала і мужа…

Не зламала яе гора, мужную і моцную Соф’ю Васільеўну Карпёнак. Хоць і жыла адна ў Судзілавічах, аднак многа працавала, трымала вялікую гаспадарку, каб дапамагаць дзецям. Васемнаццаць гадоў пасля смерці мужа трымала карову, у восемдзесят яшчэ сама нарыхтоўвала на яе сена.

Сёння жанчына жыве разам са сваім сынам і нявесткай у Вялікіх Дольцах. Яе жыццё напоўнена ўжо зусім іншым зместам, аднак і ў свае 89 яна імкнецца быць карыснай для родных. Бясконца вяжа шкарпэткі, рукавіцы і іншыя рэчы для дзяцей і ўнукаў, кручком вырабляе дэкаратыўныя сурвэткі. Вельмі любіць газету “Патрыёт” і чытае яе ад першага да апошняга слова. (Адметна, што Соф’я Васільеўна яшчэ не ведае акуляраў – зрок выдатны). Бясконца чытае і перачытвае Хроніку “Памяць. Ушацкі раён”. Канечне, раздзелы пра вайну не абходзяцца без слёз. У многіх апісаных там падзеях яна бачыць сябе, маладую, прыгожую, і вельмі ганарыцца тым, што яе ўласны лёс так цесна пераплецены з лёсам яе радзімы. А, значыць, у набліжэнні Вялікай Перамогі ёсць і яе непасрэдны ўклад.

 

А.ПАШКОВІЧ.

На здымку:

Соф’я Васільеўна

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *