На базе «Водно-восстановительного центра» Сергей Фомина на озере Вечелье прошёл второй этап кубка Беларуси по вейкбордингу

Cпорт Мир увлечений Экономика и малый бизнес

Вэйкбордынг – камбінацыя водных лыж, сноўборда, скейта і сёрфінга — кожны год захапляе ўсё болей і болей людзей у нашай краіне. Гэта малады від спорту, першыя сусветныя спаборніцтвы адбыліся толькі 16 год таму. Кубак Рэспублікі Беларусь па вэйкбордынгу звычайна праходзіць у 4 этапы. Адзін з іх вось ужо другі раз – на Вечаллі. Ушачы 2 жніўня прынялі ўдзельнікаў другога этапу, а першы адбыўся 23 мая на Камсамольскім возеры ў Мінску.

На базе водна-аднаўленчага цэнтра Сяргея Фаміна, якая так падабаецца вэйкбардыстам, з самага ранку было спякотна ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Спаборніцтвы прызначаны на 13.00, але вэйкі (дошкі з прымацаванымі бацінкамі) удзельнікаў з’явіліся на пірсе, дзе і знаходзіцца стартавая пляцоўка, значнай раней. Адразу бачна, што райдараў, а менавіта так прынята называць вэйкбардыстаў, будзе шмат. Дзіджэі ўжо за пультам, і з’яўляецца ўражанне, што гэта не рэспубліканскі турнір, а старыя сябры сабраліся адпачнуць.

Дзмітрый Узкі – саарганізатар, удзельнік і суддзя міжнароднага класа (3 зоркі) — кажа, што зарэгістравалася 52 чалавекі (змагалася 45 чалавек, не ўлічваючы карэспандэнтку канала “Мінск 24 ДОК”). Але на Чэмпіянат Еўропы з беларусаў мала хто трапляе, бо ў спартсменаў малы вопыт катання на колавай канатцы. Ды і ў нас гэта больш фанавы від спорту, вэйкеры проста атрымліваюць асалоду ад праездаў, сапраўдных майстроў нямнога. Але Дзмітрый гаворыць, што спартсмены могуць трэніравацца за мяжой — у Славакіі, Тайландзе. У сезон, а гэта канец вясны – сярэдзіна восені, можна займацца і ў Беларусі. У Мінску клуб “Wake line” катаецца на Цне, наваполацкі клуб “Wake up” мае рэверсійку ля пасёлка Междурэчча, але пра Вечалле спартсмены таксама не забываюцца. У такіх камандах звычайна няма трэнераў: тыя, у каго больш вопыту, і дапамагаюць навічкам. Ды і суддзі вэйкбордынгу – такія ж самыя ўдзельнікі. Па рэгламенце іх павінна быць трое. Зразумела, сваю катэгорыю яны не ацэньваюць. Адзнакі выстаўляюцца па сістэме фрырайт. Гэта значыць, што бярэцца ў разлік тэхніка трукаў, руху і візуальная прывабнасць праезду. Максімальна можна набраць 100 балаў. Дазваляецца адно падзенне і тэхнічны прыпынак для ўсіх разрадаў. Падаюць жа вэйкеры ў асноўным пасля выканання фігур. Удзельнік можа прыдумаць і свой трук. Існуе і пэўная стандартызацыя. Нельга сказаць, што ёсць больш простыя ці больш складаныя элементы. Асноўныя з іх – оллі (прыжкі па воднай паверхні), рэйлі (ногі падкідваюцца назад уверх), бэкрол (від сальта), тантрум (адваротнае сальта), грэб (у паветры схапіць край борда).

Што датычыцца заліковых груп, то яны фарміруюцца па ўзросце спартсменаў. Асобна стаяць адкрытая і аматарская катэгорыі. На гэты раз у самым прэстыжным адкрытым разрадзе было 9 чалавек. Кола аматараў складалася з 12 мужчын, сярод іх і ушаччане Дзмірый Шэўчанка і Аляксандр Пугач. А вось Дзяніса Алешчанку і Барыса Мазуркевіча з разраду аматараў судзейская калегія перавяла да прафесіяналаў дзякуючы складаным элементам праграмы хлопцаў. На гэтым этапе было сямёра юніёраў і дзяцей ўзростам ад 11 да 19 год. У групе “Майстар” і “Ветэран” выступіла 14 мужчын ад 30 год і болей. Ну і асаблівая ўвага была да спартсменаў пяшчотнага ўзросту mini. Тры дзяўчынкі ад 4 да 10 год не проста ўпрыгожвалі чэмпіянат, а з першых жа рухаў паказалі, на што яны здатныя.

Дзесяцігадовая Наташа Хатулёва, адна з самых малодшых удзельніц, расказала, што 2 гады таму ў спорт яе з сястрой Анечкай, якой зараз 4 гады, прывёў бацька Юрый. У сям’і ёсць свой гідрацыкл, таму ўсе на чале з дзедам захапляюцца вейкбордынгам. І Наташа ўжо можа зрабіць абарот у 180 градусаў з трампліна. Маленькая Каця Якаўлева трэніруецца разам з бацькам Аляксеем ужо 3 гады. Дагэтуль яна займалася воднымі лыжамі.Усе ў адзін голас кажуць, што стаць на вэйк можна літаральна за 15 хвілін. Новапалачанка Лера Нікіціна прыехала падтрымаць сяброў, сама не ўдзельнічае, але кажа, што ёй было лёгка асвоіцца на вэйкбордзе, асабліва пасля заняткаў сноўбордынгам.

Вядомы спартсмен, майстар спорту міжнароднага класа па водных лыжах Герман Белякоў менавіта вэйкбордынгам займаецца 3 гады. Яму захацелася разнастаіць практыку водных лыж, на якіх ён стаіць з 9 год. Ва ўжо прыгаданым Междурэччы Герман наладзіў сваю канатна-рэверсіўную дарогу і заснаваў вэйк-клуб. Дынамічны малады мужчына ўдзельнічае літаральна ва ўсіх беларускіх вейкбордных спаборніцтвах, займае прызавыя месцы на сусветных турнірах па водных лыжах, часта бывае за мяжой і адзначае, што ўзровень нашых райдараў у параўнанні з 2012 годам стаў значна вышэйшым. Між іншым, Герман — асноўны кандыдат на лідарства, бо ў першай частцы чэмпіянату перамога была за ім.

Трэба адзначыць, што на другі этап прыехала 14 новых вэйкераў, некаторыя з іх упершыню. Да наступнага, трэцяга кола Кубка Рэспублікі яны проста падыдуць з меншай колькасцю балаў.

Навічкам і дзецям дасведчаныя ўдзельнікі і арганізатары заўсёды паўтараюць, што вейкбордынг – экстрэмальнае і небяспечнае захапленне. Кожны раз здараецца штосьці непрыемнае. На старт забаронена выходзіць без шлема і антышокавай камізэлькі. У суботу вэйкеры не адзін раз падалі з вузкага памосту, пасля паветраных элементаў біліся аб ваду. Падчас другіх падыходаў masters-групы трос наогул парваўся, дзівам не нарабіўшы бяды.

Спаборніцтвы скончылі вось такім нечаканым паваротам. Тых, хто не паспеў праехаць другі раз, адзначалі толькі па першай спробе. Напрыканцы дня турнірная сетка выглядала наступным чынам. Першае месца сярод дзетак заняла Каця Якаўлева, сярод юніёраў – Канстанцін Буяноўскі. Адкрытую катэгорыю ўзначаліў Герман Белякоў. Первай у Open Ladies стала Алена Занкевіч. Сярод мужчын ад 30 год – Цімафей Занкевіч. Сярод ветэранаў першым стаў Аляксей Якаўлеў. Аматары размясціліся так: першае месца ў Аляксандра Пугача, другое – Дзмітрыя Шэўчанкі, трэцяе – Паўла Грышуніна.

Старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч павіншаваў прызёраў і падзякаваў Сяргею Васільевічу Фаміну за тое, што ён чарговы раз бярэ на сябе арганізацыю спаборніцтваў.

У гэтым годзе Ушаччына плануе прыняць вэйкбардзістаў яшчэ і ў кастрычніку.

В.СЕВЕРЫНА.



1 комментарий по теме “На базе «Водно-восстановительного центра» Сергей Фомина на озере Вечелье прошёл второй этап кубка Беларуси по вейкбордингу

  1. Мероприятие очень интересное и захватывающее!!! Побольше бы таких в Ушачах! А вот написали вы про него совсем НЕинтересно, не передали всей атмосферы и духа соревнований. Как будто прошло какое-то рядовое, обычное спортивное соревнование….да ещё и с ошибками!!! Про комбайны и то интересней читать..

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *