Вопросы исполнения трудового законодательства в 2013 году лидировали среди тематики обращений граждан в прокуратуру Ушачского района

Общество Официально Правовая консультация

У 2013 годзе ў пракуратуру Ушацкага раёна паступіў 101 зварот грамадзян, з якіх прызнана абгрунтаванымі і задаволена 23.

Большасць з іх (28) датычылася пытанняў выканання працоўнага заканадаўства – у параўнанні з 2012 годам іх колькасць павялічылася больш чым удвая. 11 зваротаў былі звязаны з нявыплатай наймальнікам дапамог на непаўналетніх дзяцей. Амаль усе задаволеныя звароты грамадзян (21) датычыліся нявыплаты заработнай платы, дапамог на дзяцей, адпускных і канчатковага разліку.

Так, у лістападзе мінулага года ў пракуратуру паступіла 6 зваротаў работнікаў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” і 3 – КУСГП “Арэхаўна” з прычыны нявыплаты зарплаты, неабгрунтаванага змяншэння яе памеру за кастрычнік 2013 года і нявыплаты мінімальнай заработнай платы. Да зваротаў былі прыкладзены разліковыя лісты.

Праверкай устаноўлена, што гэтым работнікам сапраўды налічана заработная плата ніжэйшая за ўстаноўленую мінімальную. Ніякіх абгрунтаванняў гэтага наймальнікі не прад’явілі. Аб змяненні сістэмы і памераў аплаты працы работнікі прадпрыемстваў таксама не папярэджваліся, тады як у адпаведнасці з часткай 3 артыкула 32 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь наймальнік абавязаны папярэдзіць работніка аб змяненні істотных умоў працы пісьмова не пазней чым за адзін месяц.

Па выніках праверкі кіраўнікам названых прадпрыемстваў вынесены прадпісанні аб тэрміновай выплаце заработнай платы за кастрычнік 2013 года і афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства аб працы.

З мэтай папярэджання фактаў парушэння працоўных правоў грамадзян, мяркую, варта растлумачыць наступнае.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь грамадзянам нашай краіны гарантуецца права на працу, выбар прафесіі і роду заняткаў, на бяспечныя ўмовы працы. Асобам, якія працуюць па найме, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў адпаведнасці з колькасцю, якасцю і грамадскай значнасцю працы, аднак не ніжэй узроўню, які забяспечвае дастойнае існаванне.

Мінімальная заработная плата з 1 студзеня бягучага года зацверджана ў памеры 1660000 рублёў, гадзінная мінімальная тарыфная стаўка складае 9890 рублёў. Выплата зарплаты ажыццяўляецца ў дні, вызначаныя ў калектыўным або працоўным дагаворы. Са згоды работніка дазваляецца замена грашовай аплаты цалкам або часткова натуральнай аплатай, якая павінна падыходзіць для асабістага ўжывання або быць выгаднай для работніка і яго сям’і.

Прыватныя працоўныя спрэчкі па пытаннях прымянення заканадаўства аб працы, калектыўных і працоўных дагавораў разглядаюцца камісіямі па працоўных спрэчках, калі размова ідзе пра ўстаноўленыя расцэнкі і нормы працы, перавод на іншую работу, аплату працы, у тым ліку пры невыкананні норм, прастоі, атрыманне прэмій і ўзнагароджанняў, кампенсацый, вяртанне грашовых сродкаў, утрыманых з заработнай платы, водпускі, выдачу спецадзення і г.д.

У судзе разглядаюцца працоўныя спрэчкі па заявах аб несапраўднасці працоўнага дагавора; калі работнік або наймальнік не згодны з рашэннем камісіі па працоўных спрэчках або камісія не разгледзела заяву работніка ва ўстаноўлены 10-дзённы тэрмін; калі рашэнне камісіі супярэчыць заканадаўству. Непасрэдна ў судзе разглядаюцца працоўныя спрэчкі па заявах работнікаў, якія працуюць у наймальнікаў, дзе камісіі па працоўных спрэчках не створаны; работнікаў – не членаў прафсаюза, калі яны не звярнуліся ў камісію; работнікаў па аднаўленні на працоўным месцы, змяненні даты і фармуліроўкі прычыны звальнення, аб аплаце за час вымушанага прагула; наймальнікаў – аб пакрыцці нанесенага ім работнікамі ўрону; работнікаў – аб адмове наймальніка ў складанні акта аб няшчасным выпадку або нязгоднасці з яго зместам.

Работнікі могуць звяртацца ў камісіі па працоўных спрэчках або ў суд у трохмесячны тэрмін з дня, калі яны даведаліся аб парушэнні сваіх правоў, а па справах аб звальненні – у суд у месячны тэрмін з дня атрымання копіі загада аб звальненні або выдачы працоўнай кніжкі з адпаведным запісам або з дня адмовы ў выдачы названых дакументаў.

Часткай 1 артыкула 9.19 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за парушэнне наймальнікам парадку і тэрмінаў выплаты заработнай платы ў выглядзе штрафу ў памеры ад 4 да 20 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да 100 базавых велічынь.

М.ПАДВОРНЫ, пракурор Ушацкага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *