Второй год подряд в Ушачах прошёл районный праздник мёда

Здравоохранение Личное подсобное хозяйство Мир увлечений Общество Официально Экономика и малый бизнес

У мінулую суботу сквер г.п.Ушачы неафіцыйна атрымаў назву Мядовы. У гэты дзень тут праходзіла самае салодкае і смачнае дзейства лета – свята мёду. Майскі і рознатрававы, пярга і праполіс, гэтыя прадукты сваім чароўным пахам прываблівалі ўшачан і гасцей райцэнтра на святочную пляцоўку. З самай раніцы ля «мядовых» гандлёвых кропак выстройваліся чэргі – і без пакупак ніхто не заставаўся.

Дарэчы, на Ушаччыне такое свята мёду праводзілася ўжо ў другі раз. І хаця колькасць удзельнікаў, якія прадставілі сваю прадукцыю на ім, засталася ранейшай, агульная атмасфера мерапрыемства атрымалася больш ажыўленай і святочнай.

Мог не трапіць сёлета на свята старасельскі пчаляр Васіль Конан. На шляху да райцэнтра ў яго зламалася машына – давялося «пазычыць» транспартны сродак у знаёмых. Між іншым, гэтая крыўдная акалічнасць не сапсавала мужчыну святочнага настрою – на кірмашы ён актыўна рэкламаваў сваю прадукцыю, запрашаючы гасцей паспрабаваць духмянага мядку.

– У яго якасці і выдатным смаку нават не сумнявайцеся, – з жартам і ўсур’ёз казаў Васіль Міхайлавіч. – Мой галоўны дэгустатар «патапыч», які перыядычна заходзіць на пасеку, памыляцца не можа!

Мядзведжыя візіты пчаляра не палохаюць. Некалькі старых вулляў ён наўмысна перанёс за агароджу – і лясны госць задаволены, і пасека ў захаванасці. Але ж ёсць у В.Конана іншыя клопаты. Напрыклад, сёлета ў сувязі са спякотным надвор’ем аслаблі пчолы – прыносіць здалёк нектар ім стала цяжка. Каб дапамагчы сваім паласатым працаўніцам, пчаляр падсявае ля дома грэчку і іншыя меданосныя расліны. Так ён забяспечвае сябе і сваіх знаёмых мёдам на ўвесь год. А сакрэтам маладосці і здароўя Васіль Міхайлавіч лічыць спажыванне адной лыжкі мёду кожны дзень.

У чарговы раз прадставіла на кірмашы сям’я Марковічаў шырокі асартымент салодкай прадукцыі з Арцюшак. Пакупнікі мелі магчымасць не толькі купіць мёду, пяргі, забрусу, праполісу, воску, але і атрымаць цікавую інфармацыю пра ўласцівасці гэтых ласункаў ад пчаляра Анатоля Цярэнцьевіча, а таксама парады па іх правільным ужыванні ад Галіны Мікалаеўны. Гэта як раз той выпадак, калі можна казаць пра ўдалы падзел абавязкаў у сямейнай справе: муж запраўляе вытворчым працэсам, жонка – пытаннямі рэалізацыі.

– Пчалярства – няпростая справа, – хаваючы пацёртыя ад «пасечных» работ рукі, адзначае А.Марковіч. – Тут самае галоўнае – цярпенне і працалюбства. Калі-небудзь думаю, навошта мне ўсё гэта? Можа, узяць ды кінуць – сесці лепш ля возера з вудачкай і радавацца жыццю? Але ж тым самым падманваю сам сябе, бо пчалярства – і ёсць сэнс і радасць майго жыцця.

Дарэчы, гэтай справай на прафесійным узроўні мужчына займаецца ўжо 20 гадоў. За гэты час напрацавана свая «кліентура», прычым не толькі сярод ушачан. Любяць мядок ад Марковічаў мінчане, якія перыядычна бываюць у нашым раёне і кожны раз набываюць сабе слоік-другі. Ведаюць выдатны смак гэтай прадукцыі і за мяжой – пераважна ў Расіі, жыхары якой прыязджаюць да нас на адпачынак.

Удзел у сёлетнім свяце мёду для наступных нашых герояў – Міхаіла і Людмілы Мацюшэнкаў з Цялічына – у нейкім сэнсе дэбют. Пчалярствам галава сям’і займаецца ўсяго тры гады (на яго пасецы зараз 15 пчаліных сямей), а смак атрыманай прадукцыі дагэтуль маглі ацаніць толькі блізкія і сябры. Каб падтрымаць «дэбютантаў», на свята прыйшла іх унучка, галоўны аматар мёду ў сям’і.

– Марына без перабольшвання гатова есці яго лыжкамі, – расказвае пра свайго маленькага ласуна жанчына. – Напэўна, таму і адношуся да пчалярства спакойна, хаця суседства з пчоламі для мяне не вельмі камфортнае: укусы насякомых выклікаюць алергічную рэакцыю. Сама ж ужываю мёд дазіравана: адна чайная лыжка на стакан вады нашча – лепшых лекаў не прыдумаеш!

У цудадзейных уласцівасцях салодкага прадукту ўпэўнены і Віктар Арцёмавіч Паршанка. На свята ветэран Вялікай Айчыннай прыйшоў не толькі за новымі ўражаннямі, але і за слоічкам рознатрававага мёду, які набыў у Івана і Алесі Хамёнкаў з гарпасёлка. Варта адзначыць, што пчалярства ў гэтай сям’і – справа агульная: свае абавязкі маюць і дзеці.

А вось неаднаразовы герой нашых публікацый, пчаляр з 40-гадовым стажам Уладзімір Міхайлавіч Касцюковіч прывык рабіць усё адзін – ён сам сабе і вытворца, і маркетолаг, і рэалізатар. Між іншым, на прадукцыйнасць працы, па словах мужчыны, такая занятасць не ўплывае, а выручка, атрыманая падчас раённага свята мёду, стала для мужчыны рэкордна вялікай.

Ёсць свая пчалапасека і ва Ушацкім лясгасе, якая забяспечвае мёдам не толькі сваіх работнікаў, але і насельніцтва. Вось і падчас мерапрыемства работнікі лясной гаспадаркі раёна прапаноўвалі пакупнікам гэтую салодкую прадукцыю, попытам карысталіся таксама дэкаратыўныя іглічныя расліны – туя, ядловец, спірэя.

Мёд, разнастайныя кандытарскія вырабы і чаі прапаноўвала ўшачанам райспажыўтаварыства. Ну а паспытаць прысмакі можна было ў фіта-бары пад адкрытым небам.

Унікальны склад мёду робіць яго не толькі смачным ласункам, але і выдатным касметычным сродкам. Пра гэта расказвалі жанчынам кансультанты вядомай касметычнай фірмы «Арыфлэйм», якія прымалі ўдзел у свяце, знаёмілі жадаючых з новымі распрацоўкамі, у склад якіх уваходзіць мёд. Сваю тэматычную выставу, прысвечаную гэтаму прадукту, падрыхтавалі і работнікі раённай бібліятэкі: тут можна было даведацца пра гаючыя ўласцівасці мёду, знайсці «мядовыя» рэцэпты.

– Штогадовае правядзенне раённага мядовага свята – добрая задума арганізатараў, – выказала сваё меркаванне ўшачанка Святлана Курган. – Асабіста я сёння не збіралася выходзіць «у свет», аднак калі даведалася пра гэтае мерапрыемства, тэрмінова змяніла планы. Вельмі прыемна паслухаць добрую музыку, сустрэцца з сябрамі, ды і мядку купіць.

Яркасць мерапрыемству надавала насычаная забаўляльная праграма з песнямі, танцамі, віктарынамі і латарэямі. Ну а ў маленькіх ушачан было сваё свята: для іх працавала дзіцячая пляцоўка з рознымі атракцыёнамі, гульнямі, конкурсамі і прызамі. Карацей кажучы, усім было цікава, весела і… смачна.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *