Стали известны имена лауреатов областной премии «Человек года Витебщины-2020»

Общество

На Віцебшчыне ў лютым па традыцыі ўшаноўваюць лепшых працаўнікоў Прыдзвінскага краю. Вось і ў мінулую пятніцу ў абласным цэнтры віталі лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны-2020”. Галоўныя героі мерапрыемства – 50 прадстаўнікоў розных прафесій і сфер жыццядзейнасці. У іх лік сёлета, на жаль, не трапілі ўшачане, але, як справядліва зазначыў старшыня аблвыканкама М.М.Шарснёў, гэтага ганаровага звання заслугоўвае намнога больш людзей, чым прадугледжана пяццю намінацыямі.

Мерапрыемства сабрала ў канцэртнай зале “Віцебск” лаўрэатаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў з усіх раёнаў. Віталі прысутных не толькі кіраўніцтва вобласці, а і старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанка, памочнік Прэзідэнта, інспектар па Віцебскай вобласці А.К.Ліневіч. Пабывала на ўрачыстасці і дэлегацыя Ушаччыны на чале са старшынёй райвыканкама У.Г.Аўдошкам.

– Мы ўшаноўваем тых, хто будуе дамы і заводы, вырошчвае ўраджай і вырабляе прадукцыю, лечыць і вучыць, беражэ і абараняе. За званнем “Чалавек года Віцебшчыны” стаіць не імгненны трыумф, а аўтарытэт, які напрацоўваўся гадамі. Ва ўсіх галінах ёсць людзі, чый працоўны шлях служыць прыкладам для іншых, – падкрэсліў кіраўнік вобласці, звяртаючыся да лаўрэатаў.

Мікалай Мікалаевіч Шарснёў адзначыў, што 2020-ы быў няпростым годам, але разам з тым ён узбагаціў неацэнным вопытам, запомніўся значнымі і выніковымі справамі. Так, другі год запар галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама становіцца лепшым профільным структурным падраздзяленнем у краіне. У ліку тых, каму прысвоена ганаровае званне, напрыклад, настаўнік матэматыкі СШ №31 г.Віцебска Наталля Шчаглова, уладальнік тытула “Настаўнік года Беларусі-2020”, якая за 15 гадоў педагагічнай дзейнасці падрыхтавала 36 пераможцаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд.

С.Клачок, І.Шчукіна.

Плённа працавалі прамысловыя прадпрыемствы. ААТ “Віцязь” на чале з Генадзем Азаравым, які таксама ўздымаўся на сцэну за ўзнагародай, у 1,8 раза павялічыла вытворчасць сучаснай бытавой тэхнікі і медыцынскага абсталявання і ў 2,2 раза экспарт, першым у рэспубліцы стварыла вытворчасць электразарадных станцый для электрамабіляў.

У прыярытэце як заўсёды было развіццё аграпрамысловага комплексу, на долю якога прыпадае пятая частка валавога рэгіянальнага прадукту, у АПК працуе амаль 20% усіх занятых у рэальным сектары эканомікі. Летась на Віцебшчыне павялічана вытворчасць збожжавых культур, малака, у два разы ўзрос валавы збор кукурузы на зерне, атрымана самая высокая ў рэспубліцы ўраджайнасць бульбы. Сярод лаўрэатаў у намінацыі АПК – трактарыст-машыніст прадпрыемства “Барздоўка-Агра” Аршанскага раёна Уладзімір Палячынскі, які намалаціў 3,4 тысячы тон збожжа, а з улікам рапсу і кукрузы яго намалот склаў 8868 тон! Дзякуючы стараннай працы галоўнага ветурача ААТ “Новыя Гараны” Полацкага раёна Леаніда Мурашкі атрыманы прыплод 94 цяляці на 100 кароў, падзеж буйной рагатай жывёлы склаў 0,7%, а гэта лепшы паказчык у вобласці.

Асаблівая ўвага ў 2020-м была прыкавана да медыцыны. За высокую арганізацыю дапамогі пацыентам з COVID-19 у спісе лаўрэатаў сёлета 5 медработнікаў. Абласная інфекцыйная бальніца была першай перапрафілявана для аказання дапамогі пацыентам з каранавірусам, у стацыянары пралечана звыш 2700 пацыентаў. За ўзорную работу званне “Чалавек года Віцебшчыны” прысвоена намесніку галоўнага ўрача прыгаданай медустановы Ірыне Раманенкавай. А ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг абласнога радзільнага дома Іна Будрыцкая ўкараніла высокатэхналагічныя метады для выходжвання неданошаных нованароджаных з нізкай масай цела, дзякуючы чаму дасягнута іх 100% выжывальнасць.

Дасягненні Віцебшчыны адзначыў і У.П.Андрэйчанка. “Вобласць першай прыняла ўдар пандэміі, на яе прыкладзе іншыя рэгіёны вучыліся змагацца з небяспечнай хваробай. Няпростыя выпрабаванні прыйшлося перажыць эканоміцы, і Віцебшчына годна з імі справілася”, – сказаў спікер ніжняй палаты парламента, уручаючы прывітальны адрас Мікалаю Шарснёву і перадаючы віншавальныя словы лаўрэатам ад Прэзідэнта краіны.

Дэлегацыя Ушацкага раёна на свяце ў Віцебску.

Дэлегацыі раёнаў не шкадавалі апладысментаў для кожнага працаўніка, адзначанага ў гэты дзень дыпломам, нагрудным знакам і грашовай прэміяй у памеры сто базавых велічынь. Ва ўзнагароджаных – вельмі дастойныя дасягненні. Усе раёны прапаноўваюць сваіх намінантаў, але вельмі складана вылучаць лепшых з лепшых, тым больш што ўлічваюцца не толькі асабістыя паказчыкі, а і вынікі дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый.

Пасля ўрачыстай цырымоніі адбыўся канцэрт з удзелам калектываў Віцебска і вобласці. Праграма вылучалася глыбокім і пранікнёным сэнсам і не памылюся, калі скажу, што абсалютна нікога не пакінула раўнадушным. Зала стоячы слухала знакамітую песню “Помолимся за родителей”, не шкадавала апладысментаў для самых маленькіх удзельнікаў з ансамбля “Зорка” і юных цыркачоў з Наваполацка, з захапленнем назірала і за арыгінальным нумарам ад спартсменаў.

Святочная атмасфера панавала не толькі на канцэртнай пляцоўцы, а яшчэ задоўга да пачатку мерапрыемства ў фае, дзе ўсе буйныя прадпрыемствы рэгіёну разгарнулі свае прэзентацыі, выставы, дэгустацыі. Так, напрыклад, “Белвест” і “Марка” запрашалі ацаніць навінкі абутку, а Верхнядзвінскі масласырзавод, Аршанскі, Віцебскі, Глыбоцкі мясакамбінаты, “Віцьба” і многія іншыя – паспрабаваць іх прадукцыю.

Але зусім без узнагарод ушацкая дэлегацыя ў гэты дзень дадому не вярталася. Падчас урачыстага прыёму, які ладзіўся кіраўніцтвам аблвыканкама, за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку і правядзенне грамадска-палітычных мерапрыемстваў Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама і Падзякай старшыні аблвыканкама адзначаны нашы зямлячкі Святлана Рыгораўна Клачок і Ірына Васільеўна Шчукіна.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *