Ученики Великодолецкой средней школы в составе команды Витебской области стали бронзовыми призёрами республиканских соревнований «Снежный снайпер»

Cпорт Наши дети

Сёлетні фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў «Снежны снайпер» праходзіў на фоне феерычнага алімпійскага поспеху айчыннага біятлона, а таму настрой лепшых юных спартсменаў краіны, якія прыехалі ў Мінск, каб высветліць, хто зможа ў будучым дастойна падхапіць пераможны парыў Дар’і Домрачавай і Надзеі Скардзіна, быў надзвычай баявым. Вельмі прыемна, што прадэманстраваць сваё майстэрства ў ціры і на лыжнай трасе, пракладзенай на праспекце Пераможцаў, змаглі і ўшачане, якія па выніках выдатнага выступлення на абласным этапе другі год запар атрымалі права абараняць гонар Віцебшчыны ў фінале.Так, у ліку сямі ўдзельнікаў каманды малодшага ўзросту (2002-2003 гадоў нараджэння) былі тры вучні настаўніка фізічнага выхавання і спорту Вялікадолецкай школы Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага — Арцём Полазаў, Мікіта Хамічонак і Анастасія Хадан. Спаборніцтвы складваліся напружана і драматычна. У стральбе вялікадальчане выступілі на сваім узроўні. Лепш гэтае практыкаванне ўдалося Мікіце Хамічонку. Аднак вырашальнай у плане размеркавання выніковых месцаў стала лыжная гонка, якая вельмі цяжка далася амаль усім удзельнікам. Віной таму — сёлетняя бясснежная зіма, з-за чаго юныя спартсмены практычна не мелі магчымасці трэніравацца. «Звычайна нас выручае размешчаная непадалёк ад школы саджалка, на якой з пачаткам халадоў абсталёўваем неблагую трасу — утрамбоўваем на трохсотмятровым кругу снег так, каб можна было бегчы не толькі класічным, але і каньковым стылем, — расказвае Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі. — Сёлета ж змаглі трэніравацца толькі два-тры тыдні». Вельмі няпроста было правесці раённы этап спаборніцтваў: арганізатары літаральна ўручную збіралі каштоўны снег, каб абсталяваць трасу на лясгасаўскім стадыёне. На абласным жа этапе лыжная гонка ўвогуле была заменена кросам. Арганізатары рэспубліканскага фіналу здолелі падрыхтаваць лыжную трасу, аднак бегчы па вязкай снежнай кашы тры кіламетры «класікай» было неймаверна складана. Спартсмены Віцебскай вобласці праявілі ў гэтым практыкаванні байцоўскі характар і вынослівасць. На вышыні былі і вялікадолецкія школьнікі, асабліва ж добры ход па лыжні паказала Насця Хадан. У выніку малодшая каманда нашай вобласці змагла ўзняцца на трэцюю прыступку п’едэстала!

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў, напэўна, стала адным з самых запамінальных момантаў у жыцці юных спартсменаў: яшчэ б — бронзавыя медалі нашым школьнікам уручалі самы трапны стралок у свеце, алімпійскі чэмпіён Сяргей Мартынаў, праслаўленая біятланістка Алена Зубрылава і ўладальнік ганаровага пятага месца ў лыжным марафоне сочынскай Алімпіяды Сяргей Далідовіч. Апошняга, дарэчы, У.М.Лапіцкі лічыць сапраўдным героем алімпійскіх гульняў: «40-гадовы лыжнік, якога ніхто не браў у разлік, даў бой нарвежскім і нямецкім фаварытам, на вынікі якіх працуюць самыя сучасныя тэхналогіі і спецыялісты, ды што там спецыялісты — цэлыя навуковыя лабараторыі!» Менавіта гэтага спартсмена трэнер ставіць у прыклад сваім выхаванцам: лыжы і біятлон — гэта не толькі і не столькі прыродны талент, гэта ўпартая праца, неверагодная цярплівасць. А яшчэ каб займацца гэтымі відамі спорту трэба быць іх сапраўднымі фанатамі — такімі, як сам Уладзімір Мікалаевіч.

Настаўнікам фізкультуры ён марыў стаць з дзяцінства. А калі ўпершыню іх клас прыйшоў на ўрок у прыгожую спартыўную залу новай школы ў Вялікіх Дольцах, падумаў: «Стаць бы тут гаспадаром — вось гэта было б шчасце!» Мэту сваю Уладзімір неўзабаве ажыццявіў, скончыўшы Віцебскі педінстытут імя Машэрава. Спачатку пяць гадоў давялося папрацаваць у Завячэльскай школе, ну а потым вярнуўся на радзіму, свае імкненні і навыкі прысвяціў землякам. Пры гэтым усё, за што браўся, рабіў дасканала, з душой, ставіў перад сабой і выхаванцамі толькі вялікія мэты, бо працаваць напаўсілы проста не ўмее. Створаная ім саўгасная каманда па валейболе (на гэтым гульнявым відзе Уладзімір Мікалаевіч спецыялізаваўся ў інстытуце) была ўдзельнікам фіналаў рэспубліканскіх турніраў. А якую выдатную школу настольнага тэніса стварыў настаўнік у сваёй навучальнай установе! Сціплыя вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі прыязджалі на абласныя спаборніцтвы і прыгожа абыгрывалі прызнаных фаварытаў. Дарэчы, адной з самых паспяховых яго падапечных была дачка Кацярына. Дасягнуць адметных вынікаў у гэтым відзе спорту, якім займаюцца мільёны чалавек, вельмі складана: трэба ад прыроды мець фенаменальную рэакцыю, гадзінамі штодзённых трэніровак напрацоўваць тэхніку ўдараў. Каб яго выхаванцы маглі асвойваць «падрэзкі» і «топ-спіны», Уладзімір Мікалаевіч сканструяваў з падручных матэрыялаў спецыяльныя трэнажоры. У той час як многія выкладчыкі скардзяцца, што слабая матэрыяльная база не дазваляе ім трэніраваць дзяцей па сучасных методыках, гэты настаўнік шукае магчымасці, увасабляе арыгінальныя ідэі. На наступны зімні сезон, напрыклад, плануе ўключыць у трэніровачны працэс сваіх «снежных снайпераў» бег на каньках: гэта не толькі дапаможа ўдасканаліць тэхніку адпаведнага лыжнага стылю, але і стане добрым практыкаваннем на вынослівасць: па нагрузцы на арганізм прабегчы 5 кіламетраў на каньках тое самае, што 15 — на лыжах. «Прынамсі, методыка гэта не новая: у свой час яе паспяхова практыкаваў у Маладолецкай школе выкладчык Аляксандр Лапкоўскі», — расказвае Уладзімір Мікалаевіч. Увогуле трэнер падтрымлівае кантакт са многімі сваімі калегамі, пераймае іх станоўчы вопыт. «Пасля фіналу «Снежнага снайпера» разам з трэнерам Сенненскай СДЮШАР па біятлоне прааналізавалі вынікі і прыйшлі да высновы, што хоць нашы вучні выступілі сёлета дастойна, але канкурэнцыю пераможцам на лыжных трасах пакуль саставіць не змаглі. А значыць, будзем трэніравацца яшчэ больш упарта!» — кажа Уладзімір Мікалаевіч — максімаліст, для якога добрым вынікам з’яўляецца толькі першае месца.

І хоць цяперашнія дасягненні вялікадальчане ўспрымаюць як прыступку да новых, яшчэ больш значных, прымаць віншаванні і ўзнагароды, канечне, вельмі прыемна. Чарговую «порцыю славы» яны атрымалі нядаўна на ўрачыстай школьнай лінейцы. Ушаноўваць юных спартсменаў і іх настаўніка прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.Ф.Сыроўчанка. За высокі прафесіяналізм і шматгадовую добрасумленную працу настаўнік У.М.Лапіцкі атрымаў Удзячнасць раённага выканаўчага камітэта і Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў, а яго вучні Арцём Полазаў, Мікіта Хамічонак і Анастасія Хадан — Лісты падзякі райвыканкама за выдатныя вынікі ў спаборніцтвах. Былі адзначаны і яшчэ два вучні: Аляксей Рудкоўскі, які выйграў сёлета абласны этап зімняга мнагабор’я «Абаронца Айчыны» сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту, і Раман Хамічонак, які заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім першынстве па армрэстлінгу. Увогуле, у гэтай школе створана такая пазітыўная атмасфера, укараніўся такі культ фізічнага ўдасканалення і здаровага ладу жыцця, што застацца ўбаку ад спартыўных заняткаў проста немагчыма. А таму будзем чакаць ад вялікадальчан новых гучных перамог.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *