Творчество молодого заведующего автоклубом Артёма Бирюкова нравится не только жителям сельской «глубинки»

Образование и молодежь Экономика и малый бизнес

Сёлета на Дзень Незалежнасці краіны на адкрытай канцэртнай пляцоўцы г.п.Ушачы быў аншлаг: выступленні зоркі беларускай эстрады Іны Афанасьевай і ўшачаніна Арцёма Бірукова сабралі вялікую колькасць аматараў музыкі. Не хачу пакрыўдзіць спявачку, але ж атмасфера на канцэрце нашага земляка была больш цёплай і разняволенай — дарослыя і дзеці танцавалі, падпявалі маладому выканаўцу і, не шкадуючы далоняў, падтрымлівалі яго апладысментамі. Інакш і быць не магло: удала падабраны рэпертуар, станоўчая энергетыка, якой дзеліцца Арцём са слухачамі, зрабілі сваю справу.

Між іншым, пра тое, што некалі стане культработнікам, Арцём Бірукоў ніколі не думаў. Ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў яго здольнасці заўважылі не адразу. Прычым, у прамым сэнсе гэтых слоў: маленькага, хударлявага хлопчыка, які ўпершыню прыйшоў у культустанову, з-за баяна амаль не было бачна — яго навучанне было адкладзена на два гады.

Падчас вучобы ў восьмым класе на адной са школьных дыскатэк Арцём упершыню сеў за дзіджэйскі пульт. Праз некаторы час, калі ў раённы цэнтр дзяцей і моладзі паступіла новае музычнае абсталяванне, хлопца запрасілі і туды — таксама ў якасці дзіджэя. Паспрабаваць жа сябе ў ролі выканаўцы Арцёму давялося, калі ва ўстанове дадатковай адукацыі адкрыўся вакальны гурток, у які хлопец запісаўся дзеля цікавасці.

— Добра памятаю сваё першае публічнае выступленне, — расказвае А.Бірукоў. — На Дзень моладзі мне трэба было спяваць у раённым Доме культуры. Канечне ж, хваляваўся, хаваў дрыжачыя рукі. Перш чым выйсці на сцэну, перахрысціўся — з таго часу гэта стала маёй патрэбай.

Доўгі час Арцём супрацоўнічаў з РДК, дапамагаў праводзіць дыскатэкі. А калі прыйшоў час вызначыцца з будучай прафесіяй, сябар Аляксей Клімаў, які працаваў ва ўстанове, параіў выбраць «культуру». Так у 2010 годзе Арцём Бірукоў працаўладкаваўся ў раённы Дом культуры загадчыкам дзіцячага аддзела і паступіў на завочнае аддзяленне Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў, здаўшы ўсе ўступныя экзамены на дзясяткі.

Энергічны, абаяльны хлопец хутка палюбіўся ўшацкаму гледачу. Быў вядучым шматлікіх мерапрыемстваў, арганізоўваў дзейнасць гурткоў, удала спраўляўся з самымі рознымі тэатральнымі ролямі — мудрага Дзеда Мароза, небаракі-Ямелі, рамантычнага прынца. Зрабіць жа ўпор на песенную кар’еру Арцёму параіла яго калега Вольга Гірсёнак. І не прагадала — гэтая справа захапіла маладога чалавека, адкрыла для яго новыя гарызонты. Пэўны час А.Бірукоў выступаў у кафэ «Еўропа», дзе сваім чароўным голасам кранаў струны душы наведвальнікаў, асабліва жаночай паловы. Спяваў на канцэртных пляцоўках Полацка, Віцебска, збіраў поўныя залы падчас сольных канцэртаў на Ушаччыне. Дарэчы, у культурным жыцці нашага раёна не было выпадку, каб адзін спявак, прычым мясцовы, за паўгода на ўра правёў ажно дванаццаць «сольнікаў» (менавіта столькі сёлета іх было ў Арцёма).

З сакавіка бягучага года А.Бірукоў працуе загадчыкам аўтаклуба — займаецца арганізацыяй культурна-масавых мерапрыемстваў ва ўсіх куточках Ушаччыны. Зараз, у сярэдзіне восені, спраў у маладога чалавека як ніколі многа. Акрамя традыцыйных святаў і гулянняў трэба паклапаціцца яшчэ пра падрыхтоўку да 90-годдзя раёна, у рамках гэтага мерапрыемства наведаць і павіншаваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. З радасцю адгукаецца Арцём і на просьбы знаёмых дапамагчы ў арганізацыі знакавых падзей.

Не забывае А.Бірукоў пра самаадукацыю. З дыпломам з адзнакай скончыў каледж культуры і мастацтваў, а нядаўна арганізаваў у сябе дома міні-студыю: набыў сінтэзатар, устанавіў сучасную музычную апаратуру і, як прызнаецца, пачаў запісваць песні. Дарэчы, тэксты і музыка для іх — уласнага сачынення.

— Выступаць з «рэстаранаўскім» рэпертуарам са сцэны культустановы, як мне здаецца, не зусім правільна, — разважае Арцём. — Слухачам трэба прапаноўваць больш сур’ёзны, глыбокі па сэнсе матэрыял. Менавіта такія кампазіцыі імкнуся зараз выконваць. У хуткім часе планую пазнаёміць ушачан і са сваімі «спробамі пяра».

Няма сумненняў, што творчасць А.Бірукова прыйдзецца да спадобы не толькі наведвальнікам яго сольных канцэртаў, але і жыхарам «глыбінкі», для якіх працуе загадчык аўтаклуба. Неабходны для гэтага творчы патэнцыял у героя нашага аповеду ёсць.

К КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *