Санаторий «Лесные озёра» – визитка Ушачского района

Благоустройство Калейдоскоп Официально

“Цяпер толькі дадому, тут утульна, выдатная кухня, такая лёгкая вада, а выбар працэдур большы, чым нават у добра вядомых санаторыях”.

Генадзь Гарбук.

Лясныя азёры” – візітоўка Ушацкага раёна. Месца, якое помніцца на ўсё жыццё, нават калі пабываў тут аднойчы. Прадпрыемства, якое вось ужо два гады запар заносіцца на раённую Дошку гонару, паколькі менавіта дзякуючы яго дзейнасці раён выконвае паказчык па экспарце паслуг. Беларускі санаторый, які з кожным годам ведае ўсё больш расіян і іншых замежных грамадзян. Напрыклад, зараз яго толькі што пакінула жыхарка Лондана, адпачывалі жыхары Прыбалтыкі, Украіны, Германіі…

«Цэнім пастаянных кліентаў»

60 працэнтаў усіх пуцёвак распаўсюджваюцца праз турыстычныя фірмы. Пакідаецца квота для членаў прафсаюзаў, якія набываюць пуцёўкі праз цэнтры аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння на сваіх прадпрыемствах, і ветэранаў працы. Гэтыя льготныя пуцёўкі распаўсюджваюцца праз “Белкурортздраўніцу”, да сістэмы якой належыць санаторый. Дзесяць працэнтаў паступае ў свабодны продаж: кожны год з 1 лютага па 30 красавіка дзейнічае акцыя для членаў прафсаюзаў Беларусі, якія могуць выкупіць пуцёўку на лета з 25-працэнтнай скідкай.

Здраўніца мае некалькі сайтаў, праз якія «раскручвае» свае паслугі, старонкі ў сацыяльных сетках, праводзяць розныя акцыі, каб поўнасцю запоўненымі нумары былі не толькі летам, але і ў міжсезонне. Напрыклад, зараз усе, хто аплаціць кошт пуцёўкі на чацвёрты квартал да 31 жніўня, маюць 10-працэнтную скідку. І, канечне, за гады існавання здраўніцы, якая была адноўлена практычна адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, з’явіліся пастаянныя наведвальнікі, якія прыязджаюць сюды не год, не два, і не тры. Яны заказваюць пуцёўкі самастойна і да іх, па словах начальніка аддзела маркетынгу санаторыя Алесі Уладзіміраўны Андросавай, асаблівыя адносіны.

Наогул жа набыць пуцёўку даволі проста любому, хто карыстаецца інтэрнэтам. Заходзіш на сайт, на якім змешчаны ўсе здраўніцы краіны, выбіраеш, якую пажадаеш, глядзіш колькасць свабодных нумароў на падыходзячы для вас час і браніруеш. Спецыялісты нашага санаторыя  абавязкова звязваюцца з патэнцыяльнымі кліентамі, удакладняюць заяўку і высылаюць дагавор. Аплачваецца пуцёўка па месцы пражывання, а пацвярджаецца копіяй квітка.

Попыт — на катэджы

Сёлета самымі запатрабаванымі на летні час аказаліся нумары ў катэджах, нягледзячы на тое, што кошт пражывання ў іх даражэйшы за двухмесныя нумары. Давялося нават адмаўляць кліентам і прапаноўваць люксы, двухпавярховыя і двухмесныя нумары. Хоць нумарны фонд санаторыя ўсяго 180 ложка-месцаў, у летні час ён пашыраецца да трохсот за кошт катэджаў і нумароў з дадатковым падсяленнем (адзін ложак магчыма дабаўляць як у катэджах, так і ў некаторых нумарах).

Замена старых летніх домікаў на такія вось прыгожыя з бярвення катэджы пачалася з прыходам на пасаду кіраўніка санаторыя Ігара Аляксеевіча Шыяна. Як і наогул мадэрнізацыя санаторыя, добраўпарадкаванне тэрыторыі, якую з кожным годам не пазнаць. Чаго варты пераходы паміж карпусамі! А на гэта пры выбары пуцёўкі звяртаюць увагу многія патэнцыяльныя кліенты. Працэс яшчэ не завершаны, хутка жылыя карпусы будуць злучаны пераходам і з лячэбным корпусам. Ну а ўжо зараз жыхары першага і другога карпусоў могуць, не апранаючыся, наведаць масажныя кабінеты, фітабар, цырульню. Гэтыя самыя запатрабаваныя кабінеты размясціліся менавіта ў пераходзе паміж карпусамі, які па сутнасці стаў не проста калідорам, а пашырыў лячэбнае памяшканне, дзе на месцы вызваленых пакояў створаны СПА-цэнтр, кабінеты з дадатковымі паслугамі.

А яны з кожным годам пашыраюцца. Водалячэбніца з рознымі відамі лячэбных ваннаў і душаў, гразевыя аплікацыі, святлолячэнне і магніталячэнне, розныя механічныя масажоры… Ну а іголкаўколванне і гірудатэрапію сустрэнеш не ў кожным санаторыі.

Не ў кожнай здраўніцы

Калі ў вас высокая рызыка інфаркту, інсульту, павышаны халестэрын і вы дрэнна пераносіце лекі – вам да ўрача-неўрапатолага Аляксандра Леанідавіча Крысёнка.  Менавіта ён, маніпулюючы іголкамі, адчувальна паправіць вашу нервовую сістэму. Наогул да яго як непасрэдна да лечачага ўрача наведваецца кожны дзясяты адпачываючы ў санаторыі. Ёсць і ўшачане, жыхары Беларусі, якія едуць менавіта ў нашу здраўніцу і чатыры гады запар, таму што адчулі палягчэнне пасля пройдзенага курса. Ёсць людзі, якіх менавіта іголкі пазбавілі ад тытунёвай залежнасці. На іголкаўколванне пажадана прайсці 6-10 працэдур, кошт адной 68 тысяч рублёў.

І далёка не ў кожным беларускім санаторыі ёсць гірудатэрапія. Старадаўні метад лячэння п’яўкамі стаў вельмі папулярным у апошняе дзесяцігоддзе і прымяняцца пры барацьбе з застойнымі з’явамі – варыкозе канечнасцяў і таза, гемароі, гіпертаніі, стэнакардыі, астэахандроза. Можна сказаць з пяшчотай адносіцца Аляксандр Леанідавіч да сваіх падапечных п’явак, якія служаць толькі адзін раз, а пажаданы курс – 8-10, пры кошце працэдуры для беларусаў 130 тысяч рублёў.  Канечне, як і пры кожным назначэнні трэба кансультацыя ўрача, паколькі існуюць і супрацьпаказанні, аднак не ад п’явак. Менавіта гірудатэрапія лічыцца самым бясшкодным метадам і прымяняецца нават для лячэння дзяцей з сямі гадоў.

Для душы і цела

Што «кульгала» ў санаторыі ў мінулыя гады – дык гэта адпачынак у вольны час. Сёння на месцы пустэчы – гульнявая пляцоўка для малых дзяцей, з якімі асабліва летам прыязджаюць сем’ямі. Валейбольная, раней як звычайная дваравая, атрымала падлогу са спецыяльнага матэрыялу. Дайшлі рукі ў гаспадароў і да рэканструкцыі крыніц, што пры спуску да пляжа, на якім з’явіўся пірс, павялічылася колькасць лежакоў, па-ранейшаму існуе пракат лодак і катамаранаў. Вялізны арсенал лыж, канькоў, можна пагуляць у більярд і настольныя гульні, а ва ўтульнай зале клуба штодня праходзяць вечары, тэматычныя праграмы і дыскатэкі. Адпачываючыя выязджаюць на канцэрты ў Сафійскі сабор  і па іншых славутых месцах Ушаччыны і краіны. З нагоды і без можна зрабіць прычоску, манікюр і педыкюр, на што ў адпачываючых заўсёды хапае часу. І нарэшце, тут хутка адчыніць дзверы басейн, які з’яўляецца адным з самых запатрабаваных месцаў у санаторыях.

***

менавіта я згодна з нашым земляком Генадзем Гарбукам, што  адпачываць у нашым санаторыі проста выдатна. Што яшчэ адзначыла для сябе, у параўнанні з вядомым «Бярэсцем», – у нас намнога ўтульней абсталяваны і лячэбныя кабінеты, і нумары, і тэрыторыя. Ды ўшачанам і не трэба рэкламаваць «Лясныя азёры». Пры неабходнасці лячэння яны просяць пуцёўку менавіта сюды, ну а калі не атрымліваецца трапіць па ёй – ездзяць проста на лячэнне. І яно таго варта. Не за морам, а лепш, чым на моры.

В.КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Санаторий «Лесные озёра» – визитка Ушачского района

  1. Почему не сфоткали пляж у источников? Стыдно, да?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *