О предвыборной программе кандидата

Общество

Пасля публікацыі ў мінулым нумары замалёўкі пра Віктара Пятровіча Сяргеева, у рэдакцыю паступілі пытанні пра перадвыбарчую праграму кандыдата, а таксама пра яго погляд на некаторыя жыццёвыя праблемы. І сённяшняя гутарка павінна расставіць усе кропкі над “і” для нашых чытачоў і выбаршчыкаў.

– Віктар Пятровіч, тое, што калектыў вылучыў Вас кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў – безумоўна гонар, але і адказнасць. Што адчуваеце ў новым статусе?

– Дэпутат, у склад якога б Савета ён ні ўваходзіў – гэта, безумоўна, вялікі давер людзей і адказнасць, не толькі перад калектывам, якая і была раней, але і перад выбаршчыкамі за вырашэнне мясцовых і агульнадзяржаўных задач. Паколькі дэпутацкая дзейнасць з’яўляецца грамадскай, яе трэба граматна спалучаць з асноўнай работай. Як рухаюцца з месца любыя калектыўныя справы? Калі знаходзіцца чалавек, які праявіць ініцыятыву, аб’яднае іншых, адшукае шляхі. Дэпутат – менавіта той чалавек, якому людзі давяраюць свае праблемы. Таму прыкладу намаганні, каб апраўдаць давер людзей. Напэўна, не горш, калі дэпутат абласнога Савета – прадстаўнік свайго раёна, які жыве яго праблемамі і зможа падняць, далучыць пытанні, хвалюючыя людзей выбарчай акругі.

– Што з’яўляецца асновай Вашай перадвыбарчай праграмы?

– Наша з вамі рэчаіснасць. Як кіраўнік, я ведаю праблемы ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, ды і наогул прадпрыемстваў. Як жыхара раёна мяне не абмінулі дарожныя праблемы, я карыстаюся паслугамі камунгаса, сувязістаў, наведваю бальніцу і магазін. Як бацька, я цікаўлюся інтарэсамі сваіх дзяцей, а праз іх і ўсёй моладзі. Як вяскоўца, дзе, як вядома, усё навідавоку, мяне непакоіць праблема п’янства, беспрацоўя, сірот пры жывых бацьках. Мой бацька быў удзельнікам вайны, таму лічу абавязкам сына клапаціцца пра невялікую кагорту тых, хто заваяваў Перамогу, як і наогул спрыяць у вырашэнні праблем пажылых людзей. На гэтых жыццёвых пытаннях і грунтуецца мая праграма.

– Прадпрыемства, якое Вы ўзначальваеце, – узор для многіх не толькі ў заработнай плаце, аднак і па ўмовах працы і адпачынку. Куткі для абеду, трэнажорная зала для заняткаў з’явіліся за сродкі прадпрыемства, апаратура для падтрымкі самадзейнасці калектыву – таксама. Не ўсе кіраўнікі накіроўваюць сродкі на гэта.

– Я перакананы, што калі хочаш, каб квітнела краіна ў цэлым, трэба пачынаць з малога, са свайго калектыву, свайго раёна, дапамагаць тым, хто побач. Нашы работнікі некалі праявілі ініцыятыву па добраўпарадкаванні, а таксама стварэнні мастацкай самадзейнасці на прадпрыемстве: пачалі складаць музыку, спяваць, праводзіць святы. Гэта трэба падтрымліваць, як і любую карысную ініцыятыву. Каб дзеці раслі здаровымі, дужымі, трэба ствараць базу для іх развіцця, таму мы аказваем спонсарскую дапамогу спартсменам, спрыяем падарожжам і пашырэнню кругагляду. Вельмі многае хацелася б зрабіць яшчэ, а для гэтага трэба мець прыбытак, значыць, лепш працаваць.

– Ці захочуць Вашы ўласныя дзеці жыць у сельскай мясцовасці, працягваць справу бацькоў?

– Сын вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце на факультэце інфармацыйных тэхналогій, дачка цікавіцца хіміяй і таксама мяркуе паступаць у гэту навучальную ўстанову, таму што ёсць інтэрнат, можна часта бываць дома. Іх выбар закранае многія праблемы студэнтаў, як і наогул маладых людзей. Нам трэба захоўваць тое, што маем – бясплатную адукацыю, ільготы малазабяспечаным катэгорыям, адрасную сацыяльную дапамогу, больш будаваць, у тым ліку і інтэрнатаў, і наогул, каб узровень жыцця на вёсцы не адрозніваўся ад гарадскіх. Далёка не ўсім людзям блізкі шум вялікіх гарадоў, едуць яны туды толькі таму, што хочуць больш зарабляць, і павышэнне заробкаў, наогул узроўню жыцця на вёсцы, лічу пастаяннай і агульнай задачай, якую неабходна вырашаць. Дзеці павінны з задавальненнем заставацца там, дзе выраслі, а для гэтага трэба ствараць новыя працоўныя месцы, гарантаваць працаўладкаванне і хуткае атрыманне жылля. Менавіта моладзі паляпшаць дэмаграфічны стан краіны, і замацаваныя зараз меры заахвочвання маладых сямей трэба працягваць. Мае дзеці любяць дом і свой раён.

– Віктар Пятровіч, як Вы лічыце, ці хапае паўнамоцтваў дэпутата мясцовага Савета для рэальнай дапамогі людзям?

– Практыка зваротаў паказвае, што шляхі вырашэння праблем не заўсёды вядуць у сталіцу. Нават наадварот, амаль усё вырашаецца якраз на месцах. Таму нам трэба ўзмацняць аўтарытэт і працаздольнасць менавіта мясцовай улады і органаў мясцовага самакіравання, фарміраваць устойлівую і незалежную фінансавую аснову для гэтага. Трэба лепш упраўляць дзяржаўнай уласнасцю, прыцягваць інвестыцыі, мадэрнізаваць прадпрыемствы, каб нават ва ўмовах крызісу быць канкурэнтаздольнымі.

– Ёсць у Вашай праграме канкрэтныя адрасаты?

– Адрас тут адзін – наша выбарчая акруга, якая павінна дынамічна развівацца разам з усёй Беларуссю. Як дэпутат раённага Савета дэпутатаў я ведаю праблемы ўсяго раёна. І, канечне, калі мяне абяруць, буду спрыяць рэканструкцыі і фінансаваму аздараўленню прадпрыемстваў, прапагандзе нашых маляўнічых мясцін для развіцця прыдарожнага сервісу, турызму, далейшага будаўніцтва. І галоўная задача дэпутата – выслухаць, разабрацца і данесці праблемы сваіх выбаршчыкаў да адпаведных структур улады, а да выбаршчыкаў — шляхі вырашэння ўзнятых пытанняў, асноўныя накірункі дзяржаўнай палітыкі. Таму, якія яшчэ пытанні давядзецца вырашаць, – падкажуць яны і само жыццё.

Гутарыла В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *