Ушачское райпо — снова первые в области

Общество

 

Вялікі гонар для Ушаччыны, калі работа якой-небудзь галіны ацэнена ў вобласці па вышэйшаму балу. Па выніках гаспадарча-фінансавай дзейнасці за 2008 год Ушацкае райспажыўтаварыства было лепшым у вобласці, вось і сёлета, пры падвядзенні вынікаў за 2009 год, яны зноў выйшлі на першае месца ў сваёй намінацыі. Сакрэтамі поспеху мы папрасілі падзяліцца старшыню праўлення райспажыўтаварыства Уладзіміра Мікалаевіча КРУГЛІКА.

– Уладзімір Мікалаевіч, некалькі слоў аб рабоце таварыства за мінулы год.

 

 

– За 2009 год перавыкананы прагнозныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця па нарыхтоўках сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны, інвестыцый у асноўны капітал. Мэтанакіраваная работа па эканоміі электраэнергіі прынесла чакаемы вынік – адбылося значнае скарачэнне энергаспажывання. Забяспечаны рост па спажывецкіх таварах, рознічным тавараабароце, аказанні платных паслуг насельніцтву, у тым ліку бытавых. Па выпрацоўцы ўласнай прадукцыі грамадскага харчавання дасягнуты ўзровень 2008 года. У цэлым за прайшоўшы год атрыманы прыбытак у суме 221 мільён рублёў, забяспечана рэнтабельная работа ўсіх прадпрыемстваў.

 

– Гандаль застаецца асноўнай галіной сістэмы спажывецкай кааперацыі, як пракаменціруеце яго развіццё?

 

– За мінулы год тэмп росту рознічнага тавараабароту па сістэме райспажыўтаварыства да ўзроўню 2008 года склаў 100,8 працэнта, а па райцэнтру – 105,3. Асноўная задача гандлёвай галіны – павышэнне ўзроўню гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва, і для яе вырашэння работа праўлення райспажыўтаварыства была накіравана на ўдасканаленне ўпраўлення таварнымі рэсурсамі і паляпшэнне забеспячэння прадпрыемстваў гандлю таварамі. Многа ўвагі надалі мы ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы гандлёвых прадпрыемстваў, праведзены комплекс мерапрыемстваў па іх канкурэнтаздольнасці і забеспячэнні эфектыўнай работы. За мінулы год толькі на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны інвесціравана 542 мільёны рублёў, за год адрамантавана 16 гандлёвых аб’ектаў, набыта і ўстаноўлена ў гандлёвай сетцы 29 адзінак халадзільнага абсталявання. Новы магазін “Раніца”, які пачаў працаваць у райцэнтры з красавіка 2009 года, даў дадаткова тавараабароту 730 мільёнаў рублёў. Пасля рэканструкцыі магазіна “На Віцебскай” рознічны тавараабарот узрос у 1,3 раза.

За 2009 год узрасла ўдзельная вага спажыўкааперацыі ў тавараабароце раёна на 1,7 працэнта, і па гэтым паказчыку мы займаем першае месца ў вобласці

За прайшоўшы год прададзена тавараў на аднаго жыхара раёна ў сярэднім за месяц на 158 тысяч рублёў пры сярэднеабласным паказчыку 133 тысячы рублёў. Па названым паказчыку Ушацкае райспажыўтаварыства займае трэцяе месца ў вобласці. Лепшых вынікаў па сярэднемесячным тавараабароце на аднаго жыхара дасягнулі работнікі магазінаў Лясныя азёры, п.Мірны, вёсак Наваселле і Селішча.

 

– Якія формы і метады гандлю былі найбольш прыбытковымі?

 

– Карыстаецца вялікім попытам у нашага насельніцтва продаж тавараў у крэдыт, што прынесла нам дадаткова 1,5 мільярда рублёў. Падчас акцыі “Время покупать” рэалізавана тавараў па зніжаных цэнах на 310 мільёнаў. Ад правядзення кірмашоў-продажаў, выездаў за межы раёна дадатковая выручка склала 570 мільёнаў рублёў.

 

– Уладзімір Мікалаевіч, напэўна, і планы на 2010 год будуць даволі высокімі?

 

– На бягучы год мы распрацавалі бізнес-план, дзе прадугледзелі аб’ёмы па кожнай галіне. Так, па тэмпу росту рознічнага тавараабароту ў супастаўных цэнах плануем дасягнуць 106 працэнтаў. Трэба многа папрацаваць па павелічэнні тавараабароту ў грамадскім харчаванні і перавысіць узровень 2009 года. Значныя накірункі развіцця намечаны ў прамысловасці, у прыватнасці, павялічыць выраб хлебабулачных вырабаў і забяспечыць тэмп росту 110 працэнтаў, кандытарскіх вырабаў – 121,1 працэнта, мясапрадуктаў – 103,3. Плануем у гэтым годзе засвоіць 200 мільёнаў рублёў на рэканструкцыю хлебазавода, што дазволіць ажыццявіць выпуск больш якаснай прадукцыі і найбольш поўна задаволіць попыт насельніцтва. Шэраг перспектыўных задач пастаўлены і перад нарыхтоўчай галі- ной, бо маюцца ў раёне рэзервы па павелічэнні закупкі сельгаспрадукцыі ў насельніцтва. Названая галіна павінна будзе забяспечыць рост нарыхтоўчага абароту ад насельніцтва ў 109 працэнтаў. Высокія заданні ставім па павышэнні аб’ёму платных паслуг, па знешнеэканамічнай дзейнасці і транспартных паслугах. Па кожнай галіне распрацаваны канкрэтныя мерапрыемствы. Я думаю, што нашаму калектыву яны пад сілу.

Размову вяла А.ПАШКОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *